Імянная ваза
Імянная ваза — ваза ананімнага стваральніка, па якой можна вылучыць і ідэнтыфікаваць пэўнага майстра. Тады аўтар атрымлівае сваё ўмоўнае імя па назве самой вазы (вазапісец Вялікага Афінскага канфара, вазапісец Лонданскай пелікі), або па назве сцэны (вазапісец Хаэфоры, вазапісец пекла, вазапісец Іліўперса ці вазапісец вяселляў), або фігур, намаляваных на вазе (напрыклад, вазапісец Афрадыты, вазапісец Дарыя, вазапісец Пана і іншыя).
Вылучэнне такіх умоўных імёнаў неабходна, паколькі большасць старажытнагрэчаскіх вазапісцаў і ганчароў не падпісвалі свае працы. Акрамя вышэй прыведзеных крытэрыяў, майстар можа быць названы паводле месца знаходкі імянной вазы (напрыклад, вазапісец Нацана, Кайванскі вазапісец, вазапісец Эрэтрыі), месца захоўвання імянной вазы (Берлінскі вазапісец, Іенскі вазапісец, Бостанскі вазапісец СА, Бруклінска-Будапешцкі вазапісец), паводле формы імянной вазы (вазапісец дынасаў, вазапісец фіял), паводле імя ганчара, які стварыў вазу (вазапісец Амасіса, вазапісец Андокіда), паводле асаблівасцей тэхнікі роспісу (вазапісец белых твараў) ці паводле надпісу «калос» (вазапісец Антыфон).
Для атычных размаляваных ваз большасць умоўных імёнаў вазапісцаў уведзены ў навуковы ўжытак Джонам Бізлі[1]. Ён быў першым даследчыкам, які пачаў вывучаць і супастаўляць іх працы сістэматычна. Для вазапісцаў паўднёва-італьянскага вазапісу (Апулія, Кампанія, Луканія, Пестум і Сіцылія) аналагічную ролю адыграў Артур Дэйл Трэндал[2].
Зноскі
- ↑ John D. Beazley. Potter and Painter in Ancient Athens. 1944.
- ↑ Arthur Dale Trendall. The red-figured vases of Lucania, Campania and Sicily [2 Bde.] (Oxford 1967)