Ілья Уладзіміравіч Івашка
Нарадзіўся |
24 лютага 1994 (30 гадоў) |
---|---|
Грамадзянства | |
Рэзідэнцыя | Мінск, Беларусь |
Рост | 193 см |
Вага | 87 кг |
Прафесійная кар’ера | 2013 — ц.ч. |
Вядучая рука | правая |
Удар злева | двуручны |
Трэнер(ы) | Хасэ Чэка-Кальво |
Прызавыя грошы | 3 337 293 |
Адзіночны разрад | |
Вынікі (в/п) | 89–89 |
Тытулы | 1 ATP, 7 ITF |
Найвышэйшы рэйтынг | 40 (20 чэрвеня 2022) |
Турніры серыі Вялікага шлема | |
Аўстралія | 2-і раунд (2019) |
Францыя | 2-і раунд (2022) |
Уімблдан | 4-ы раунд (2021) |
ЗША | 4-ы раунд (2022) |
Парны разрад | |
Вынікі (в/п) | 4–15 |
Найвышэйшы рэйтынг | 317 (12 чэрвеня 2023) |
Турніры серыі Вялікага шлема | |
Францыя | 2-і раунд (2023) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Апошняе абнаўленне: 4 сакавіка 2024 года |
Ілья́ Уладзі́міравіч Іва́шка (нар. 24 лютага 1994, Мінск) — беларускі прафесійны тэнісіст; пераможца аднаго турніру ATP у адзіночным разрадзе.
Агульная інфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўзросце пяці гадоў у тэніс Ілью прывёў ягоны бацька — Уладзімір, які займаўся гэтым відам спорту на аматарскім узроўні. Маці завуць Анжэла; ёсць брат — Аляксей. Першы трэнер — Валянціна Ягораўна Ржаных, з якой займаўся да 10 гадоў. Жанаты.
Улюбёнае пакрыццё — хард; улюбёныя турніры — Уімблдан і Адкрыты чэмпіянат ЗША; кумірам у свеце тэніса ў перыяд сталення быў Роджэр Федэрэр.
Спартыўная кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]Першай перамогі на турнірах серыі «ф’ючарс» Івашка дасягнуў у кастрычніку 2013 года. У сакавіку 2016 года ён упершыню згуляў за зборную Беларусі ў Кубку Дэвіса. У красавіку ён выйграў два «ф’ючарсы» ва Узбекістане. У ліпені ён дабраўся да фіналу «чэленджара» ў Італіі, дзе саступіў тэнісісту з Украіны Ільі Марчанку з рахункам 4:6, 4:6. Напрыканцы лета ён праз кваліфікацыю трапіў на дэбютны турнір серыі Вялікага шлема, згуляўшы на Адкрытым чэмпіянаце ЗША, дзе ён адразу ж саступіў Пабла Карэнья Бусце. Па выніках 2016 года Івашка заняў 179-е месца ў сусветным рэйтынгу.
У чэрвені 2017 года Івашка выйграў першы ў кар’еры «чэленджар», абыйграўшы ў фінале ў Фергане серба Ніколу Мілоевіча — 6:4, 6:3. На турніры ў Марселі ў сярэдзіне лютага 2018 года, прайшоўшы кваліфікацыю, Івашка здолеў прайсці да паўфіналу, дзе прайграў французу Люцы Пую. Падчас турніру Івашка абыйграў Ласла Дзьёры з Сербіі, Стэна Ваўрынку з Швейцарыі і француза Нікаля Маю. У сакавіку ён выйграў «чэленджар» у Кітаі, у фінале абыйграў кітайскага тэнісіста Чжан Цзэ — 6:4, 6:2. У маі ён праз кваліфікацыю трапіў на першы ў кар’еры Ралан Гарос. У першым раундзе яму дастаўся ў супернікі Дамінік Цім, якому Івашка прайграў у трох сэтах. У жніўні Ілья здолеў, пачаўшы з кваліфікацыі, выйсці ў трэці раунд турніру серыі Мастэрс у Таронта. Гэты вынік дазволіў беларускаму тэнісісту ўпершыню падняцца ў топ-100 сусветнага рэйтынгу. У кастрычніку Івашка здолеў выйсці ў чвэрцьфінал зальнага турніру ў Антверпене.
У студзені 2019 года Івашка дайшоў да фіналу турніру серыі «чэленджар» у Канберы (Аўстралія), у якім саступіў паляку Хуберту Хуркачу ў трохсэтавым матчы. На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі дайшоў да другога кола, дзе прайграў іспанцу Пабла Карэнья Бусце ў 3 сэтах. Адзінага чвэрцьфіналу ў асноўным туры 2019 года ён дасягнуў у ліпені на турніры ў Ньюпарце. На Адкрытым чэмпіянаце ЗША прайграў у першым раундзе Танасі Какінакісу ў чатырох сэтах.
На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2020 года Івашка здолеў трапіць праз кваліфікацыю ў асноўную сетку, дзе прайграў у першым жа раундзе. Пасля выступлення ў Мельбурне ён здолеў выйсці ў чвэрцьфінал турніру ў Пуне. У кастрычніку ён здолеў выйграць «чэленджар» у Стамбуле. Яшчэ адзін «чэленджар» ён выйграў у лістападзе ў Артызеі.
У красавіку 2021 года Івашка выйшаў у 1/4 фіналу ў Марбелье. На турніры ў Мюнхене яму ўдалося выйсці ў паўфінал, абыйграўшы № 6 у свеце Аляксандра Зверава — 6-7(5), 7-5, 6-3. На Уімблдане Івашка дайшоў да чацвёртага раунда, дзе прайграў італьянцу Матэа Берэціні ў 3 сэтах. На Алімпійскім турніры ў Токіа прадстаўляў Беларусь у двух разрадах. У адзіночным разрадзе ён дайшоў да трэцяга раунда, дзе саступіў японцу Кэю Нісікоры. У парным разрадзе з Ягорам Герасімавым выбыў у першым раундзе, прайграўшы дуэту з Новай Зеландыі.
У жніўні 2021 года на турніры ў Уінстан-Сейлеме Івашка заваяваў свой першы тытул ATP-тура. У 1/4 фіналу ён перайграў бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў у Токіа Пабла Карэнья Бусту з рахункам 7-6(2), 6-3. У фінале ён абыйграў Мікаэля Імера з рахункам 6-0, 6-2. Гэты поспех дазволіў Івашка заняць 53-е месца рэйтынгу. На Адкрытым чэмпіянаце ЗША яму ўдалося прайсці ў трэці раунд.
20 чэрвеня 2022 года падняўся на найвышэйшае ў кар’еры 40-е месца ў рэйтынгу.
На Адкрытым чэмпіянаце ЗША 2022 года Івашка дайшоў да чацвёртага раунда, дзе прайграў італьянцу Яніку Сінеру ў 5 сэтах. Гэта стала паўтарэннем найлепшага дасягнення беларуса на турнірах Вялікага шлема пасля чацвёртага раунда Уімблдану 2021 года.
Рэйтынг на канец года
[правіць | правіць зыходнік]Год | Адзіночны рэйтынг |
Парны рэйтынг |
2022 | 73 | |
2021 | 48 | 528 |
2020 | 108 | 1 018 |
2019 | 131 | |
2018 | 91 | 426 |
2017 | 230 | 598 |
2016 | 179 | 406 |
2015 | 355 | 574 |
2014 | 708 | 1 054 |
2013 | 773 | 1 533T |
Паводле звестак афіцыйнага сайта ATP на апошні тыдзень года[1].
Выступленні на турнірах
[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ Патыднёвыя пазіцыі Ільі Івашкі ў рэйтынгах ATP (англ.) (HTML). atpworldtour.com. Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2019. Праверана 26.03.2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Профіль на сайце ATP тура (англ.)
- Профіль на сайце ITF (англ.)
- Профіль на сайце Кубка Дэвіса (англ.)