Ізраіль Файвавіч Хаўкін
| Ізраіль Файвавіч Хаўкін | |
|---|---|
| Дата нараджэння | 13 студзеня 1913 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 2016 |
Ізраіль Файвавіч Хаўкін (13 студзеня 1913 г., в. Раманава Горацкага павета Магілёўскай губерні (зараз аграгарадок Горацкага раёна Магілёўскай вобласці) — 2016, ЗША) — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі УССР, старшыня калгаса імя Жданава Сімферопальскага раёна (1954—1986), удзельнік, iнвалід Вялікай Айчыннай вайны.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і Файвы Хаўкіна. Пасля заканчэння Ленінскай сямігадовай школы паступае на вучобу ў Мінскі сельскагаспадарчы тэхнікум на аддзяленне агародніцтва і пладаводства. У 1930 годзе па рашэнні ўрада некаторыя яўрэйскія сем’і з Беларусі, у тым ліку і яго бацькi, перасяліліся ў Крым. Таму пасля заканчэння тэхнікума ў 1931 годзе Хаўкін І. Ф. таксама прыехаў у Крым да бацькоў, якія пасяліліся ў Фрайдорфскім яўрэйскім нацыянальным раёне. Працаваў там брыгадзірам-паляводам у 1931—1936 гг. У 1936 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе навучаўся ў зенітна-артылерыйскім вучылішчы ў г. Горкім, а пасля выкладаў у Севастопальскім зенітным вучылішчы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны згодна з дадзенымі сайта «Памяць народа» старшы лейтэнант І. Ф. Хаўкін ваяваў у 157-й асобнай артылерыйскай батарэі 3-га корпуса, затым у 178 артылерыйскай батарэі 236 стралковай дывізіі Паўднёвага фронту[1].
Быў цяжка паранены ў 1943 г., лячыўся ў шпіталі на Урале. У 1944 г. быў камісаваны, iнвалід Вялікай Айчыннай вайны 2 гр. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямi «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», юбілейнымі ўзнагародамі.
Працаваў старшынёй калгаса ў вёсцы Сафіеўка Ніжнявартаўскага раёна Цюменскай вобласці. У 1947—1954 гг. Хаўкін І. Ф. працуе інжынерам у арцелі інвалідаў у г. Сімферопалі[2].
У 1954—1986 гг. абіраўся старшынёй калгаса імя Жданава Сімферопальскага раёна Сімферопальскай вобласці ў вёсцы Новаандрэеўка Новаандрэеўскага сельскага савета. За гэтыя гады калгас стаў перадавой шматгаліновай гаспадаркай вобласці.
На 5 тыс. га ў калгасе працавала 1500 калгаснікаў. Была развiта жывёлагадоўля: працаваў жывёлагадоўчы комплекс на 1100 галоў малочнага статка з поўным цыклам вытворчасці, калгаснікі таксама займаліся свінагадоўляй, кролікагадоўляй і птушкагадоўляй. Меўся свой камбікормавы цэх.
У раслінаводстве займаліся вытворчасцю пшаніцы, ячменю, кукурузы, вінаграду, садоўніцтвам, агародніцтвам, мелася вытворчасць грыбоў. Была створана падсобная гаспадарка — вінзавод, кансервавы цэх, вытворчасць алею з сланечніка.
У калгасе за свае сродкi пабудавалі бальніцу, школу, дзіцячы камбінат, дом побыту, Палац культуры на 800 месцаў. Усе вуліцы былі заасфальтаваны. Хаўкін І. Ф. памёр у 2016 годзе.
Ганаровыя званні
[правіць | правіць зыходнік]- Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Украінскай ССР
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя Ізраіля Файвавіча Хаўкіна ўнесена ў кнiгу «Пашаны» Сiмферопальскага раёна. Яму прысвечаны матэрыял у музеі вёскі Новаандрэеўкi Сiферопальскага раёна.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- ордэн Айчыннай вайны ІІ ст.
- ордэн «Знак Пашаны»
- ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі
- ордэн Дружбы народаў
- медаль «За адвагу»
- медаль «За працоўную доблесць»
- медаль «За доблесную працу»
- медаль «Ветэран працы»
- медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»
- медаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- медаль «Сорак гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Сайт «Память народа». Хавкин Израиль Файвович. https://poisk.re/awards/anniversaries/1521723733?ysclid=ls0qp030y6279331051
- ↑ Новоандреевка — село Симферопольского района // http://www.simblago.com/naselennie_punkti_krima/736-novoandreevka-selo-centr-novoandreevskogo-selskogo-soveta-simferopolskogo-rayona.html?ysclid=ls512ralhc244497723(недаступная спасылка)