Ігнат Сымонавіч Анацэвіч
| Ігнат Сымонавіч Анацэвіч | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 15 жніўня 1780 ці 25 жніўня 1780 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 18 лютага 1845 (64 гады) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Род дзейнасці | гісторык, педагог |
| Месца працы | |
| Навуковая ступень | прафесар |
| Альма-матар | |
Ігнат Анацэвіч (польск.: Onacewicz; 25 жніўня 1780, в. Малая Бераставіца на Гродзеншчыне, цяпер Бераставіцкі раён — 18 лютага 1845, Санкт-Пецярбург; Псеўданімы: Жэгота) — гісторык і педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэта (1818), калежскі асэсар (1827).
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў з сям’і Сымона Анацэвіча, уніяцкага святара, настаяцеля Малабераставіцкай царквы. Звестак аб маці няма. Браты — Міхаіл, Антон.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Ваўкавыскае вучылішча (1789—1796). Пасля далучэння паўночнага Падляшша да Прусіі вучыўся ў Гродзенскай акруговай школе (1796—1797)[1], у настаўніцкай семінарыі ў Элку[2] (1801—1802). Атрымаў узнагароду міністра адукацыі і прускую каралеўскую стыпендыю на двухгадовае навучанне ў Кёнігсбергскім універсітэце. Вучыўся там з 1802 года[3], быў высока ацэнены прафесурай, атрымаў падоўжанне каралеўскай стыпендыі яшчэ на два гады, і скончыў універсітэт у 1806 годзе. Выкладаў польскую мову, пачаткі рускай мовы, займаў пасаду афіцыйнага перакладчыка прускага караля; працаваў у Кенігсбергу да 1809 года.
У 1810—1811 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, атрымаў званне магістра філасофіі. Выкладаў на публічных курсах для дзяржаўных служачых усеагульную гісторыю, права і палітэканомію. З 1813 — настаўнік Беластоцкай гімназіі, з 1817 — памочнік дырэктара. З восені 1818 — намеснік прафесара ў Віленскім універсітэце. У 1818—1821 гадах чытаў курс усеагульнай гісторыі (да вяртання ў Вільню Лялевеля), з 1821 — расійскай статыстыкі і дыпламатыі. Абраны экстраардынарным прафесарам (28 чэрвеня 1827).
Пасля выкрыцця восенню 1827 года арганізацыі «Патрыёты Айчыны» быў палічаны тым, хто сваім уплывам падштурхнуў моладзь да дысідэнцтва. Арыштаваны ў лютым 1828 года, у маі 1828 года высланы з Вільні ў Малую Бераставіцу. Пераехаў у 1834 годзе ў Пецярбург. Працэс Анацэвіча цягнуўся да 21 лютага 1836 года, калі Сенат вызваліў яго ад суда і следства. У 1832 выступіў з праектам стварэння замест зачыненага Віленскага ўніверсітэту Вышэйшай школы адміністрацыі і права, які быў адхілены царскай уладай.
З 1834 года працаваў у Археаграфічнай камісіі з акладам 1500 рублёў асігнацыямі (400 рублёў срэбрам) у год.[4]
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным прадметам навуковых даследаванняў Анацэвіча, яшчэ з часу навучання ў Кенігсбергу (1800-я), была гісторыя Літвы, якою ён называў ВКЛ наогул[5].
Спрабаваў стварыць агульную гісторыю ВКЛ. Распрацаваў і чытаў у Віленскім універсітэце першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў[6]. Прымаў іспыт па прадмеце ў Адама Міцкевіча[7]. Стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца XVI ст. Некаторыя элементы гэтай канцэпцыі ляжаць у аснове пазнейшых беларускай і літоўскай гістарыяграфій.
Распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да 1569, выдзеліўшы наступныя іх групы: міжнародныя трактаты, Метрыка ВКЛ і Кароны, судовыя акты і акты капітул, «Хроніка…» Мацея Стрыйкоўскага, «Гісторыя Літвы» Войцеха Каяловіча, трактат Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў», Галіцка-Валынскі летапіс, тайны архіў Тэўтонскага ордэна. Важнымі лічыў таксама «нямыя помнікі», да якіх адносіў руіны замкаў, пахаванні, рэшткі адзення і зброі, урочышчы (напрыклад, гара Міндоўга пад Навагрудкам), народныя песні. Даў характарыстыку гэтым групам крыніц. Увёў у навуковае абарачэнне вялікую колькасць фактычнага матэрыялу, які стаў хрэстаматыйным.
Склаў перыядызацыю гісторыі Літвы ад першай згадкі гэтай назвы (1009) да 1569 года, падзяліў яе на 5 перыядаў:
- 1009—1183: «міфічная гісторыя», якая пачынаецца ад першай летапіснай згадкі Літвы.
- 1183—1240: «няпэўная гісторыя»: ад нападаў Літвы на «рускія краіны» — Пскоў і Ноўгарад, да панавання Міндоўга.
- 1240—1386: «больш пэўная гісторыя»: спачатку «вялікія клопаты ад крыжакоў», пазней, ад панавання Гедзіміна, нарастанне моцы Літвы. Эпоха доўжыцца да ўвядзення Ягайлам хрысціянства.
- 1386—1447: «вяршыня магутнасці» Літвы пасля пераадолення ёю раздробленасці.
- 1447—1569: «пераход пад уладу Польшчы» і канец, пасля Люблінскага сейма, «асобнай гісторыі Літвы»; «уліццё» гісторыі Літвы ў гісторыю Польшчы.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Навуковая дзейнасць Анацэвіча адметная тым, што лягла ў аснову нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі[8]. Паводле Алега Латышонка, Ігнат Анацэвіч — адзін з тых «гістарычна адукаваных спакойных [уніяцкіх] паповічаў», якія, уласна, і стварылі беларускую нацыянальную ідэю на сумежжы XVIII і XIX стст.[9]
З такой фармулёўкай, аднак, згодныя не ўсе гісторыкі. Само групіраванне «ўніяцкіх паповічаў» Падляшша, у асабістай гісторыі якіх было шмат агульнага, у прыватнасці, выкарыстанне імі шанцу на лепшую адукацыю, які дала пруская ўлада ў 1795—1807 гадах, грашыць залішнім схематызмам. І Латышонак, і Ігар Марзалюк схільныя выстаўляць усю гэтую групоўку (да якой таксама залічаюць Даніловіча, Ярашэвіча і іншых) ідэйна адзінай, а яе найбольш яскравым прадстаўніком лічаць Міхала Баброўскага, які пасля 1825 года эвалюцыянаваў у бок падтрымкі царызма, у тым ліку ў справе скасавання царкоўнай уніі. Але Анацэвіч, як і іншыя, апроч Баброўскага, прадстаўнікі ўмоўнай «групоўкі» (А. Латышонак называе яе «Радзінай») да канца заставаліся прыхільнікамі цывілізацыі Рэчы Паспалітай, блізкімі да «літвінскай» культурнай лініі. Анацэвіч быў у прыязных стасунках з першым літоўскамоўным гісторыкам Шымонам Даўкантасам. Лялевель ахарактарызаваў яго так: «Анацэвіч прыехаў ва ўніверсітэт, падрыхтаваны ў нямецкай школе да тонкага тлумачэння гістарычных крыніц, і ніхто ў той час не мог зраўняцца з ім у веданні літоўскай гісторыі» [10].
У лісце да Адама Міцкевіча ў 1842 годзе Анацэвіч так характарызаваў Расійскую імперыю:
Дагэтуль няма годнай працы, якая б выкрывала сакрэтны стан Расіі, маніпуляцыі ўрадам, адміністрацыяй, судовай сістэмай і маральны стан гэтай краіны. Справаздачы міністраў — гэта відавочная хлусня і падман; у іх няма ні кроплі праўды. Варварства і рабаванне — галоўныя прынцыпы ўраду і нацыі. Дэспат грэбуе дабрачыннасцю і святлом, бо гэта падрывае самадзяржаўе, якому патрэбныя не дабрачыннасць і святло, а рэкруты, падаткі і паслухмянасць.[11]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Памылковыя паведамленні пра навучанне Анацэвіча ў Гродзенскім павятовым вучылішчы тлумачацца тым, што яно было адчынена (29.9.1797) на базе школы, зачыненай раней у тым годзе. Габрусевіч.
- ↑ Тады — на прускай Беласточчыне.
- ↑ Паводле сучасных звестак, жыў у Кёнігсбергу з ліпеня 1802, хоць у літаратуры звычайна называюць 1803. Габрусевіч.
- ↑ Габрусевіч.
- ↑ Так, у раздзеле «Межы края» працы «Погляд на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага» казаў: «Сёння да ліку літоўскіх губерняў адносяцца толькі Віленская і Гродзенская. Літва ж гістарычная мела межы ад Дзвіны, Дона, Волгі і Днястра аж да Балтыйскага мора». Onacewicz. Rzut oka… T.1, Wilno, 1849. Працыт. у Габрусевіча.
- ↑ Як яго сябар Я. Лялевель, так і кіраўніцтва ўніверсітэта ставіліся да гэтых лекцый насцярожана; кіраўніцтва чыніла Анацэвічу перашкоды ў правядзенні такіх лекцый.
- ↑ Maria Dernałowicz, Ksenia Kostenicz, Zofia Makowiecka. Kronika życia i twórczości Mickiewicza. Lata 1798—1824.
- ↑ На думку М. Біча, А. Латышонка, С. Габрусевіча.
- ↑ Працыт. у С. Габрусевіча.
- ↑ Algirdas Šidlauskas. Istorija Vilniaus universitete XIX a. pirmojoje pusėje. Vilnius: Mokslas, 1986.
- ↑ Sławomir Godek. Józefa Jaroszewicza koncepcja utworzenia wyższej szkoły prawa i administracji w Wilnie z 1832 roku // Zeszyty Prawnicze 174, 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Габрусевіч С. А. Прафесар Ігнат Анацэвіч — пачынальнік айчыннай гістарыяграфіі // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў : зборнік навук. артыкулаў. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 422 с. ISBN 985-417-834-Х.
- Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына / С. А. Габрусевіч, С. В. Марозава. — Гродна: ГрДУ, 2005. — 216 с. ISBN 985—417
- Караў Д. У. Анацэвіч Ігнат Сымонавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 35. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Нарадзіліся 15 жніўня
- Нарадзіліся ў 1780 годзе
- Нарадзіліся 25 жніўня
- Нарадзіліся ў Троцкім ваяводстве
- Памерлі 18 лютага
- Памерлі ў 1845 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Бераставіцкім раёне
- Гісторыкі Беларусі
- Гісторыкі Літвы