Іканаграфія

Іканагра́фія (ад стар.-грэч.: εἰκών — «выява, відарыс, вобраз» і стар.-грэч.: γράφω — «пішу») — у выяўленчым мастацтве дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-небудзь персанажаў ці сюжэтных сцэн; апісанне і класіфікацыя тэм, сюжэтаў, матываў, персанажаў незалежна ад асаблівасцей гістарычнага тыпу мастацтва, мастацкага кірунку, плыні, стылю і школы, спосабаў і сродкаў мастацкага выказвання[1][2].
У больш шырокім сэнсе іканаграфія адносіцца да літаратурнай дзейнасці, якая апісвае толькі прадметны план і не закранае методыку і тэхніку выяўленчай творчасці. Гэты від дзейнасці зарадзіўся ў антычнасці ў форме экфрасіса — апісання твора выяўленчага мастацтва. Інтэнсіўнае развіццё ён атрымаў у Новы час у сувязі з пашырэннем і ўскладненнем сюжэтаў і сімвалаў выяўленчага мастацтва і архітэктуры[1]. Пад іканаграфіяй таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-небудзь чалавека ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі альбо кірунку ў мастацтве[2].
У выяўленчым мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]
У больш вузкім значэнні, з-за складанасці тэм, тэрмін часцей адносяць да хрысціянскага мастацтва. У старажытным рэлігійным мастацтве каноны іканаграфіі былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй[2]. У хрысціянскай іканаграфіі вылучаюць такія галоўныя тэмы, як іканаграфія Маці Божай і Ісуса Хрыста. У індуісцкай і будыйскай іканаграфіі даследуецца іканаграфія Вішну, Шывы, Лакшмі, жаночых бажаствоў, напрыклад, Дургі, а таксама Буд, архатаў і бадхісатваў у будыйскім мастацтве[1].
З пашырэннем у мастацтве новага зместу іканаграфічныя схемы паступова змяняліся і ўскладняліся на працягу стагоддзяў. Абміршчэнне мастацтва, развіццё рэалізму, мастацкіх стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў выклікалі як большую свабоду тлумачэння старых іканаграфічных схем і сюжэтаў, так і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных тэм[2][1].
Гісторыя развіцця метаду
[правіць | правіць зыходнік]
Іканаграфія выяўленчага мастацтва ўзыходзіць да трактатаў ранняга хрысціянства і заходнееўрапейскага Сярэднявечча, перш за ўсё да твора «Пра нябесную іерархію» Псеўда-Дыянісія Арэапагіта. На аснове гэтага тэксту распрацоўваліся кампазіцыі абразоў і фрэсак, а таксама каноны адлюстравання «Сіл нябесных» у якасці тлумачэння і адлюстравання праз «непадобныя сімвалы», што стала асновай сімвалізму сярэдневяковага мастацтва[3]. Хрысціянскія экзгеты складалі протаграфы — асновы кананічных ізводаў пры адлюстраванні свяшчэнных асоб[4]. Да тэкстаў Псеўда-Дыянісія звяртаўся абат Сугерый, настаяцель абацтва Сен-Дэні, распрацоўваючы іканаграфічную праграму вітражоў, архітэктурных і скульптурных дэталей базілікі.
«Энцыклапедыяй сярэдневяковага мастацтва» лічацца асобныя кнігі «Вялікага люстэрка» (лац.: Speculum majus), складзеныя Вінцэнтам з Бавэ ў 1310—1325 гадах[5]. Для ўсходнехрысціянскага мастацтва характэрны зводы прарысяў і «перакладаў», «ліцавых» (выяўленчых) і тлумачальных сапраўднікаў (з кароткімі апісаннямі правіл і тэхнічных настаўленняў майстру), а таксама вялікія абразы, якія часам уключаюць больш за сотню малых выяў. «Літаратурны сцэнарый» іканапісных кампазіцый выкладаўся ў пролагах (скарочаным зводзе жыцій) і святцах.


Крыніцай сюжэтаў для мастакоў служылі розныя перапрацоўкі твораў антычных аўтараў у хрысціянскім маралізатарскім духу, напрыклад, «Маралізаваны Авідзій» (лац.: Ovidius moralizatus) П’ера Берсюіра. Лацінская версія гэтага твора ў 15 кнігах была апублікавана ў 1342 годзе і ўяўляла сабой перакладанне антычных міфаў з маралізатарскімі сентэнцыямі[7]. Пазней з’явіліся іншыя падобныя аўтары — «міфографы», творы якіх мастакі выкарыстоўвалі нароўні з «Залатой легендай» для надання антычным сюжэтам хрысціянскай афарбоўкі. У выніку з’явіўся новы жанр выяўленчага мастацтва, які атрымаў назву «маралітэ» (фр.: moralité)[8].
У мастацтвазнаўстве метад іканаграфіі як спосаб апісання і сістэматызацыі тыпалагічных прыкмет склаўся ў 1840-я гады ў Францыі і Германіі. Ён выкарыстоўваўся для вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый і атрыбутаў. У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя метад пашырыўся і на іншыя краіны[2]. У 1890-х гадах іканаграфію вывучаў выдатны французскі медыевіст Э. Маль, які першым пачаў супастаўляць скульптуры гатычных сабораў з рэлігійнымі тэкстамі. Яго справу працягваў А. Грабар. Рускі гісторык мастацтва Н. П. Кандакоў выкарыстоўваў метад для вывучэння візантыйскіх традыцый і стварыў фундаментальныя працы па іканаграфіі Ісуса Хрыста (1905) і Маці Божай (1914—1915)[9]. Археолаг П. І. Севасцьянаў ствараў «Ключ хрысціянскай іканаграфіі».

Іканаграфія стала асновай іканалагічнага метаду, заснавальнікам якога з’яўляецца А. Варбург, а паслядоўнікамі — Ф. Заксль, Э. Вінд, Р. Віткавер[10][11] і Э. Панофскі. Метад іканаграфіі пакладзены ў аснову методыкі атрыбуцыі («знаўства»), яскравым прадстаўніком якой быў Б. Берэнсан[12]. Звяртанне да іканаграфіі, якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сацыяльнага і эстэтычнага аспекту мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення мастацкага твора[2]. Тэрмін таксама прымяняецца да архітэктуры[13].
«Іканаграфія» ван Дэйка
[правіць | правіць зыходнік]У гісторыі мастацтва таксама вядома канкрэтная серыя гравіраваных партрэтаў пад назвай «Іканаграфія», якую стварыў фламандскі жывапісец і гравёр А. ван Дэйк. Вярнуўшыся ў 1627 годзе з Італіі, Германіі і Англіі ў родны Антверпен, ён задумаў адлюстраваць сваіх сучаснікаў. Васямнаццаць партрэтаў ён награвіраваў самастойна ў змяшанай тэхніцы афорта і разца. Па яго малюнках працавалі гравёры Л. Ворстэрман, П. Понтыюс, Дж. Грынхіл, С. Болсверт, П. дэ Ёдэ і іншыя. Побач з каранаванымі асобамі, кардыналамі і мецэнатамі былі змешчаны партрэты саміх мастакоў, у тым ліку ўласны партрэт ван Дэйка і партрэт яго куміра П. П. Рубенса. Першае выданне серыі (80 лістоў) выйшла ў 1632 годзе, а другое, пасля смерці мастака, — у 1645 годзе (100 лістоў).
У музыцы
[правіць | правіць зыходнік]У музыказнаўстве іканаграфія з’яўляецца дапаможнай навуковай дысцыплінай па гісторыі музыкі, інструментазнаўства і музычнай этнаграфіі. Яна займаецца апісаннем, вывучэннем, сістэматызацыяй і каталагізацыяй твораў выяўленчых мастацтваў на музычную тэматыку. Наскальныя малюнкі, археалагічныя прадметы, фрэскі і абразы, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура і кераміка захавалі каштоўныя дакументальныя звесткі пра музычную культуру розных эпох. Яны даюць інфармацыю пра функцыянаванне музычнага мастацтва ў грамадстве, формы і канструкцыі музычных інструментаў, спосабы іх трымання, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, а таксама пра кампазітараў і выканаўцаў[2].
Першай спробай музычнай іканаграфіі лічыцца праца нямецкага лексікографа Э. Л. Гербера (1783), дзе была прыведзена іканаграфія музыкантаў. Дысцыпліна актыўна распрацоўваецца з пачатку XX стагоддзя. З 1961 года ў ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах»[2].
У гістарычнай навуцы
[правіць | правіць зыходнік]У гістарычнай навуцы іканаграфія — гэта сістэма прыёмаў і методыка вызначэння даставернасці выявы пэўнай асобы ці падзеі, іх апазнання і датавання. У XX—XXI стагоддзях прынцыпы гістарычнай іканаграфіі распаўсюджваюцца на фота- і кінаматэрыялы. Таксама пад іканаграфіяй разумеюць сукупнасць выяў канкрэтнага чалавека (напрыклад, Ф. Скарыны, Ефрасінні Полацкай, У. І. Леніна, А. С. Пушкіна)[2].
У біялогіі
[правіць | правіць зыходнік]Акрамя таго, тэрмін выкарыстоўваецца ў біялогіі для абазначэння сукупнасці выяў аднатыпных біялагічных аб’ектаў (напрыклад, насякомых), выкананых па вызначаных правілах.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Власов В. Г. Иконография // Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т.. — СПб.: Азбука-Классика, 2006. — Т. IV. — С. 78—81.
- ↑ а б в г д е ё ж з Назіна 1998, с. 190.
- ↑ О небесной иерархии / Перевод с древнегреческого М. Г. Ермаковой под редакцией А. И. Зайцева. — СПб.: Глагол — Изд-во РХГИ — Университетская книга, 1997.
- ↑ Мистическое богословие / сб. на основании соч. Дионисия Ареопагита. — Киев: Путь к истине, 1991.
- ↑ Бибихин В. В. Винцент // Новая философская энциклопедия : в 4 т.. — М.: Мысль, 2010.
- ↑ Alte Pinakotek, Munich (Summary Catalogue). — Munich: Edition Lipp, 1986. — С. 348—351. — ISBN 3-87490-701-5.
- ↑ Евдокимова Л. В. «Морализованный Овидий» Берсюира: целевая аудитория, экзегетический и идеологический контекст // Вестник ПСТГУ. Серия III: Филология. — 2018. — № 54. — С. 27—69.
- ↑ Власов В. Г. «Морализованный Овидий» / Моралитэ // Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т.. — СПб.: Азбука-Классика, 2006. — Т. V. — С. 630—633.
- ↑ Айналов Д. В. Академик Н. П. Кондаков как историк искусства и методолог (1928) // Кондаков Н. П. Воспоминания и думы / Сост. И. Л. Кызласова. — М.: 2002. — С. 324—347.
- ↑ Торопыгина М. Ю. Аби Варбург. Биография и биографы // Искусствознание. — М.: 2013. — № 3-4. — С. 21—43.
- ↑ Торопыгина М. Ю. Иконология. Начало. Проблема символа у Аби Варбурга и в иконологии его круга. — М.: Прогресс-Традиция, 2015. — 368 с.
- ↑ Власов В. Г. Искусство России в пространстве Евразии. В 3-х т.. — СПб.: Дмитрий Буланин, 2012. — Т. 3: Классическое искусствознание и «русский мир». — С. 66—82.
- ↑ Власов В. Г. Реминисценция как мнемоника архитектуры // Электронный научный журнал «Архитектон: известия вузов». — УралГАХУ, 2017. — № 3 (59).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. Дз. Назіна. Іканаграфія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 190. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Кондаков Н. П. Иконография Богоматери: В 2 Т.. — Пг., 1915.
- Кондаков Н. П. Иконография Господа Бога и Спаса нашего Иисуса Христа. — СПб., 1995.
- Ровинский Д. А. Материалы для русской иконографии, в 12-ти вып.. — СПб., 1884—1891.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іканаграфія