Перайсці да зместу

Ігнацы Сцыпіён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігнацы Сцыпіён
падстолі вялікі літоўскі
9 снежня 1765 — 1786
Папярэднік Ігнацы Пац[d]
Пераемнік Алойзы Сулістроўскі
староста лідскі
1743 — 1787
Папярэднік Юзаф Сцыпіён
Пераемнік Юзаф Сцыпіён

Нараджэнне 1728
Смерць 1791[1][2]
Род Сцыпіёны дэль Кампа
Бацька Юзаф Сцыпіён
Маці Вераніка з Фірлеяў[d]
Жонка Марыяна з Вадзіцкіх[d]
Дзеці Юзаф Сцыпіён і Вераніка са Сцыпіёнаў[d]
Грамадзянства

Ігнацы Пётр Сцыпіён дэ Кампа (1728 — 1791) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, староста лідскі.

З роду Сцыпіёнаў, сын Юзафа Сцыпіёна, адзіны нашчадак вялікай спадчыны. Нягледзячы на маладосць, дзякуючы прывілею дадавання гадоў, Ігнацый ужо ў 1743 г. стаў лідскім старастам. Але яго настаўнік Мацей Догель, парушыўшы загад апекуна Яна Тарла, ваяводы сандамірскага, вывез Ігнацыя да 1746 г. на вучобу за мяжу. Юны Сцыпіён вывучаў філасофію, права і дакладныя навукі ў Лейпцыгу, наведаў Парыж і Рым.

У 1748 г. Ігнацы Сцыпіён быў першы раз абраны дэпутатам на сойм ад Лідскага павета. На працягу жыцця ён неаднаразова абіраўся лідскім дэпутатам, хаця ў 1745 г. прадстаўляў «Галіцкую зямлю». Вясной 1759 г. ён атрымаў званне генерал-маёра літоўскага войска.

У 1764 г. аддаў свой голас ад Лідскага павета за Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 9 снежня 1765 г. Ігнацы Сцыпіён быў прызначаны падстоліем літоўскім. У лістападзе 1786 г. адмовіўся ад гэтай пасады, прадаўшы яе. Ігнацы Сцыпіён прымаў удзел у масонскім руху, быў братам ложы «Вялікага французскага Усходу», а ў 1766 г. уступіў у шатландскую ложу Э. Брухля.

Маёмасныя справы Ігнацыя Сцыпіёна, мабыць, былі найлепшымі за ўсю гісторыю роду. Пасля смерці бабкі Тарэзы з Глябіцкіх-Юзафовічаў (пасля 1746) ён, акрамя спадчыны Сцыпіёнаў і Фірлеяў, атрымаў і маёнтак Глябіцкіх-Юзафовічаў Шчучын. Гэта дазволіла Ігнацыю Сцыпіёну стварыць у заходняй частцы Лідскага павета сапраўдную латыфундыю — «добры шчучынскія» (у пачатку ХІХ ст. — 2172 прыгонныя). Другім вялікім уладаннем былі «добры Серакомля» ў Лукаўскім павеце. У Шчучыне Ігнацы Сцыпіён падтрымліваў дзейнасць калегіюма піяраў і канвента сясцёр міласэрнасці. У 1773 г. тут з’явілася аптэка, а ў 1785—1792 гг. — батанічны сад. Намаганнямі Ігнацыя Сцыпіёна мястэчка Шчучын 23 траўня 1761 г. атрымала магдэбургскае права, што прадугледжвала гандаль па нядзелях і чацвяргах, 12 кірмашоў на год і выбары мясцовага самакіравання. Значныя ахвяраванні атрымалі і лідскія піяры. Вялікае будаўніцтва Ігнацы Сцыпіён разгарнуў у Серакомлі, дзе з’явіліся палац, сад і, магчыма, касцёл.

Як мецэнат ён фінансаваў выданне свайго настаўніка Мацея Догеля «Дыпламатычны кодэкс ВКЛ», а таксама даў грошы на абнаўленне піярскай друкарні ў Вільні і пакупку для яе манускрыптаў.

Ігнацы Сцыпіён ажаніўся ў 1755 г. з Марыянай Вадзіцкай, дачкой Пятра Вадзіцкага, кашталяна сандэцкага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Вераніка і 4 сыны: Павел, Юзаф, Караль і Вінцэнт. Усе дзеці атрымалі адукацыю ў Шчучынскім калегіуме піяраў, дзе іх настаўнікам быў Станіслаў Баніфацый Юндзіл.

Кавалер найвышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай: ордэна Святога Станіслава (1776) і ордэна Белага Арла (1781).