Іліяда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гамер
Рукапіс «Іліяды» V стагоддзя

Ілія́да (стар.-грэч.: Ἰλιάς) — старажытнагрэчаская эпічная паэма аб Іліёне (Троі), якая прыпісваецца легендарнаму эпічнаму паэту Старажытнай Грэцыі Гамеру.

Прынята лічыць, што «Іліяда» ўзнікла ў 9—8 стагоддзях да н. э. у грэчаскіх іанійскіх гарадах Малой Азіі, на аснове паданняў крыта-мікенскай эпохі пра Траянскую вайну. Паэма напісана гекзаметрам (каля 15 700 радкоў), у 4—3 стагоддзях падзелена антычным філолагам Зенадотам Эфескім на 24 песні. «Іліяда» расказвае пра гераічную асаду Троі шматплямённым ахейскім апалчэннем на чале з мікенскім правадыром Агамемнанам. Галоўныя героі паэмы — Ахіл, Менелай, Гектар і іншыя правадыры.

«Іліяда» прадстаўляе свет цэласным, усёвымерным, якасна аднастайным. У старажытнасці паэма лічылася зводам ведаў, крыніцай філасофіі і паэзіі, разам з тым захавала высокую мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Рэальнасць значнай колькасці гістарычных і геаграфічных фактаў эпічнай асновы засведчана археалагічнымі раскопкамі, якія пачаў нямецкі археолаг Генрых Шліман. У 1869 годзе ён выказаў смелую думку, што месцам Троі з'яўляўся курган Гісарлык у Малой Азіі. Раскопкі 1870—1890 гадоў пацвердзілі яго гіпотэзу, што гамераўскі эпас меў салідную фактычную аснову.

Змест паэмы[правіць | правіць зыходнік]

Прычынай Траянскай вайны была царэўна Алена са Спарты, дачка Зеўса-лебедзя і царыцы Леды. Алена была настолькі прыгожая, што ўсе грэчаскія цары хацелі ажаніцца з ёй. У Старажытнай Грэцыі быў наступны звычай выбару жаніхоў. У горад, дзе цар меў дачку-нявесту, з'язджаліся юнакі з іншых краін і гарадоў. Для іх наладжваліся спаборніцтвы, дзе яны дэманстравалі свой спрыт, сілу, адвагу. Алена ж выбрала і не самага дужага, і не самага разумнага (праўда, самага багатага) — Менелая, брата цара Агамемнана з Мікенаў. На няшчасце, багіня прыгажосці і кахання Афрадыта паабяцала Алену Парысу — сыну траянскага цара Прыама. Яна прымусова закахала Алену ў Парыса, і пара закаханых збегла ў Трою. Славуты і найбольш аўтарытэтны ў Грэцыі Агамемнан быў раз'юшаны прыніжэннем брата. Ён арганізаваў паход грэчаскіх цароў на Трою, каб вярнуць Алену.

Троя на той час была магутнай крэпасцю, што кантралявала шлях з Прычарнамор'я да Міжземнамор'я. Дзесяць гадоў грэкі асаджалі горад. Траянцы мужна абараняліся. I з аднаго, і з другога боку воіны дэманстравалі мужнасць і адвагу. Дзеянне «Іліяды» ахоплівае апошнія тыдні Траянскай вайны.

Завязка паэмы — сутычка Агамемнана, вярхоўнага правадыра ахейцаў і арганізатара экспедыцыі, з Ахілам, самым магутным грэчаскім воінам. Пакрыўджаны Агамемнанам, Ахіл адмаўляецца далей ваяваць. Яго «забастоўка» мела цяжкія наступствы для ахейскага войска. Грэкі да таго наступалі, цяпер пераходзяць да абароны, церпяць тры цяжкія паражэнні ад асмялелых траянцаў, якімі кіруе Гектар — таксама, як і Парыс, сын траянскага цара Прыама. Гектар рыхтуецца спаліць грэчаскія караблі і скінуць войска праціўніка ў мора.

Абараняе караблі Патрокл — найлепшы друг Ахіла. Але Патрокл гіне ў двубоі з Гектарам, праўда, не без дапамогі бога Апалона, які, як і Афрадыта, быў на баку траянцаў. Смерць сябра прыводзіць у адчай Ахіла. Пакуты вяртаюць яго да рэчаіснасці, да дзейнасці. Ён зноў уступае ў вайну. Паядынак Гектара і Ахіла — кульмінацыя паэмы. Гектар абараняе радзіму, жонку, сына, таму змагаецца мужна. Але Ахіл — мацнейшы (сын марской багіні Фетыды) — і перамагае. Потым ён здзекуецца з мёртвага Гектара, цягаючы яго цела вакол Троі. Цар Прыам прыходзіць у палатку да Ахіла і прыніжана просіць яго вярнуць цела сына. Крануты горам бацькі, Ахіл згаджаецца. Паэма заканчваецца плачам траянцаў над Гектарам.

Пра далейшыя падзеі расказвае іншая гамераўская паэма — «Адысея».

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову паэма была ўпершыню перакладзена Браніславам Тарашкевічам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Эпічны цыкл