Індская цывілізацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Індская цывілізацыя
Бронзавы век
Intaglio seal (H97-3433-7617-01) Indus Fish symbol .pngПячатка, каля 2200 г. да н. э.
Геаграфічны рэгіён Паўднёвая Азія
Лакалізацыя Пакістан, Індыя, Афганістан
Датаванне сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н. э. — першая трэць 2 тысячагоддзя да н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Індская-цывілізацыя.jpg
Commons-logo.svg Індская цывілізацыя на Вікісховішчы

І́ндская цывілізацыя, цывілізацыя даліны ракі Інд, цывілізацыя Інда і Сарасва́ці, Хара́пская цывілізацыя, старажытная даарыйская цывілізацыя (археалагічная культура) Індыі. Існавала з сярэдзіны ІІІ тысячагоддзя да н.э. да 1716 стагоддзяў да н.э. на паўночным захадзе паўвострава Індастан (на тэрыторыі сучасных Індыі, Пакістана і Афганістана). Адзін з самых ранніх ачагоў урбаністычнай культуры народаў свету.

Адрыта болей за 1000 помнікаў: першасныя земляробчыя паселішчы (Мергарх), руіны буйных гарадоў (Харапа, Махенджа-Дара, Ракхігархі, Ганверывал), марскіх портаў (Латхал і Дхалавіра), памежных крэпасцей, вёсак (Алахдзіна). Археалагічныя знаходкі паказваюць існаванне развітых гандлёвых сувязей з суседзямі і аддаленымі краінамі — Бахрэйнам, Бактрыйска-Маргіянскай цывілізацыяй, магчыма з Шумерам.

Аснова эканомікі — жывёлагадоўля (зебу, курыца, буйвалы, свінні) і ірыгацыйнае земляробства (пшаніца, проса, ячмень, рыс). Развітыя манументальнае будаўніцтва, металургія медзі і бронзы.

Заняпад Індскай цывілізацыі верагодна вызначаўся некалькімі прычынамі: тэктанічным зрухам і паводкамі, спусташэннем і забалочваннем глебы, эпідэміямі і войнамі. Дравідыйскае насельніцтва даліны Інда ў гэтыя часы змяшчаецца на паўднёвы ўсход і страчвае былы ўзровень развіцця.

Генетычна звязанай з Індскай (Харапскай) цывілізацыяй лічаць постхарапскую культуру. Уплыў Індскай цывілізацыі прасочваецца ў культуры сучасных народаў Індыі і Пакістана. Індская цывілізацыя не аказала істотнага ўплыву на культуру індаарыяў — новага старажытнаіндыйскага ачагу цывілізацыі ў даліне Ганга, аддаленага ад Індскага больш як на тысячу кіламетраў.

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Першым вядомым помнікам Індскай цывілізацыі стала Харапа. выпадкова адкрытая ў 1826 г.[1] Ужо ў той час помнік моцна пацярпеў з-за мясцовых жыхароў, якія карысталіся знойдзенай у ім цэглай. У 18721873 гг. брытанскія археолагі арганізавалі яго першыя навуковыя раскопкі[2]. Яны прынялі Харапу за болей позні будысцкі цэнтр старажытнай Індыі. Тым не меней, знаходка пячаткі з невядомымі знакамі, якія маглі быць літарамі, выклікалі цікавасць спецыялістаў, і ў 19201921 гг. Археалагічная служба Брытанскай Індыі пачала болей шырокія даследаванні.

У 1919 г. стала вядома, што падчас будаўніцтва чыгункі ў Сіндзе, рабочыя выкарыстоўвалі старую цэглу з кургана Махенджа-Дара. Археалагічная служба накіравала туды свайго служачага Р. Д. Банерджы. Ён абследаваў мясцовасць, зрабіў пробныя раскопкі, выявіў новыя артэфакты і пераканаўся, што пад курганам пахавана старажытнае паселішча[3]. У 1924 г. Джон Маршал, кіраўнік Археалагічнай службы, параўнаў знаходкі з Харапы і Махенджа-Дара і прыйшоў да высновы, што адкрыта раней не вядомая старажытная цывілізацыя[4]. Канчаткова Індская (Харапская) цывілізацыя была вылучана як самастойная ў 1931 г.

Да канца першага дзесяцігоддзя XXI ст на тэрыторыі Пакістана і Індыі было адкрыта 1022 помнікі Індскай цывілізацыі[5], аднак толькі 10 % з іх дастаткова даследаваны, некаторыя выклікаюць спрэчкі або далучаюцца да суседніх археалагічных культур, што знаходзіліся пад уплывам Індскай цывілізацыі.

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна агульная храналогія Індскай цывілізацыі абапіраецца на перыядызацыю развіцця Харапы, вызначаную археолагамі. Яна ўключае наступныя перыяды[6]:

  • Дахарапскі / Ранні харапскі (3500 — 2600 гг. да н. э.)
  • Сталы / Гарадскі харапскі (2600—1900 гг. да н. э.)
  • Паслягарадскі харапскі (1900—1400 гг. да н. э.)

Фарміраванне[правіць | правіць зыходнік]

Руіны паселішча 6 тысячагоддзя да н. э. у Мергарху

Паходжанне стваральнікаў і насельнікаў Індскай цывілізацыі з’яўляецца спрэчным. У Індыі з боку палітыкаў, культурных і рэлігійных дзеячоў, а таксама гісторыкаў не аднойчы выказваліся думкі пра індаеўрапейскае паходжанне гарадской культуры старажытнай даліны Інда або пра заснаванне Індскай цывілізацыі выхадцамі з заходняй часткі плато Дэкан[7][8][9]. Да сёй пары яны не знайшлі навуковага падцверджання.

Большасць даследчыкаў лічыць, што насельніцтва Індскай цывілізацыі было дравідамоўным. Гэтая гіпотэза таксама не мае ясных доказаў, паколькі пісьмовыя знакі, знойдзеныя падчас раскопак старажытных помнікаў, не расшыфраваны. Найбольш слынным доказам з’яўляюцца палеагенетычныя даследаванні, якія паказваюць сувязь паміж жыхарамі ўсходняй часткі Індскай цывілізацыі 3 тысячагоддзя да н. э. з сучасным насельніцтвам паўднёвай Індыі[10], дзе дамінуюць дравідамоўныя народы. Аднак міграцыя продкаў стваральнікаў Індскай цывілізацыі адбывалася не з поўдню, а з захаду. Мяркуецца, што яны прыйшлі з Іранскага нагор’я[11] каля 8 тысячагоддзя да н. э. ў эпоху, што папярэднічала ўзнікненню сельскай гаспадаркі. Дзякуючы спрыяльным кліматычным умовам, што ўсталяваліся ў Паўднёвай Азіі, яны насялілі паўночны захад Індыйскага субкантынента ўжо да пачатку дахарапскага перыяда[12].

Значна лепей вывучана фарміраванне культуры Індскай цывілізацыі з археалагічнага пункту гледжання. Найстаражытнейшым вядомым месцам, звязаным з яе ўзнікненнем, з’яўляецца Мергарх у перадгорнай частцы сучаснага Белуджыстана. Ён уяўляе сабою раскоп 11 м у глыбіню. Паселішча на месцы Мергарха ўзнікла ў сярэдзіне 7 тысячагоддзя да н. э. і праіснавала да сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э.[13] Гэта месца прыцягвала людзей наяўнасцю радовішча медзі. Яны жылі ў хацінах з сырцовай цэглы, вырошчвалі ячмень, пшаніцу, фінікавую пальму, ўнабі, магчыма — бавоўнік, трымалі кароў, займаліся паляваннем, апрацоўвалі косць.

Першасна пасяленцы выраблялі пасудзіны з трыснёгу, які пакрывалі асфальтам, але з сярэдзіны 6 тысячагоддзя пачалі вытворчасць керамікі. Адначасова адбыліся змены ў будаўніцтве. Будынкі з высушанай на сонцы цэглы сталі ўзводзіцца прасторнымі, сіметрычна падзеленымі на невялікія квадратныя або прастакутныя блокі. У іх не было дзвярэй і жылых парэштак, што наводзіць на думку пра тое, што хаця б некаторыя з іх з’яўляліся сховішчамі збожжа ці іншых тавараў, што выкарыстоўваліся сумесна. Іншыя будынкі ўяўляюць сабой стандартныя памяшканні, дзе займаліся рамяством, у тым ліку вырабам пацерак. У медным веку адзінае паселішча ператварылася ў некалькі асобных, злучаных ірыгацыйнымі каналамі[14]. Пры даследаванні цел у магільнях было выяўлена, што мергархцы былі добра знаёмы са стаматалогіяй.

У канцы 5 тысячагоддзя да н. э. адбылося пашырэнне сельскагаспадарчых паселішчаў у горных і перадгорных раёнах. На мяжы 5 тысячагоддзя да н. э. і 4 тысячагоддзя да н. э. заўважны першыя прыкметы ўрбанізацыі[15]. Раскопкі ў пагорыстых мясцінах абапал Інда прывялі да адкрыцця старажытных населеных пунктаў, што да пачатку сталага харапскага перыяду прайшлі шлях ад вёсак да гарадоў з насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек. На рачных раўнінах гэты працэс быў болей запаволеным. Так, у другой палове 4 тысячагоддзя да н. э. у наваколлях будучай Харапы пераважалі адносна невялікія паселішчы рыбакоў, паляўнічых і земляробаў. Відавочна, падвышэнне колькасці насельніцтва там пачалося не раней за 3 тысячагоддзе да н. э.

Адной з прычын, якая садзейнічала поспеху сельскай гаспадаркі і пашырэнню паселішчаў, былі надзвычай спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Аналіз ізатопнага склада кіслароду ў фасфатах костак і зубоў свойскай жывёлы, зроблены індыйскімі вучонымі[16], сведчыць пра тое, што каля 9 — 8 тысяч гадоў таму на захадзе Індыйскага субкантынента ўсталяваўся клімат, значна болей вільготны, чым у нашы дні. Рачная сетка паміж Гімалайскім рэгіёнам і Аравійскім морам была значна шырэйшай. На ўсход ад сучаснага рэчышча Інда існавалі іншыя буйныя рэкі, у тым ліку Сарасваці, пазней узгаданая ў Рыгведзе. На месцы Качскага Рана, знакамітага сваімі саланчакамі, у тую пару месцілася плыткаводдзе[17]. Шчодрыя мусоны абрашалі схілы пагоркаў і такім чынам спрыялі атрыманню ўстойлівых ураджаяў. Аднак на раўнінах і нізінах яны выклікалі паводкі і заміналі развіццю гаспадаркі.

З другой паловы 4 тысячагоддзя да н. э. інтэнсіўнасць мусонаў пачала зніжацца. Рачныя даліны сталі болей прыцягальнымі, а на аддаленых ад іх землях адбывалася апустыньванне. У перыяд 3200 — 2600 гг. да н. э. многія дахарапскія паселішчы апынуліся пакінутымі[18]. Такі лёс нападкаў і Мергарх. Магчыма, што далейшая міграцыя на ўсход суправаджалася пераходам ад пераважнага вырошчвання пшаніцы і ячменя да рысаводства. Рыс як ядомая расліна вядомы ў Паўднёвай Азіі з 7 тысячагоддзя да н. э., але яго вырошчванне і распаўсюджанне ў гэтай вобласці звычайна адносяць да першай паловы 3 тысячагоддзя да н. э.[19] Ён выдатна прыстасаваны да спякоты і лішкаў вільгаці, вытрымлівае сезонныя паводкі, яго збожжа па якасці мала саступае пшаніцы.

Сталы перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Вялікая купальня ў Махенджа-Дара

Сталы перыяд развіцця Індскай цывілізацыі звязаны з урбанізацыяй і ўзнікненнем у рачных далінах буйных гарадоў. Самыя вялікія гарады (Ракхігархі, Махенджа-Дара, Харапа, Ганверывал і Дхалавіра) значна пераўзыходзілі па плошчы і насельніцтву гарадскія паселішчы іншых цывілізацый таго часу — Шумера, Старажытнага Егіпта і Бактрыйска-Маргіянскага комплекса. Так, Махенджа-Дара займаў каля 100 га, у ім магло жыць каля 40 000 чалавек[20][21]. Плошча Харапы дасягала 150 га, а гарадское насельніцтва ацэньваецца ў 23 500 чалавек[22].

Паколькі першыя адкрытыя археолагамі буйныя гарады Індскай цывілізацыі месцяцца адносна недалёка ад сучаснага рэчышча Інда, то некаторы час лічылася, што менавіта яны былі яе галоўнымі цэнтрамі, а паселішчы на ўсход з’явіліся пазней і былі значна меншымі. Аднак раскопкі Ракхігархі, што пачаліся ў 1969 г. і інтэнсіўна праводзяцца з 1997 г., абверглі гэты пункт гледжання. Урбанізацыя Ракхігархі пачалася ў XXVI ст. да н. э., тады ж, калі і Харапы. Ён быў большым за Махенджа-Дара. У ім магло жыць да 60 000 чалавек на плошчы каля 350 га[23]. Даследаванне керамікі вакол Калібангана[24] таксама дэманструе старажытнасць паселішчаў усходняга арэала Індскай цывілізацыі. Такім чынам, агульная тэрыторыя распаўсюджвання сфарміраванай у ёй культуры ахоплівала да 1,5 млн км²[25], што амаль утрая пераўзыходзіць плошчу сучаснай ёй Акадскай імперыі.

Гарады Індскай цывілізацыі будаваліся па плану. Яны ўзводзіліся на ўзвышшах, каб прадухіліць затапленні падчас паводкі, часам ніжняя частка ўмацоўвалася сырцовымі цаглінамі. Вылучаліся 2 асноўныя раёны — цытадэль і ніжні горад. Цытадэль знаходзілася вышэй за астатнія будынкі, мела форму паралелаграма, была абаронена мурам. У яе склад уваходзілі не толькі памяшканні, але таксама збожжасховішча і грамадскія пабудовы, штучныя купальні з пандусамі. Так, Вялікая купальня ў Махенджа-Дара мае 12 м у даўжыню, 7 м у шырыню, 2,4 м у глыбіню. У яе вялі 2 лесвіцы, што скончваліся выступам, па якому можна было рухацца ўздоўж вады. Дно і бакавыя сцены не прапускалі ваду дзякуючы добра падагнаным цаглінам, пакрытым гіпсавай тынкоўкай. Купальня была схавана ад астатняга горада калонамі, паміж якімі нацягвалася шырма. З усходняга краю да яе прымыкалі пакоі, дзе меўся калодзеж[26].

Ніжні горад складаўся з сеткі роўных вуліц, накіраваных па бакам свету. Паміж вуліцамі месціліся падобныя на прамавугольнікі жылыя кварталы. Напрыклад, у Латхале існавала 6 кварталаў, у кожным меўся асабісты пляц. Усе жытлы былі прыкладна аднолькавымі. Яны будаваліся з цэглы, складаліся з адкрытых тэрас, акружаных пакоямі[27]. Некаторыя жытлы мелі 2 паверхі, падлога ў іх брукавалася. Падобна на тое, што нават бедныя гараджане маглі дазволіць сабе адносна камфортныя жыллёвыя ўмовы. Дзіўным выглядае адсутнасць палацаў, спецыяльных храмавых пабудоў і ваенных помнікаў.

Гарады Індскай цывілізацыі адметны сістэмай водаразмеркавання і каналізацыі. Звычайна асобныя дамы або кварталы забяспечваліся вадою з калодзежаў. У Махенджа-Дара іх было 700. Ваду ўздымалі з дапамогай прыстасаванняў накшталт чыгіроў і шадуфаў. Ва ўнутраных дварах або ў асобных пакоях кожнага дома ладзіліся месцы для абмывання і спраўлення натуральных патрэб. Забруджаная вада накіроўвалася па тэракотавых трубах або ў выграбную яміну, або ў закрытыя сцёкі ўздоўж вуліц, каб потым быць выдаленай за межы горада[28]. Цвёрдыя адыходы прасейваліся праз драўляныя краты. Істотным недахопам каналізацыі было тое, што моцная паводка ці засор маглі выклікаць разліў бруду і распаўсюджанне інфекцыйных хвароб[29].

Цацка ў форме насарога на колах

Асновай гаспадаркі буйных гарадоў было рамяство. Важнай галіной з’яўлялася вытворчасць керамікі[30]. Мясцовыя ганчары выраблялі паліваныя, разьбяныя, паліхромныя, перфараваныя і бугорчатыя пасудзіны ў форме кубкаў, тазоў, пляшак, талерак, цыліндраў, шклянак з пляскатым дном, гарлачоў, ваз і посуду на падстаўцы (відавочна, для фіміяму). Іх паверхня размалёўвалася геаметрычнымі ўзорамі, выявамі раслін і жывёл. Аднастайнасць формаў і малюнкаў на гліняным посудзе дэманструе адзіныя традыцыі, што існавалі на вялікай тэрыторыі. Дзякуючы абпальванню гліняных сумясей высокімі тэмпературамі ганчары навучыліся ствараць цвёрдую кераміку са шчыльнай структурай, падобную на фаянс[31]. З яе выраблялі пацеркі, бранзалеты і пломбы. Гліна таксама ўжывалася для вырабу цэглы, бруку, цацак, статуэтак, дэкаратыўных элементаў і інш.

Індскія майстры дасягнулі выдатных вынікаў у апрацоўцы каменю. Простая апрацоўка крэменю адбывалася ўжо ў месцах здабычы[32]. Мыльны камень перавозілі ў рамесныя цэнтры. Ён шырока ўжываўся разьбярамі для стварэння пячатак, гузікаў, пацерак. Гузікі былі вынаходніцтвам прадстаўнікоў Індскай цывілізацыі[33]. Мяркуецца, што першапачаткова яны з’яўляліся ўпрыгожваннем. Каштоўныя і паўкаштоўныя камяні нароўні з ракавінамі, металамі, керамікай і слановай косцю выкарыстоўваліся для вырабу ўпрыгожванняў[34][35]. На поўначы сучаснага Афганістана існавала паселішча Шартугай, якое меркавана з’яўлялася калоніяй прадстаўнікоў Індскай цывілізацыі[36]. Іх прыцягнулі так далёка на поўнач радовішчы лазурыту, што здабываўся ў наваколлі.

Хаця вытворчасць медзі і медных вырабаў была вядома ўжо ў дахарапскі перыяд, металургія дасягнула росквіту ў час існавання буйных гарадоў. Прадстаўнікі Індскай цывілізацыі шырока ўжывалі вырабы з медзі, волава, бронзы, срэбра і золата. З гэтых металаў рабілі ўпрыгожванні, пасудзіны, статуэткі, навершы стрэл і дзідаў, нажы, сельскагаспадарчыя прылады. Найчасцей сустракаюцца прадметы з медзі. Нават у бронзавых вырабах колькасць волава і іншых дадаткаў рэдка перавышае 30 %. Для выплаўкі з медзі складаных прадметаў патрэбны высокія тэмпературы, але на тэрыторыі гарадоў плавільныя печы не былі знойдзены. Тое, што археолагі першапачаткова прынялі за плавільні ў Харапе, пазней было інтэрпрэтавана як печы для крэмацыі[37]. Пра прыёмы працы індскіх металургаў сучасныя спецыялісты вымушаны разважаць на аснове аналізу ўжо гатовых вырабаў.

Поруч з гарадамі існавалі меньшыя па плошчы населеныя пункты, у тым ліку вёскі, насельніцтва якіх займалася сельскай гаспадаркай. Індскія сяляне вырошчвалі пшаніцу, ячмень, рыс, 2 віды проса, бабовыя, бамію, кунжут, гарчыцу, часнык, імбір, цукровы трыснёг, вінаград, розную садавіну[38]. Звычайным харчам быў хлеб, выпечаны на патэльні ў выглядзе аладкі. Падчас раскопак Калібангана былі знойдзены падземныя печы для прыгатавання ежы[39]. Збожжа захоўвалі ў ямінах.

Даследаванне ліпідаў на рэштках пасудзін паказала, што індцы ўжывалі шмат мяса свойскай жывёлы[40][41]. Яны трымалі зебу, свінняў, буйвалаў, коз, авечак, курэй. Раскопкі вёскі Алахдзіна на поўдні сучаснага Пакістана выявілі важнасць жывёлагадоўлі для мясцовай эканомікі[42]. Відавочна, жывёла выкарыстоўвалася не толькі для забеспячэння малаком і мясам, але і для абмену. Важным земляробчым вынаходніцтвам быў цяжкі плуг, якім узворвалі глебу з дапамогай быкоў. Аднак вяскоўцы з Алахдзіна ведалі і камерцыйнае рамяство. Яны займаліся вытворчасцю тканін з бавоўны[43]. Тканіны фарбавалі з дапамогай пігментаў мінеральнага і расліннага паходжання. Даследаванне сельскіх паселішчаў Індскай цывілізацыі ў Хар’яне прадэманстравала тое, што іх жыхары займаліся земляробствам без бачнага вонкавага прымусу, адначасова вырошчвалі некалькі ядомых культур для падстрахоўкі ад неўраджаю і ведалі севазварот[44].

Пячатка з выявай слана і піктаграмамі

Доказам шчыльных унутраных сувязей Індскай цывілізацыі з’яўляецца стандартызацыя мер вагі. У якасці гір выкарыстоўвалі паралелепіпедападобныя каменныя або тэракотавыя брусы. Найменьшы важыў 0,55 г., найбольш цяжкі — 11467,6 г. Адхіленне ад стандарту не перавышала 5 %[45]. Прадстаўнікі Індскай цывілізацыі таксама карысталіся прамавугольнымі штампаванымі пячаткамі з мыльнага каменю ад 2 см да 3 см. На іх выразаліся выявы звяроў, раслін, прадметаў, прылад, фантастычных істот, піктаграм. Відавочна, такія пячаткі насілі на шыі ў якасці ўпрыгожвання. Але іх галоўнае прызўначэнне было ў прыкладанні да вільготнай гліны для стварэння пломбаў-адбіткаў. Археолагамі былі выяўлены тысячы пячатак і пломбаў. На пломбах былі знойдзены сляды вяроўкі, якія дазваляюць выказаць здагадку, што імі кляймілі змацаваныя звязкі тавараў. Надпісы на пячатках могуць паказваць права ўласнасці, а выявы з’яўляюцца эмблемамі пэўных асоб і гандлёвых аб’яднанняў[46].

Першая пячатка з піктаграмамі была знойдзена ў Харапе падчас раскопак 18721873 гг. Ужо тады узнікла пытанне, ці з’яўляюцца таямнічыя знакі пісьмом? З тых часоў вучоныя не прыйшлі да адназначнай высновы. Вядома, што адзінкавыя знакі сустракаюцца на керамічным посудзе 3500 — 2700 гг. да н. э.[47] У сталы перыяд іх размяшчалі разам, прычым многія знакі паўтараюцца сістэматычна, што можа сведчыць пра тое, што яны адлюстроўваюць пэўную мову[48]. У Дхалавіры была знойдзена шыльда са знакамі даўжынёй 3 м. Аднак сэнс індскіх піктаграм і адлюстроўваемая імі мова да сёй пары не вядомы[49]. Адсутнасць расшыфраванага пісьма — адна з галоўных прычын нашых абмежаваных ведаў пра структуру, палітычныя падзеі, рэлігію і філасофію тагачаснага грамадства.

Транспартыроўка людзей і грузаў на вялікія адлегласці магла здзяйсняцца часткова па сушы. Вядомы шматлікія выявы запрэжак, на якіх прысутнічаюць двухколавыя і чатырохколавыя вазы. У якасці запражных жывёл выкарыстоўвалі быкоў[50]. Развітая рачная сетка дазваляла карыстацца лодкамі. Іх выявы сустракаюцца з ранняга харапскага перыяда. У Латхале былі знойдзены 3 розныя тыпы тэракотавых мадэляў суднаў. Першы тып уяўляў сабою карабель з ветразем. Ён меў востры кіль, завостраны нос і тупую карму. Другі тып адрозніваўся выгнутымі высокімі бартамі, вострым кілем і мог быць забяспечаны мачтай. Трэці тып прадстаўлены лодкамі з плоскім дном, прызначанымі для руху па рэках. Захаваліся каменныя якары. Латхал з’яўляўся важным марскім портам. У ім быў выяўлены штучны вадаём з цэглы (219×37 м), магчыма карабельны док. Яшчэ некалькі марскіх портаў знойдзены на паўвостраве Катхіявар[51].

Прадстаўнікі Індскай цывілізацыі былі вымушаны падтрымліваць вонкавыя сувязі, паколькі мелі патрэбу ў крэмніі і металах, якіх амаль не было на тэрыторыі, асвоенай імі. Так, медзь і волава дастаўлялі з Белуджыстана і Афганістана[52], магчыма з Гімалайскага рэгіёна і Амана. Прадметы, зробленыя індскімі майстрамі, знаходзяць на месцы гарадоў Бактрыйска-Маргіянскага комплекса ў Сярэдняй Азіі, на Аравійскім паўвостраве[53], дзе ў другой палове 3 тысячагоддзя да н. э., квітнела культура Ум-аль-Нар. Многія навукоўцы прытрымліваюцца думкі, што існавалі прамыя сувязі паміж Індскай цывілізацыяй і Месапатаміяй. Доказаў гэтага няшмат — знаходкі карнеолу ў Уры, апрацаванаму па харапскай тэхналогіі, а таксама ўпрыгожванняў з ракавін з узбярэжжа паўднёвага захаду Індастана. Ускосным доказам могуць быць агульныя для дзвюх старажытных цывілізацый матывы культурных артэфактаў[54]. Шматлікія прадметы, вырабленыя прадстаўнікамі Індскай цывілізацыі, былі выяўлены пры раскопках у Сузах, сталіцы Элама[55].

Тавары з Індскай цывілізацыі маглі трапляць у Месапатамію не наўпрост, а пры пасредніцтве іншых народаў. Такімі пасрэднікамі былі народы сучаснага Ірана[56]. Яшчэ адным важным месцам пасрэдніцкага гандлю быў Бахрэйн. Характэрна тое, што тагачасныя насельнікі гэтага вострава карысталіся мерамі вагі, запазычанымі ў Індскай цывілізацыі[57]. Аднак прыхільнікі прамых сувязей атаясамляюць Індскую цывілізацыю з краінай Мелуха, якую ўзгадвалі шумеры і акадцы[58]. Так, Сарган пахваляўся, быццам бы караблі з Мелухі прыбываюць у Акадэ, а Гудэа з Лагаша купляў у Мелусе каштоўныя камяні. Акрамя камянёў і ўпрыгожванняў, гандляры Індскай цывілізацыі маглі прывозіць баваўняныя тканіны, драўніну, слановую косць і буйвалаў. Але мала зразумела, якія тавары з Месапатаміі цікавілі іх.

Сацыяльная і палітычная пабудова грамадства Індскай цывілізацыі з’яўляецца даўнім прадметам навуковых дыскусій. Узвядзенне буйных гарадоў па плану, іх забеспячэнне, стварэнне і абслугоўванне складаных канструкцый накшталт каналізацыі і ірыгацыйнай сістэмы, увядзенне агульна прынятых стандартаў — усё гэта прыкметы добра арганізаваных супольнасцей. Першыя археолагі, якія вялі раскопкі Харапы і Махенджа-Дара, прытрымліваліся традыцыйнага пункту гледжання, што падобная арганізацыя павінна абапірацца на моцную дзяржаву і рэлігійныя інстытуты. Нездарма адну з першых знойдзеных у 19251926 гг. у Махенджа-Дара статуй з выявай мужчыны нараклі «Кароль-жрэц»[59]. Але рэчаіснае прызначэнне гэтай і іншых статуй не вядома, яны не абавязкова з’яўляліся партрэтамі[60]. Існаванне ўлады і дзяржаўнай эліты звычайна прадугледжвае наяўнасць рэзідэнцый накшталт палацаў з будынкамі вялікіх памераў, моцным фасадам, прасторнымі калідорамі і дварамі, дарагім унутраным аздабленнем. У гарадах Індскай цывілізацыі такіх няма. Умацаваныя цытадэлі не падыходзяць на ролю рэзідэнцый з-за адсутнасці адпаведных умоў. Высоўваюцца нават думкі, што гарадамі кіравала родавая арыстакратыя, якая не асабліва вылучалася сярод іншых абшчыннікаў. Аднак знешняя адсутнасць палацаў можа тлумачыцца хуткім пашырэннем гарадоў, калі наваколлі рэзідэнцый забудоўваліся, і тыя пераставалі адасабляцца ад суседніх кварталаў, іх манументальнасць гублялася[61]. Ускосным доказам з’яўляецца падцверджанне сталай міграцыі ў гарады з іншых мясцін. Так, аналіз зубоў пахаваных у Махенджа-Дара паказаў, што частку жыцця яны пілі ваду, хімічны склад якой адрозніваецца ад мясцовай[62].

Сучасныя даследчыкі тлумачаць узнікненне дзяржаўнасці ў сталай Індскай цывілізацыі першапачатковай рэгіяналізацыяй, калі буйныя гарады падпарадкоўвалі меньшыя супольнасці, а потым — інтэграцыяй, што стала паспяховай дзякуючы развіццю камунікацый і гандлю[63]. Гэта тлумачэнне абапіраецца на археалагічныя матэрыялы, але не дае яснага ўяўлення пра структуру і характар дзяржаўных утварэнняў. Нарэшце, застаецца незразумелым, ці сфарміравалася ў межах Індскай цывілізацыі адзіная дзяржава, або развіццё дзяржаўнасці спынілася на фазе гарадоў-дзяржаў? Наяўнасць стандартаў і адсутнасць звестак пра буйныя ваенныя канфлікты, якія звычайна ўзнікаюць з-за суперніцтва паміж рознымі дзяржаўнымі цэнтрамі, можа сведчыць пра існаванне буйнога дзяржаўнага ўтварэння, але прамых доказаў гэтаму няма.

Рэдкія знаходкі зброі і адсутнасць слядоў разбурэння і пажараў у гарадах сталай эпохі спарадзілі міф пра надзвычай мірны характар індскага грамадства[64][65][66]. На самой справе, сляды пажараў часцяком сустракаюцца ў паселішчах перыяду паміж 2600 г. да н. э. і 2500 г. да н. э.[67] Пазней гарады і крэпасці ахоўваліся тоўстымі мурамі, валамі і ровамі. У якасці зброі карысталіся дзідамі, сякерамі, доўгімі лістападобнымі нажамі з медзі і бронзы, булавамі з драўлянымі дзяржальнямі і каменнымі навершамі, прымацаванымі гіпсам. Стралковай зброяй з’яўляліся лук і стрэлы з доўгімі тонкімі вышчэрбленымі навершамі, а таксама прашча і кідальныя шары з гліны[68].

Акрамя дзяржавы старажытнае індскае грамадства магла гуртаваць супольная ідэалогія, увасобленая ў рэлігійных вераваннях і культах. У адсутнасці пісьмовых крыніц і манументальных рэлігійных збудаванняў навукоўцы рэканструююць рэлігійныя ўяўленні насельнікаў Індскай цывілізацыі праз выявы на пячатках, статуэткі, пахавальныя абрады і іншыя археалагічныя артэфакты. Так, некаторыя жаночыя постаці на выявах трактуюцца як багіні, а жывёлы накшталт быка або насарога як ахвярапрынашэнні[69]. Некаторыя выявы падобныя на пазнейшыя, што сустракаюцца ў ведычнай рэлігіі і індуізме. Так, у Махенджа-Дара адшукана «пячатка Пашупаці»[70], выява на якой нагадвае адну з інкарнацый Шывы. Вядомы пячаткі з выявамі свастыкі. Тым не меней, сучасныя навукоўцы схільны разглядаць не толькі падабенствы, але і адрозненні, таму не атаесамляюць рэлігію Індскай цывілізацыі з пазнейшымі рэлігіямі Індыі. Археолагамі былі знойдзены агмені, што маглі выкарыстоўвацца для ахвярапрынашэнняў. Мяркуецца, што грамадскія купальні з'яўляліся месцамі для рытуальнага ачышчэння.

Прадстаўнікі Індскай цывілізацыі ведалі 2 тыпа пахаванняў праз пакладанне цела ў зямлю і крэмацыю. Большасць належаць да першага тыпу. Не вядома, ці існавала розніца ў пахаванні ад сацыяльнага статуса і паходжання. Толькі 20% магільняў належаць жанчынам, меней за 1% — дзецям, астатнія пахаваныя — дарослыя мужчыны. Звычайна пахаванні мелі індывідуальны характар. Вядомы толькі 2 выпадкі парных пахаванняў мужчын з жанчынамі, некалькі групавых пахаванняў, а таксама магільні без пахаванняў (відавочна, для загінулых удалечыні, ахвяр дзікіх жывёл, зніклых і г. д.)[71]. Колькасць рэчаў у магільнях не вялікая, нават у параўнанні з дахарапскім перыядам. Гэта можна патлумачыць тым, што каштоўнасць рэчаў вызначалася са свецкага і духоўнага пунктаў гледжання. Свецкія рэчы лічыліся нікчэмнымі для мёртвых[72]. Даследаванне пахаванняў дае дадатковую інфармацыю аб паўседзённым жыцці. Аналіз чалавечых рэштак паказаў, што прадстаўнікі Індскай цывілізацыі харчаваліся аднолькава добра, аднак пакутвалі ад такіх захворванняў, як лепра, туберкулёз[73], малярыя, анемія[74] і інш.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Harappa: Capital City of the Ancient Indus Civilization
  2. Introduction — Harappa
  3. Scientist of the Day — R. D. Banerji
  4. MOHENJO-DARO AND THE INDUS CIVILIZATION
  5. Upinder Singh, A History of Ancient and Early Medieval India: From the Stone Age to the 12th Century, p. 137
  6. HARAPPAN CIVILIZATION
  7. Who built the Indus Valley civilisation?
  8. The Myth of the Aryan Invasion
  9. Haryana discovery that promises to challenge our ancient history
  10. First ancient DNA from Indus Valley civilization links its people to modern South Asians
  11. Where did the Indus Valley people come from?
  12. Indus era 8,000 years old, not 5,500; ended because of weaker monsoon
  13. Archaeological Site of Mehrgarh — UNESCO World Heritage
  14. Mehrgarh, Pakistan and Life in the Indus Valley Before Harappa
  15. Indus-Sarasvati Civilization
  16. Indus era 8,000 years old, not 5,500; ended because of weaker monsoon
  17. Tracing the Vedic Saraswati River in the Great Rann of Kachchh
  18. Early Harappan (3200-2600 BC)
  19. History of rice cultivation
  20. Lost City of Mohenjo Daro
  21. Life in Ancient Cities
  22. Indus River Valley civilizations
  23. Rakhigarhi, the biggest Harappan site
  24. Tejas Garge, Sothi-Siswal Ceramic Assemblage: A Reappraisal
  25. Historical Beginnings: The Indus Valley Civilisation
  26. «Great Bath» Mohenjo-Daro
  27. Architecture in Indus Valley Civilization
  28. Health And Sanitation
  29. Did Coronavirus-like Epidemic Cause the Collapse of Indus Valley Civilization?
  30. Indus Valley Civilization Pottery
  31. George F. Dales, Some Specialized Ceramic Studies at Harappa
  32. Paolo Biagi and Elisabetta Starnini, Technological choices and lithic production in the Indus period: Case studies from Sindh (Pakistan)
  33. THE HISTORY OF THE BUTTON
  34. Jewelry in Indus Valley Civilization
  35. J.M. KENOYER, ORNAMENT STYLES OF THE INDUS VALLEY TRADITION: EVIDENCE FROM RECENT EXCAVATIONS AT HARAPPA, PAKISTAN
  36. Louis Dupree, Notes on Shortugai: An Harappan Site in Northern Afghanistan
  37. Vibha Tripathi, Metals and Metallurgy in the Harappan Civilization
  38. What kinds of things did the Indus people eat?
  39. Kalibangan — Harappa
  40. Indus Valley civilisation diet had dominance of meat, finds study
  41. FAT RESIDUE FOUND IN HARAPPAN CIVILISATION COOKING POTS SHOW THAT THEY CONSUMED MEAT
  42. Walter Fairservis, Jr. CATTLE AND THE HARAPPAN CHIEFDOMS OF THE INDUS VALLEY
  43. Allahdino — Harappan Site of Pakistan
  44. Jennifer Bates, Social organization and change in the Indus Civilization; phytolith analysis of crop processing aims at Masudpur VII
  45. M N Vahia and Nisha Yadav, Harappan Weights
  46. An Indus Seal
  47. Indus Script
  48. K. Kris Hirst, Indus Seals and the Indus Civilization Script
  49. Paul D. LeBlanc, Indus Epigraphic Perspectives: Exploring Past Decipherment Attempts & Possible New Approaches
  50. Jonathan Mark Kenoyer, Wheeled Vehicles of the Indus Valley Civilization of Pakistan and India
  51. S.R. Rao, SHIPPING AND MARITIME TRADE OF THE INDUS PEOPLE
  52. Jonathan M. Kenoyer and Heather M.-L. Miller, Metal Technologies of the Indus Valley Tradition in Pakistan and Western India
  53. Dennys Frenez, The Indus Civilization Trade with the Oman Peninsula
  54. Connections between ancient India and ancient Mesopotamia
  55. Guha, S. Negotiating Evidence: History, Archaeology and the Indus Civilisation // Modern Asian Studies. Vol. 39, no. 2., 2005. P. 399—426
  56. Michèle Casanova, Exchanges and trade during the Bronze Age in Iran
  57. T. G. Bibby, Efter Dilmun norm
  58. Gelb I., MAKKAN AND MELUḪḪA IN EARLY MESOPOTAMIAN SOURCES // Revue d’Assyriologie et d’archéologie orientale. Vol. 64, no. 1, 1970. P. 1 — 8
  59. "Priest King, " Mohenjo-daro 41 — Harappa
  60. Thomas Riisfeldt, States and Social Complexity: the Indus Valley (Harappan) Civilisation
  61. Massimo Vidale, Aspects of Palace Life at Mohenjo-Daro
  62. No Interest in War: The Harappan Civilization
  63. Adam Green, The State in the Indus River Valley
  64. The real utopia: This ancient civilisation thrived without war
  65. No Interest in War: The Harappan Civilization
  66. How peaceful was Harappan Civilization?
  67. Charles S. Spencer, Territorial expansion and primary state formation
  68. Ancient India Military
  69. Indus Valley Religion
  70. Pashupati seal - INDIAN CULTURE
  71. What a Harappan grave says about marriage
  72. Adam Green, The State in the Indus River Valley
  73. Infection, Disease, and Biosocial Processes at the End of the Indus Civilization
  74. Nancy C. Lovell, The Biocultural Context of Anemia in the Ancient Indus valley

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Довгяло, Г. История Древнего Востока / Г. И. Довгялло, О. В. Перзашкевич, А. А. Прохоров — Минск: ТетраСистемс, 2002 ISBN 985-470-051-8
  • Alchin, B. The Rise of Civilization in India and Pakistan / Bridget and Raymond Allchin — Cambridge: Cambridge University Press, 1982 ISBN 0-521-24244-4
  • Feuerstein, G. In Search of the Cradle of Civilization: New Light on Ancient India / Georg Feuerstein, Subhash Kak, David Frawley — Delhi: Motilal Banarsidass Publishers, 1999 ISBN 81-208-1626-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]