Перайсці да зместу

Ізяславічы Полацкія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ізяславічы Полацкія
Роданачальнік Ізяслаў Уладзіміравіч
Дом паходжання Рурыкавічы

Ізяславічы Полацкія, Рагвалодавічы, крыўскія князі — дынастыя князёў Полацкай зямлі, нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча, асобная група ў складзе роду Рурыкавічаў.

Ёсць думка, што на Русі былі дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[1][2][3], пры тым, што па мячы Рагвалодавічы толькі старэйшая галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі было дзве скандынаўска-славянскіх дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне Аповесці мінулых часоў пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі[4].

Адасабленне Рагвалодавічаў (Ізяславічаў Полацкіх) сярод Рурыкавічаў абумоўлена іх паходжаннем па кудзелі і нормамі старажытнаскандынаўскага звычаёвага права. Ужо кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, дзелячы ў тастаменце Кіеўскую дзяржаву (Русь) паміж сынамі, не згадвае Полацка і тагачаснага полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Таксама і князь Усяслаў не ўдзельнічае ў з’ездзе Рурыкавічаў у Любечы (1097). У пачатку XII стагоддзя летапіс вылучае сярод Рурыкавічаў «Рагваложых унукаў» і «Яраслававых унукаў», як варожыя групоўкі ледзь не з часоў кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча[5]. Разам з тым летапіс называе полацкіх князёў «крыўскімі».

Старшынство Усяславічаў

[правіць | правіць зыходнік]

Старшынство сярод сыноў Усяслава Брачыславіча пакуль застаецца дыскусійным. Цяпер вядомы адзіны сучасны Усяславічам іх пералік, датычны высылкі ў 1129 годзе. Пад 1129 годам імёны князёў не названы поточи Мстиславъ кнѧзь Полотьскъıѣ Цс̑рюгороду . с женами и с дѣтьми (Лаўрэнцеўскі спіс АМЧ). Пад 1140 годам, у сувязі з вяртаннем з Візантыі двух безыменных княжычаў взидоста кнѧжича два . исъ Цр҃ѧгорода . заточени били . Мьстиславомъ, рэтраспектыўна названы Давыд, Расціслаў, Святаслаў і два безыменныя Рагвалодавічы посла по Кривитьстѣи кн҃зѣ по Дв҃да по Ростислава . и Ст҃ослава . и Рогъволодича два . и оусажа оу три лодьи . и поточи и . Цр҃юградоу (Іпацьеўскі спіс АМЧ). З «Жыція Еўфрасінні Полацкай» вядома, што яе бацька Георгій, якога звычайна атаясняюць са Святаславам, быў маладзейшым з Усяславічаў. Такім чынам, задача даследчыкаў змясціць у гэты парадак таксама Барыса, Глеба і Рамана, памерлых да 1130 года, гісторыкі вырашаюць гэта розна.

Часта даследчыкі спасылаюцца на яшчэ адзін пералік — Давыд, Барыс, Глеб. На думку шэрага даследчыкаў (Леанід Аляксееў[6], за ім Лявонцій Вайтовіч), у такім парадку Усяславічы названы ў «Хаджэнні» ігумена Данілы. На праўдзе, Даніла сярод старэйшых князёў таго часу назваў у пераліку толькі Барыса і Глеба Усяславічаў, а магчыма наогул толькі Глеба, зяця і саюзніка вялікага князя кіеўскага. Згаданы Данілам на пачатку пераліку Давыд стаў Усяславічам праз скажэнні пазнейшых перапісчыкаў, у ранніх спісах «Хаджэння» імя па бацьку няма, а па месцы і кантэксце гэта мусіць быць чарнігаўскі князь Давыд Святаславіч[7].

Атаясненне двух княжычаў Рагвалодавічаў і адпаведна іх імёны яшчэ болей дыскусійныя. Працяглы час пераважала думка, што гэта сыны Барыса Усяславіча, бо Рагвалод лічылі яго свецкім імем, а Васіль — пэўна вядомае хроснае імя яго сына Рагвалода Барысавіча. Аднак, з улікам сучасных ведаў, цяпер гэту версію лічаць пераважна неверагоднай. Тым часам, Ганна Літвіна і Фёдар Успенскі бачаць магчымасць, што гэта дзеці Рагвалода Усяславіча, памерлага да 1129 года, але гістарычнасць такога сына Усяслава гіпатэтычная і сама грунтуецца ў асноўным якраз на згадцы Рагвалодавічаў пад 1140 годам. Пазней Антон Увядзенскі прапанаваў магчымасць, што гэта дзеці Рагвалода Барысавіча. Таксама выказаны сумненні ў сапраўднасці імёнаў двух Рагвалодавічаў — Васіль і Іван, яны вядомы толькі з пазнейшых Растоўскага (не захаваўся) і Васкрасенскага летапісаў, а таксама з Маскоўскага зводзе 1479 года[8], але верагоднасць пазнейшых крыніц сумнеўная[9], даследчыкі бачаць у іх толькі адсылку да імён тагачасных маскоўскіх уладароў. У кожным разе, гэта нічога не вырашае ў пытанні старшынства Усяславічаў, бо Рагвалодавічы ўжо наступнае пакаленне роду. Калі прыняць гіпотэзу Літвіной і Успенскага і разглядаць Рагвалодавічаў як сведчанне існавання Рагвалода Усяславіча, яго месца ў старшынстве, напэўна, сярод малодшых сыноў, прынамсі, ён мусіў бы быць маладзей за Давыда Усяславіча.

Значнае месца ў вызначэнні старшынства Усяславічаў займаюць іх імёны, бо чацвёра з іх названы па святых Барысу і Глебу (у хрышчэнні Раману і Давыду)[10]. На думку Аляксея Мельнікава, пры называнні па святых Барысе і Глебе, Барысам заўсёды называлі старэйшага сына, а Глебам — малодшага, таксама з Раманам і Давыдам, але аргументацыі даследчык не даў. Увядзенскі заўважае, на яго думку, сучасную Усяславу паралель — імёны сыноў чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча — Глеба, Рамана і Давыда, чыё старшынство ў такім парадку даследчык пацвярджае крыніцамі, на яго думку ў іх мог быць і старэйшы брат Барыс, які не дажыў да ўзросту, калі мог быць згаданы крыніцамі. На думку Увядзенскага, паралель можа ў пэўнай ступені пацвярджаць, што Усяслаў у называнні сыноў трымаўся такой самай схемы.[11]

Знакі Ізяславічаў

[правіць | правіць зыходнік]

Знакамі нашчадкаў полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча, на думку Савы Міхеева, несумненна былі -падобныя трызубы з адагнутымі завяршэннямі бакавых зубоў, але для атрыбуцыі асобных знакаў пэўным князям бракуе звестак. Знакі Ізяславічаў болей за знакі большасці нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча падобны да тамгі Уладзіміра Святаславіча[12]. Выявы такіх знакаў знойдзены на помніках полацкага паходжання, асабліва на плінфе полацкіх і віцебскіх храмаў даследаванай Паўлам Рапапортам[13]. Просты трызуб без дадатковых элементаў выяўлены і на пасцелістым баку, і на тарцах плінфы полацкай «царквы на рове», датаванай Рапапортам 1165—1168 гадамі. На пасцелістым баку плінфы «царквы на рове» сустракаецца і трызуб з крыжам на цэнтральным зубцы, вядомы таксама на пячатцы з дзвюма аднолькавымі тамгамі на аверсе і рэверсе[14]. Просты трызуб без ножкі выяўлены на пасцелістым баку плінфы віцебскай Дабравешчанскай царквы, меркавана датаванай 1140-мі гадамі, і на тарцах плінфы полацкай «царквы на дзядзінцы»[12].

  1. Stender-Petersen А. Varangica. Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  2. Pritsak О. The Origin of Rus'. Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
  3. Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. Leiden, 2004. Р. 126—127.
  4. Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.). Москва, 2015. С. 9.
  5. Рукавишников 2003, с. 109.
  6. Алексеев 1966, с. 252.
  7. Янин В. Л. Междукняжеские отношения в эпоху Мономаха и «Хождение игумена Даниила» // ТОДРЛ — 1960. — Т. 16. — С 112—131.
  8. Флоря 1995, с. 110-116.
  9. Литвина, Успенский 2006, с. 274—275.
  10. ПЭ 2003.
  11. Введенский 2022, с. 273—275.
  12. а б Михеев 2017, с. 33.
  13. Раппопорт 1993, с. 252-253.
  14. Дук, Коц 2013, с. 85 (рис. 1: 4), 86.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля: Очерки истории северной Белоруссии в IX—XIII вв. — М.: Наука, 1966. — 295 с.
  • Введенский А. М. Сыновья Всеслава Брячиславича. Стратегия и порядок имянаречения // Slovene. — 2022. — № 2. — С. 264-277.
  • Дук Д. В., Коц А. Л. Новые археологические исследования на территории Заполотского посада древнего Полоцка (конец X — первая половина XII в.) // Stratum plus. Кишинев, 2013. № 5: Под знаком Рюриковичей. Ad gloriam С. В. Белецкий. — С. 83-90.
  • Кежа Ю. Н. Глеб Всеславич и Киево-Печерский монастырь: место полоцких князей в родословной структуре Рюриковичей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 55-62.
  • Кузьмин А. В. Правители Полоцкой земли во второй половине XII — начале XIV века : (актуальные проблемы хронологии и генеалогии) / А. В. Кузьмин, А. П. Пятнов // Ломоносов 2003 : материалы Междунар. науч. конф. студентов, аспирантов и молодых ученых по фундамент. наукам / под ред. В. Н. Сидоренко.- М. : МГУ, 2003. — С. 5-14. (Артыкул змяшчае звесткі пра генеалогію полацкіх князёў паводле сінодыкаў Полацкага Сафійскага сабора).
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Михеев С. Княжеские печати с тамгами и атрибуция знаков Рюриковичей XI—XII в. // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. М., 2017. 4 (70). — С. 17-41.
  • Назаренко А. В. Борис и Глеб : Канонизация // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2003. — Т. VI. — С. 44-60. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2.
  • Насевіч В. Л., Іоў А. В. Ізяславічы // Беларуская Энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7. — С. 188—189.
  • Рагвалодавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 43. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Раппопорт П. А. Древнерусская архитектура. — СПб., 1993.
  • Рукавишников А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: Свидетельства источников // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. 2003. № 2 (12). — С. 99-111.
  • Самонова М. Н. К проблеме о старшинстве Всеславичей // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Полацк, 1—2 лістапада 2022 г.) / уклад. Т. У. Явіч.— Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2022. — 360.
  • Самонова М. Н. Династическая политика Всеслава Брячиславича и именослов его сыновей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 31-43.
  • Темушев С. Н. Исключение полоцких Изяславичей из родового владения Рюриковичей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 63-72.
  • Флоря Б. Н. Историческая традиция об общественном строе средневекового Полоцка // Отечественная История. — 1995. — № 5.
  • Янин В. Л. Междукняжеские отношения в эпоху Мономаха и «Хождение игумена Даниила» // ТОДРЛ — 1960. — Т. 16. — С. 112—131.