Ігнат Сымонавіч Легатовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ігнат Сымонавіч Легатовіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 30 ліпеня (10 жніўня) 1796
Месца нараджэння
Дата смерці 28 верасня (10 кастрычніка) 1867 (71 год)
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава 3 ступені

Ігнат Сымонавіч Легатовіч (30 ліпеня (10 жніўня) 1796, маёнт. Малая Капліца, Гродзенскі павет — 28 верасня (10 кастрычніка) 1867) — беларускі і польскі паэт, педагог.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і. Рана страціў бацьку, і яго выхаваннем займаўся айчым Якуб Вішнеўскі. Скончыў дамініканскую школу ў Гродне, якая ўтрымлівалася на ўзроўні гімназіі. Затым паступіў у Віленскі ўніверсітэт на аддзяленне літаратуры і мастацтва, дзе ў 1817 атрымаў ступень магістра ў галіне філасофіі. Працаваў выкладчыкам лацінскай мовы ў Мінскай гімназіі (1817—1839), школьным інспектарам павятовых вучылішчаў у Лепелі, Полацку, і Вількаміры. У 1846, страціўшы зрок, пераехаў у Мінск, дзе заняўся рэпетытарствам і літаратурнаю творчасцю. Жыў бедна, бо не хапала пенсіі. Часта наведваў дом Марцінкевічаў, сябраваў з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Вядомы як бібліёграф, выдавец гісторыка-літаратурных помнікаў, перакладчык, збіральнік афарызмаў. Меў багаты кнігазбор з унікальнымі выданнямі.

Быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-га класа.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар навуковай працы «Даследаванне пра лісты» (1817), кніг на польскай мове «Эпіграмы» (Вільня, 1848), дыдактычных двухрадковых максімаў «Алафтэгмы» (Вільня, 1854), павучальных кніг для дзяцей і юнацтва.

Эпіграмы I. Легатовіча звычайна манастрафічныя — ад двухрадковых мініяцюр да дванаццацірадковых вершаў з прыкметамі апавядальнасці. Тэматыка іх разнастайная, але традыцыйная для часоў Асветніцтва. Вершы і эпіграмы І. Легатовіча карысталіся вялікаю папулярнасцю ў тагачасным грамадстве. Паэт высмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны і ўчынкі канкрэтных асоб. Эпіграмы І. Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п'яніцаў, злосных жонак і графаманаў. Асаблівы рахунак І. Легатовіч выстаўляў дактарам, лячэнне якіх не толькі спустошала кішэню хворага, але і скарачала век, магчыма тут выявіўся горкі жыццёвы вопыт паэта, бо страціўшы зрок, ён доўга і безвынікова спрабаваў вярнуць яго з дапамогаю медыцыны[1].

Ёсць у Легатовіча эпіграмы, якія па форме і стылёвай арганізацыі тэксту ўпісваюцца ў свой жанр, аднак вылучаюцца інтанацыйнай цеплынёй, што зыходзіць ад зычліва-іранічнай вобразнасці. Напрыклад, словы пра тое, што зямны рай знаходзіўся не дзесьці між Тыграм і Еўфратам, а ля Нёмана («Дзе быў рай») успрымаюцца як прызнанне паэта ў любові да радзімы. Эпіграматычная ўмоўнасць дазволіла паэту быць крыху іранічным у дачыненні да гэтага супастаўлення, а таму вызваленым ад прэтэнцыёзнасці.

Легатовічавы мініяцюры, у якіх высмейваліся чалавечыя заганы, закраналі вострасацыяльныя пытанні свайго часу. Саркастычнае раскрыццё непрывабных паводзін і ўчынкаў як праявы чалавечай натуры ўвогуле перамяжалася з высмейваннем канкрэтных асоб. Самым вядомым творам І. Легатовіча была эпіграма на смерць жорсткага прыгонніка маршалка Мінскае губерні Леана Оштарпа, у якой сцісла і з'едліва паведамлялася, што пасля яго смерці «паны пакінуць піць — тады, сяляне, ежце».

Сацыяльны аспект з'яўляецца асноўным і ў эпіграме «Адказ хлопа». Пэўна, антыпрыгонніцкі пафас дадзеных твораў І. Легатовіча стаў тою акалічнасцю, якая звязала асобу паэта з ананімна надрукаваным у альманаху Адама Пянькевіча «Bojan» («Баян», 1838) беларускамоўным вершам «Скажы, Вяльможны Пане…» (напраўдзе ж, выдавец «Bojana» А. Пянькевіч у 1830-я гады яшчэ не меў сувязі з І. Легатовічам), за надрукаванне якога віленскі альманах быў забаронены цэнзурай. У гэтым творы паэт наблізіў сваю гаворку да людзей, сацыяльна прыніжаных. У сціслым беларуска-польскім дыялогу прыгоннага селяніна і пана больш гаваркі селянін, які не хоча мірыцца з сваім бяспраўным становішчам і, прадбачачы немінучае пакаранне прыгнятальніка на «страшным судзе», па-хрысціянску спачувае яму. Польскамоўны выраз «Цо тобе, хлопе, до тэго?», паўтораны вуснамі селяніна ў канцы дыялога надае вершаванай мініяцюры іранічны сэнс.

Зноскі

  1. Мархель У. На кампактнай мастацкай плошчы // Мархель У. Прысутнасць былога. С. 71.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кісялёў Г. Легатовіч // БЭ ў 18 т. Т. 9. — Мн., 1999.
  • Янушкевіч Я. Услед за Міцкевічам і Пушкіным — Дунін-Марцінкевіч: Канцэпцыя аднаго супольнага юбілею аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры // Беларусіка — Albaruthenica кн. 20, 2001. С. 178—181;
  • Хаўстовіч М. Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст. (Ян Чачот, Ігнат Легатовіч, Тадэвуш Лада-Заблоцкі) // Лекцыі па гісторыі беларускае літаратуры. БДУ, 2005.
  • Мархель У. Прадвесне адраджэння // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.