Перайсці да зместу

Інакенцій Міхайлавіч Смактуноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інакенцій Міхайлавіч Смактуноўскі
руск.: Иннокентий Михайлович Смоктуновский
Дата нараджэння 28 сакавіка 1925(1925-03-28)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 жніўня 1994(1994-08-03)[2] (69 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Адукацыя
Месца працы
Прафесія акцёр, тэатральны акцёр, кінаакцёр
Прэміі
Ленінская прэмія
Узнагароды
IMDb ID 0810550
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інаке́нцій Міха́йлавіч Смактуно́ўскі (сапраўднае прозвішча — Смактуно́віч; 28 сакавіка 1925, сяло Таццянаўка, Томская вобласць, СССР — 3 жніўня 1994, Масква, Расія) — расійскі акцёр тэатра і кіно беларускага паходжання, чытальнік. Герой Сацыялістычнай Працы (1990), народны артыст СССР (1974), лаўрэат Ленінскай прэміі (1965) і Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя братоў Васільевых (1971). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Вобразы, створаныя Смактуноўскім на сцэне — князь Мышкін у Вялікім драматычным тэатры, цар Фёдар Іаанавіч у Малым, чэхаўскі Іваноў і Парфіры Галаўлёў у ММТ — увайшлі ў «залаты фонд» расійскага тэатральнага мастацтва.

Найлепшыя свае ролі ён сыграў у фільмах «Салдаты», «Дзевяць дзён аднаго года», «Гамлет», «Чайкоўскі», «Дамскі кравец» і ў лірычнай камедыі Эльдара Разанава «Сцеражыся аўтамабіля».

Нарадзіўся ў вёсцы Таццянаўка Томскай губерні (цяпер Шагарскі раён Томскай вобласці); быў другім з шасцярых дзяцей у сям’і Міхаіла Пятровіча Смактуновіча (1899—1942) і Ганны Акімаўны Махневай (1902—1985). Па паходжанні беларус[3]. У адным з інтэрв’ю расказваў пра свайго прадзеда Мікалая Смактуновіча: «Ён служыў егерам у Белавежскай пушчы і ў 1861 годзе забіў зубра. Хтосьці „настукаў“, і яго саслалі ў Сібір — разам з усёй сям’ёй».

У 1929—1930-х гадах бацьку і дзеда раскулачалі і рэпрэсавалі. Дзядзька акцёра, Рыгор Пятровіч Смактуновіч, быў расстраляны ў 1937 годзе па «справе аб стварэнні кадэцка-манархісцкай арганізацыі».

У 1929 годзе сям’я Смактуновічаў, ратуючыся ад голаду, пакінула вёску. Не жадаючы ісці ў калгас, бацькі пераехалі спачатку ў Томск, затым у Краснаярск, дзе жыла родная сястра бацькі, Надзея Пятроўна, — у галодным 1932 годзе, не маючы ўласных дзяцей, яна ўзяла да сябе на выхаванне Інакенція і яго брата Уладзіміра. Брат неўзабаве памёр, а Інакенцій вымушаны быў красці на рынку, каб выжыць[4]. Бацька, адораны выдатнай фізічнай сілай, працаваў грузчыкам у краснаярскім порце. З пачаткам вайны ён быў прызваны ў войска, ваяваў у складзе 637-га стралковага палка і ў жніўні 1942 года прапаў без вестак; як высветлілася пазней, загінуў.

У 14 гадоў Інакенцій Смактуноўскі ўпершыню трапіў у тэатр — Краснаярскі драматычны тэатр імя А. С. Пушкіна; праз шмат гадоў ён расказваў пра першы ўбачаны спектакль: «Цяпер ужо я разумею, што гэта было проста кепска і безгустоўна, але тады выйшаў ўзрушаны… Напэўна, я быў вельмі добрым гледачом ці ўва мне ўжо тады загаварыла нутро: трапіў дадому». Яшчэ раней, у шостым класе, ён пачаў займацца ў школьным драмгуртку, якім кіраваў акцёр Сініцын. Аднак пасля першага ж публічнага паказу «Заручыны» паводле Чэхава, у якім Смактуноўскі граў ролю Ломава, яго выгналі з гуртка.

Калі бацька пайшоў на фронт, Смактуноўскі ўзяў увесь клопат пра сям’ю: ён скончыў фельчарска-акушэрскае вучылішча, затым перайшоў на курсы кінамеханікаў, пасля заканчэння якіх у 1942 годзе працаваў у размешчанай у Краснаярску воінскай часці і шпіталі пры ёй. У тым жа годзе ён паступіў статыстам у Краснаярскі драматычны тэатр; праз шмат гадоў акцёр прызнаўся ў адным са сваіх інтэрв’ю, што навучыўся падрабляць тэатральныя квіткі: купляць квіткі кожны дзень не было ніякай магчымасці, а жыць без тэатра ён ужо не мог.

Гвардыі сяржант Інакенцій Смактуновіч

У студзені 1943 года Смактуноўскі быў прызваны ў армію і накіраваны ў Кіеўскае пяхотнае вучылішча, якое знаходзілася ў той час у Ачынску. У жніўні таго ж года ў тэрміновым парадку ён быў адпраўлены без прысваення афіцэрскага звання радавым на фронт, на папаўненне 75-й гвардзейскай стралковай дывізіі.

На пасадзе сувязнога штаба 212-га гвардзейскага палка гэтай дывізіі ён удзельнічаў у баях на Курскай дузе, фарсіраванні Дняпра, у аперацыі па вызваленні Кіева. За баявыя данясенні ў штаб 75-й дывізіі пад агнём праціўніка цераз Дняпро Смактуноўскі быў узнагароджаны першым медалём «За адвагу». Гэты медаль акцёр атрымаў толькі 49 гадоў праз на сцэне Мастацкага тэатра імя А. П. Чэхава, пасля спектакля «Кабала святош» паводле Булгакава).

У снежні 1943 года пад Кіевам Смактуноўскі трапіў у палон, месяц правёў у лагерах для ваеннапалонных у Жытоміры, Шапятоўцы, Бярдзічаве. 7 студзеня 1944 года ўцёк з палону. Цягам месяца яго хавала ў сваім доме ўкраінская сям’я. «Можа быць, менавіта тут, — напіша пазней Раіса Беньяш, — дзе з рызыкай для ўласнага жыцця людзі вярнулі жыццё знясіленаму салдату, упершыню даведаўся Смактуноўскі рэальны кошт чалавечнасці». Сувязь з членамі гэтай сям’і ён захоўваў да канца жыцця. У тым жа доме Смактуноўскі пазнаёміўся з намеснікам камандзіра партызанскага атрада Камянец-Падольскага злучэння, у які і ўступіў у лютым 1944 года.

У траўні партызанскі атрад аб’яднаўся з 318-м гвардзейскім стралковым палком 102-й гвардзейскай стралковай дывізіі. З гэтым палком, на пасадзе камандзіра аддзялення роты аўтаматчыкаў, гвардыі малодшы сяржант Смактуноўскі прымаў удзел у вызваленні Варшавы. Як сказана ў загадзе аб узнагароджанні, за тое, што ў баях пры прарыве абароны суперніка ў раёне вёскі Лорцэн 14 студзеня 1945 года яго аддзяленне адным з першых уварвалася ў траншэі суперніка і знішчыла пры гэтым каля 20 немцаў, ён быў узнагароджаны другім медалём «За адвагу». Вайну скончыў у нямецкім горадзе Грэвесмюлен.

Тэатр. Да Мышкіна

[правіць | правіць зыходнік]

Дэмабілізаваўся ў кастрычніку 1945 года, вярнуўся ў Краснаярск. Не маючы падтрымкі спачатку хацеў паступіць у лесатэхнічны інстытут, але стары прыяцель па школьным драмгуртку паведаміў, што мясцовы тэатр арганізаваў студыю: «Будзем весці лёгкае, прыемнае, вясёлае, бесклапотнае жыццё». Праз трыццаць гадоў, у зеніце славы, акцёр скажа: «Было ў маім жыцці шмат усякага: і дрэннага і прыгожага. Адзінага не было толькі і, пэўна, ніколі не будзе — лёгкасці і бесклапотнасці».

Хаця Смактуноўскі ўцёк з нямецкага палону, сам факт знаходжання ў палоне адгукнуўся ў пасляваенныя гады: як «нядобранадзейны», ён атрымаў «мінус 39» — забарону на пражыванне ў 39 найбуйнейшых гарадах. Пасля нядоўгай вучобы ў студыі пры Краснаярскім драматычным тэатры імя А. С. Пушкіна (1945—1946), «не глынуўшы нават азбучных ісцін акцёрскай прафесіі», ён набіраў досведу тых краях, далей якіх не ссылалі: у 1946—1946 тэатра драмы ў Нарыльску, у якім служылі пераважна зняволеныя Нарыльлага, у іх ліку Георгій Жжонаў. Менавіта тут, у Нарыльску, у разгар «барацьбы з касмапалітызмам», на патрабаванне дырэктара тэатра вымушаны змяніць прозвішча, — у 1966 годзе Смактуноўскі падпісаў Ліст 25 дзеячаў культуры і навукі Леаніду Брэжневу супраць рэабілітацыі Сталіна.

Увесну 1951 года акцёр захварэў на цынгу, што прымусіла яго годам пазней перасяліцца на поўдзень: пасля нядоўгага знаходжання ў Грозным, у Рускім драматычным тэатры імя М. Ю. Лермантава, Смактуноўскі апынуўся ў Махачкале, дзе служыў у Дагестанскім рускім драматычным. У 1953—1954 гадах ён жыў у Сталінградзе і выступаў на сцэне Абласнога драматычнага тэатра імя М. Горкага. За гэтыя гады яму давялося сыграць Белагубава ў «Даходным месцы» А. Астроўскага і нават Хлестакова, двойчы — у Махачкале і ў Сталінградзе.

Зноскі

  1. Смоктуновский Иннокентий Михайлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Record #119033739 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 28 красавіка 2014.
  3. Иннокентий Смоктуновский. Жизнь и роли, 2002, с. 7.
  4. Иннокентий Смоктуновский. Жизнь и роли, 2002, с. 8—9.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).