Ілоты

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Адукацыя ў Спарце на прыкладзе п'янага ілота. Малюнак 1850 г.

Ілоты (стар.-грэч.: εἵλωτες) — група насельніцтва Старажытнай Спарты, якая не ўваходзіла ў склад спартанскай абшчыны, не валодала правамі свабодных людзей, па статусу была блізкая да рабоў. Лічыцца, што ілоты паходзяць ад карэннага насельніцтва Лаконіі і Месеніі, заваяванага спартанцамі-дарыйцамі.

Большасць ілотаў жыла ў сельскай мясцовасці, займалася сельскай гаспадаркай, карысталася асабістымі сродкамі вытворчасці. Спартанцы, што валодалі зямлёй, на якой жылі ілоты, атрымоўвалі фіксаваны натуральны аброк, аднак не мелі права адвольна зганяць іх з участкаў, прадаваць або забіваць. Падчас войн ілоты прыцягваліся да ваеннай службы ў якасці асабістых памагатых і лёгкай пяхоты.

Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні ілотаў, самае буйное з іх — т.зв. 2-я Месенская вайна. З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Прынята лічыць, што старажытнагрэчаскае слова ілот (стар.-грэч.: εἵλωτες) паходзіць ад дзеяслова ἁλίσκομαι (літаральна «быць захопленым у палон»)[1]. Мяркуецца, што ілотамі сталі карэнныя жыхары Лаконіі (ахейцы або нават пеласгі) пасля захопу гэтай вобласці дарыйцамі. Аднак, акрамя ілотаў, у Спарце жылі асабіста свабодныя перыэкі, якіх таксама атаесамляюць з заваяванымі тубыльцамі Лаконіі.

Страбон паведамляў, што першапачаткова заваяваныя дарыйцамі плямёны мелі роўныя грамадзянскія правы са спартанцамі. Спартанскі цар Агіс I (XI ст. да н. э.) пазбавіў іх раўнапраўя і загадаў ім плаціць даніну Спарце. Яны былі вымушаны падпарадкавацца, акрамя жыхароў горада Геласа (стар.-грэч.: Ἕλος). Спартанцы задушылі паўстанне гелейцаў і прысудзілі рабства з абмовай, што ўладальнік раба не можа адпускаць яго на волю або прадаваць за межы краіны[2]. Аб паходжанні ілотаў ад жыхароў Геласа пісалі і іншыя эліністычныя і рымскія аўтары. Магчыма, гэта версія ўзнікла дзякуючы падабенству слоў εἵλωτες і Ἕλος. Паўсаній Вандроўнік у апавяданні пра паходжанне ілотаў адначасова выкарыстоўваў 2 версіі ўзнікнення: ад «быць захопленым» і ад назвы Геласа[3].

Пасля заканчэння Другой Месенскай вайны (VII ст. да н. э.) спартанцы падзялілі землі Месеніі на роўныя ўчасткі і зрабілі іх маёмасцю сваёй дзяржавы[4], а месенцы атрымалі статус ілотаў[5].

Становішча[правіць | правіць зыходнік]

Страбон пісаў, што спартанцы лічылі ілотаў чымсьці накшталт дзяржаўных рабоў, прызначыўшы ім вызначаныя месцы жыхарства і адмысловыя працы[6]. Згодна Плутарху, ілоты апрацоўвалі за спартанцаў іх зямлю і выплочвалі ім загадзя ўсталяваны аброк. Ён зазначаў[7]:

...патрабаваць большую плату за арэнду было забаронена пад страхам праклёну. Гэта было зроблена для таго, каб ілоты атрымлівалі выгаду і працавалі з задавальненнем, а спартанцы не імкнуліся да назапашвання.

Разам з гэтым, ілоты прымалі ўдзел у некаторых грамадзянскіх рытуалах, у прыватнасці ў пахаванні цароў[8]. У некаторых выпадках ілотам маглі дараваць свабоду. Ім дазвалялася ўступаць у шлюб з іншымі прадстаўнікамі сваёй сацыяльнай групы. Такім чынам, становішча ілотаў некалькі адрознівалася ад звычайных антычных рабоў і болей нагадвала стан прыгонных сялян часоў сярэднявечча.

Падчас вайны ілоты прыцягваліся да службы ў арміі. Звычайна яны суправаджалі спартанцаў, у баях выконвалі функцыі лёгкай пяхоты. Герадот вызначаў колькасць ілотаў у спартанскім войску падчас Грэка-персідскіх войн як 7 да 1 спартанца[9]. Герадот і Фукідыд паведамлялі, што ў некаторых выпадках ілоты служылі гаплітамі[10]. Ілоты-гапліты, што суправаджалі Брасіда, пасля заканчэння экспедыцыі на поўнач Грэцыі атрымалі свабоду [11]. Тым не меней, пасля бітвы пры Платэях спартанцы хавалі загінулых ілотаў у асобнай магіле[12].

Некаторыя сучасныя даследчыкі лічаць, што служба ў якасці гаплітаў, сведчыць аб гаспадарчай самастойнасці ілотаў і іх магчымасці назапашвання, паколькі дарагую браню і зброю яны павінны былі купляць самастойна[13]. У 223 г. да н. э. 6000 ілотаў з дазволу спартанскага цара Клеамена III выкупілі сваё вызваленне, заплаціўшы значную суму ў 500 талантаў[14].

Колькасць ілотаў Лаконіі і Месеніі значна перавышала колькасць саміх спартанцаў[15], што стварала сталую пагрозу паўстанняў. У гэтай сувязі Фукідыд лічыў, што ўсе ўнутрыдзяржаўныя мерапрыемствы спратанцаў былі накіраваны на тое, каб трымаць ілотаў у падпарадкаваным стане[16]. Ілоты знешне вылучаліся вопраткай, паколькі былі вымушаны насіць шапку са скуры сабакі і аўчыну. Раз на год іх каралі вызначанай колькасцю ўдараў, нават калі яны не мелі пэўнай віны. Гаспадарам даручалася забіваць дарослых ілотаў, якія паводзілі сябе як свабодныя[17]. П'яных ілотаў дэманстравалі ў працэсе адукацыі маладых спартанцаў, каб прадухіліць звычай п'янства[18].

Спартанцы таксама практыкавалі рэпрэсіўныя меры. Адной з іх была крыптыя (стар.-грэч.: κρυπτεία, літаральна «схаваная») — патаемная вайна супраць ілотаў. Плутарх апісваў яе наступным чынам[19]:

...эфоры час ад часу накіроўвалі ў вёску пераважна самых асцярожных маладых людзей, узброеных толькі кінжаламі і неабходнымі прыпасамі. На працягу дня яны разбягаліся па цёмных і аддаленых кутах, дзе хаваліся і маўчалі. Але ўначы яны спускаліся на дарогі і забівалі кожнага злоўленага ілота. Часам яны таксама прабіраліся праз палеткі, дзе працавалі ілоты, і забівалі самых моцных і лепшых з іх.

Згодна Фукідыду, падчас няўдалай вайны з Афінамі спартанцы, застрашаныя дзёрзкасцю шматлікай моладзі ілотаў, адабралі 2000 чалавек, якія лічылі сябе найбольш здольнымі ў ваеннай справе, і абяцалі ім свабоду. Аднак у выніку ўсе яны былі забіты, прычым ніхто не ведаў абставін іх смерці[20].

Крыптыя абвяшчалася адразу пасля выбрання эфораў. Паколькі выбары адбываліся раз на год, крыптыі насілі штогадовы характар. Платон быў схільны тлумачыць крыптыю як частку ваеннай падрыхтоўкі спартанцаў. Аднак сучасныя даследчыкі абвяргаюць яго пункт гледжання. Яны сцвярджаюць, што патаемная вайна супярэчыла духу гапліцкага войска, хутчэй нагадвала партызанскія дзеянні[21]. Такім чынам першаснай мэтай крыптыі быў тэрор ілотаў.

Адначасова ў Спарце існавала практыка вызвалення ілотаў. Відавочна, упершыню яна была здзейснена ў 421 г. да н. э. адносна гоплітаў Брасіда. Вызваленыя ілоты атрымалі статус неадамодаў (стар.-грэч.: νεοδαμώδεις, літаральна «новых людзей»), якія карысталіся асабістай свабодай, але не мелі грамадзянскіх правоў, роўных са спартанцамі[22]. Патрэбы ў ваеннай сіле вымушалі спартанцаў практыкаваць вызваленне воінаў-ілотаў і пазней. У 223 г. да н. э. 6000 ілотаў выкупілі сваё вызваленне за грошы. Дакладная колькасць неадамодаў адносна зняволенных ілотаў і спратанцаў не вядома. Практыка вызвалення мела выключны характар і залежыла ад волі Спартанскага поліса.

Ураўнаванне правоў[правіць | правіць зыходнік]

У 370 г. да н. э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд падчас пелапанескай экспедыцыі вызваліў месенскіх ілотаў і заклікаў да адраджэння Месенскай дзяржавы. Згуба Месеніі, а разам з ёю паловы ілоцкага насельніцтва, балюча адбілася на эканоміцы Спарты[23]. У далейшых войнах супраць Ахейскага саюза і Македоніі спартанцы страцілі значную колькасць грамадзян і былі вымушаны часцей прыцягваць ілотаў Лаконіі да ваеннай службы.

Становішча ілотаў значна палепшылася ў выніку рэформ Клеамена III. Поўнае вызваленне ілотаў і перадача ім зямельных участкаў адбыліся ў гады кіравання тырана Набіса[24]. Згодна Страбону, ілоты і перыэкі першымі прынялі ўладу рымлян і ў выніку атрымалі адзіныя грамадзянскія правы ў так званым Лаконскім саюзе ў складзе Рымскай дзяржавы[25].

У беларускай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Вобраз падпарадкаваных ілотаў часам выкарыстоўваецца беларускімі пісьменнікамі ў якасці літаратурнай аналогіі:

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
  • Cartledge, P. Sparta and Lakonia. A Regional History 1300 to 362 BC. / Paul Cartledge. - New York, Routledge, 2002. ISBN 0-415-26276-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Origin and meaning of helot by Online Etymology Dictionary
  2. Страбон, Кніга 5:IV
  3. Паўсаній, XX:6
  4. Арсеньев, К. Исторія народов и республик древней Греціи. - Спб., 1825. С. 140
  5. The Helots of Messenia
  6. Кніга 5:IV
  7. Плутарх. Древние обычаи спартанцев
  8. Герадот, VI:58
  9. Герадот, IX:10, IX:28
  10. Герадот, IX:10, IX:29; Фукідыд, Кніга VI:19
  11. Фукідыд, Кніга V:34
  12. Герадот, IX:85
  13. Зайков, А. Общество древней Спарты: основные категории социальной структуры / А. В. Зайков. — Екатеринбург: Издательство Уральского университета, 2013. С. 110
  14. Nigel M. Kennell, Agreste genus: Helots in Hellenistic Laconia
  15. Cartledge, P. Sparta and Lakonia. A Regional History 1300 to 362 BC. - P. 174
  16. Фукідыд, Кніга IV:80
  17. Athénée de Naucratis: Deipnosophistes: livre XV: traduction - Remacle
  18. Плутарх. Древние обычаи спартанцев
  19. Plutarch, Life of Lycurgus of Sparta, 28
  20. Фукідыд, Кніга IV:80
  21. Krypteia: A Form of Ancient Guerrilla Warfare
  22. Neodamodeis
  23. Epaminondas
  24. Nigel M. Kennell, Agreste genus: Helots in Hellenistic Laconia
  25. Страбон, Кніга 5:V
  26. Книга «Илоты безумия» Николай Чергинец
  27. У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”