Перайсці да зместу

Ідэалогія беларускай дзяржавы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Ідэалогія беларускай дзяржавы» — афіцыйная назва сукупнасці сцвярджэнняў пра прычыны, паходжанне, дасягненні і мэты рэжыму Лукашэнкі, якую спрабуюць стварыць і ўкараніць для апраўдання існавання рэжыму і ўтрымання ім кантролю над Беларуссю.

Паводле расійскага палітолага Мікалая Барысава, Беларусь — адзіная постсавецкая дзяржава, дзе на афіцыйным узроўні ўведзена дзяржаўная ідэалогія, прычым не ў выглядзе набору знакаў і абстрактных тэзісаў, а сістэмна аформленая з укараненнем у адукацыйны працэс як абавязковая дысцыпліна[1].

Гісторыя стварэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Палітолаг Мікалай Барысаў сярод фактараў фарміравання беларускай дзяржаўнасці і ідэалогіі вылучыў: адсутнасць у дасавецкі перыяд нацыянальнай дзяржаўнасці; маргіналізацыю ў гады савецкай улады нацыянальнай мовы і культуры ў ходзе русіфікацыі; стварэнне высокаразвітай індустрыяльнай і вельмі мілітарызаванай эканомікі і дасягненне звязанага з ёй высокага ўзроўню адукацыі і прапаганды[1].

У 1991—1994 гадах адбываецца фактычная дэідэалагізацыя беларускага грамадства, выкліканая крахам ранейшай савецкай сістэмы. Нягледзячы на актыўную дзейнасць прыхільнікаў лібералізму, нацыяналізму, сацыял-дэмакратыі і іншых, ні адна з плыняў не дамаглася пануючага становішча. У 1994—2001 гадах, як адзначала Аляксандра Стром, фарміруюцца асновы новай мадэлі развіцця і сістэмы кіравання, складваецца мадэль палітычнай сістэмы з моцнай дзяржаўнай уладай, ключавой асаблівасцю якой стала высокая персанальная роля Аляксандра Лукашэнкі[2].

У сакавіку 2003 года Лукашэнка паставіў задачу стварэння ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ён выступіў за пераемнасць палітычнага курсу краіны незалежна ад змены прэзідэнта. Следствам гэтай заявы стала ўключэнне курсу «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» як абавязковай дысцыпліны ў праграму навучання студэнтаў ВНУ ўсіх спецыяльнасцяў[3]. Галоўнымі яго задачамі названы: «палітычная сацыялізацыя, фарміраванне пэўнай палітычнай культуры і падрыхтоўка маладых грамадзян да паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці краіны». Новая дысцыпліна аб’яднала сацыяльна-палітычную і сацыяльна-эканамічную гісторыю, тэарэтычныя канцэпцыі ў сферы паліталогіі, сацыялогіі і эканомікі і аналіз сучаснага становішча Беларусі. Усе гэтыя элементы былі прывязаныя да гісторыі і апоры на ідэю пераемнасці ў развіцці[4].

Неўзабаве ўтворана галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне Адміністрацыі Прэзідэнта, на абласным узроўні і ў Мінску — упраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкамаў і гарвыканкама, на гарадскім і раённым узроўнях — аддзелы ідэалагічнай работы гарвыканкамаў і райвыканкамаў. Персанальную адказнасць за стан ідэалагічнай работы ў калектывах усклалі на кіраўнікоў дзяржаўных і іншых арганізацый, а яе непасрэдную арганізацыю — на аднаго з намеснікаў кіраўніка. Гэта прывяло да ўвядзення на прадпрыемствах і ва ўстановах пасад намеснікаў кіраўнікоў па ідэалогіі[1].

Агульны агляд

[правіць | правіць зыходнік]

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, зыходзячы з гісторыі беларускай дзяржаўнасці, вывеў наступныя ідэалагічныя прынцыпы[5]:

  • зацвярджэнне ў беларускім грамадстве сацыяльнай роўнасці і сацыяльнай справядлівасці;
  • рух грамадства да моцнай прававой дзяржавы;
  • персаніфікацыя вярхоўнай палітычнай улады;
  • фарміраванне прамога народаўладдзя і самакіравальнай структур грамадзянскай супольнасці;
  • неабходнасць і абавязковасць развіцця навукі і адукацыі як асновы прагрэсу грамадства і дзяржавы;
  • палітычная пераемнасць, негвалтоўнасць і эвалюцыйнасць, этапнасць і паступальнасць у сацыяльным жыцці.

Ён жа канстатаваў, што інстытут прэзідэнцтва ў Беларусі з’яўляецца «вядучым органам дзяржаўнай улады»[5].

Палітолаг Аляксандра Стром падкрэсліла, што ў ідэалогіі нацыянальнай ідэяй стала забеспячэнне ўсебаковага развіцця нацыі як сукупнасці ўсіх грамадзян, ператварэнне краіны ў моцную і квітнеючую дзяржаву шляхам уключэння, перш за ўсё, у інтэграцыйныя працэсы, а менавіта ў Саюзную Дзяржаву і Еўразійскі эканамічны саюз. Нацыянальная ідэя разглядаецца як «духоўны фактар, які аб’ядноўвае грамадства на аснове сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, накіраваных на павышэнне дабрабыту насельніцтва»[6].

Стратэгічнай мэтай развіцця Беларусі афіцыйная ідэалогія абвясціла грамадства постіндустрыяльнага тыпу, што прадугледжвае стратэгію постмадэрнізацыі з арыентацыяй на ператварэнне вытворчасці інфармацыі і ведаў у асноўную сферу чалавечай дзейнасці. Умовамі рэалізацыі такой стратэгіі названыя нацыянальная кансалідацыя, нацыянальная бяспека і захаванне знешнепалітычных інтарэсаў краіны[7].

На думку Барысава, ідэалогія беларускай дзяржавы накіраваная на фармаванне «мудрагелістага сплаву савецкай і нацыянальнай беларускай ідэнтычнасцяў з перавагай першага кампанента». Кіруючая эліта на чале з прэзідэнтам умела выкарыстала настальгію большасці грамадзян па савецкім мінулым і іх непрыманне палітычнага курсу пачатку 1990-х гадоў, накіраванага на радыкальны разрыў з гэтым мінулым на ўсіх узроўнях. Ідэалагічныя падставы легітымнасці палітычнага рэжыму Беларусі цесна пераплецены з персанальнай легітымнасцю. Суб’ектам фарміравання і ўкаранення новай ідэалогіі стаў асабіста прэзідэнт Лукашэнка[8].

Гістарычны кампанент

[правіць | правіць зыходнік]

Як нацыянальных герояў афіцыйная ідэалогія вылучыла асветнікаў Францыска Скарыну і Сімяона Полацкага, паэтаў Янку Купалу і Якуба Коласа. Важнае месца ў нацыянальным пантэоне занялі героі Вялікай Айчыннай вайны, што Барысаў звязваў з савецкай спадчынай[9].

Першы час, як пісаў спецыяліст, у дзяржаўнай трактоўцы гісторыі падкрэслівалася, што ў перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага закладваліся толькі культурна-гістарычныя перадумовы беларускай дзяржаўнасці. Старажытнаруская дзяржава названа агульнай дзяржавай для ўсіх усходніх славян. Палемізуючы з прыхільнікамі літвінізму, афіцыйныя падручнікі лічылі, што Вялікае Княства Літоўскае не было беларускай дзяржавай. Уваходжанне ў склад Расійскай імперыі разглядалася як станоўчая з’ява і называлася ўз’яднаннем. Адпрэчваўся і тэзіс аб русіфікацыі, якая праводзіцца Расійскай імперыяй на беларускіх землях, бо «па сваёй сацыякультурнай сутнасці [беларускі народ] з’яўляецца славяна-рускім народам». Уваходжанне ў склад Расіі разглядалася як перадумова для стварэння ўласна беларускай дзяржаўнасці. Першай рэальнай уласна беларускай дзяржавай афіцыйная ідэалогія называла Беларускую ССР, а не Беларускую Народную Рэспубліку. Адносна сучаснасці было ўпісана абгрунтаванне неабходнасці Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі[10].

Новы этап у ідэалагічнай палітыцы пачаўся ў 2010-х гадах на хвалі «мяккай беларусізацыі», выкліканай супярэчнасцямі ў расійска-беларускіх адносінах. Як паказвала Стром, у гэты перыяд зроблены асаблівы акцэнт на адраджэнні цікавасці да нацыянальнай культуры, гісторыі і самабытнасці[11]. Гістарычныя погляды зведалі змены, аформіўшыся ў канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці. Беларуская дзяржаўнасць стала разглядацца як непарыўнае цэлае, якое мела ўвасабленне ў гістарычных і нацыянальных формах. Першыя адносяцца не толькі да беларускага, але і да іншых народаў, і маглі ўяўляць з сябе поліэтнічныя ўтварэнні. У іх рамках паступова фарміравалася, нягледзячы на розныя цяжкасці, дзяржаўнасць беларускага народа. У сутнасці другіх закладзены нацыянальны змест тытульнага этнасу. Да гістарычных формаў былі аднесены Кіеўская Русь, Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя. У лік нацыянальных уключаны Беларуская Народная Рэспубліка, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь. Пераломным момантам названая Першая сусветная вайна, якая рэзка абвастрыла нацыянальнае пытанне[12][13].

  1. а б в Борисов 2012, с. 30.
  2. Стром 2018, с. 64.
  3. Борисов 2012, с. 30—31.
  4. Каратеев А. Ю. «Основы идеологии белорусского государства»: подходы к политической социализации // Вестник Московского университета. Серия 12. Политические науки. 2014. № 3. C. 114—123.
  5. а б Данилович 2018, с. 14.
  6. Стром 2018, с. 66—67.
  7. Борисов 2012, с. 35.
  8. Борисов 2012, с. 37—38.
  9. Борисов 2012, с. 34.
  10. Борисов 2012, с. 31—33.
  11. Стром 2018, с. 64—65.
  12. Данилович 2018, с. 10.
  13. Стром 2018, с. 65.