Ілінойс (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ілінойс (саманазва: inoca, фр.: Illinois) — канфедэрацыя індзейскіх плямён у верхняй частцы даліны ракі Місісіпі.

Упершыню ўзгадваецца французскімі езуітамі ў 1640 г. Назва паходзіць ад скажонага французамі слова суседняга народа атава irenweewa, што значыць «той, хто прамаўляе падобным шляхам». Самі індзейцы называлі сябе inoca (літаральна «мужчыны»). У склад канфедэрацыі ўваходзілі плямёны каскаскія, пеорыя, тамароа, маінгвена, мічыгамея, каёкія, албіўі, аманакоа, чэпуса, чынкоа, мароа, эспемікія, матчынкоа, мічыбуса, негавічы, тапоўара і кайракаэнтанон. Усе яны належалі да алганкінаў. У канцы XVII ст. іх агульная колькасць перавышала 10 тысяч чалавек.

Займаліся земляробствам і паляваннем. Важную ролю ў жыцці плямён адыгрывалі супольныя напады на суседзяў. Пры гэтым прадстаўнікі Ілінойс імкнуліся захапіць заложнікаў і рабоў.

Сталыя кантакты з Новай Францыяй пачаліся з 1673 г. у выніку заключэння пагаднення. Ілінойс удзельнічалі ў пасрэдніцкім гандлі паміж французамі і іншымі індзейцамі, прымалі ўдзел у войнах супраць іракезаў. У першай палове XVIII ст. правадыры Ілінойс фактычна былі падпарадкаваны французскай адміністрацыі.

Саслабленне канфедэрацыі адбылося амаль адразу пасля першых кантактаў з французамі. У 1680 г. меўшыя агнястрэльную зброю іракезы забілі або захапілі ў палон каля 700 тамароа. Актыўнасць іспанцаў на поўдні выклікала рух індзейскіх плямён уздоўж Місісіпі і сутычкі з Ілінойс. Значныя чалавечыя страты былі панесены ў выніку эпідэмій оспы ў 1704 г., 1732 г. і 1756 г. Да 1830 г., калі канфедэрацыя была распушчана ўрадам ЗША, а яе землі адыйшлі да амерыканскай дзяржавы, агульная колькасць чальцоў Ілінойс складала каля 300 чалавек.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]