Індыкт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Індыкт (або індыктыён ад грэч. Ινδικτιών) — перыяд у 15 гадоў, які выкарыстоўваўся ў Еўропе (як у заходняй, так і ва ўсходняй) у сярэднявеччы пры датаванні дакументаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Этымалогія гэтага слова, як і тое, кім устаноўлены гэты перыяд, дакладна невядомыя. Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца здагадка, што індыктыён (ад лац.: indictio — аб’ява) першапачаткова азначаў надзвычайны падатак на зерне. Імператар Дыяклетыян ператварыў яго ў 297—298 гадах у штогадовы збор, памер якога вызначаўся адзін раз на пяць гадоў на падставе перапісу насельніцтва, які ў сваю чаргу адбываўся раз на 15 гадоў. У 312 годзе, пры імператары Канстанціне Вялікім, 15-гадовы індыктыён пачаў выкарыстоўвацца ў летазлічэнні, індыктам называўся нумар года ўнутры такога цыкла. Нумар самага цыкла ніколі не выкарыстоўваўся.

Практыка і падлік[правіць | правіць зыходнік]

Каб атрымаць індыкт года ў эры ад Нараджэння Хрыстова, трэба да шуканага года дадаць лічбу 3 і суму падзяліць на 15. Астатак дасць індыкт года. Калі астатак роўны 0, то індыкт — 15. У візантыйскай эры ад Стварэння свету (з пачаткам у 5509 годзе да н. э.), якая выкарыстоўвалася на Русі да рэформы Пятра I, для вызначэння індыкта трэба ўзяць астатак ад дзялення нумара года на 15.

Існуе некалькі відаў індыктаў у залежнасці ад таго, з якога чысла адлічваецца пачатак года. Найбольш старажытным з’яўляецца грэцкі індыкт з пачаткам года 1 верасня. Гэты індыкт выкарыстоўваўся ў дапятроўскім летазлічэнні на Русі. Акрамя таго, у розныя перыяды выкарыстоўваўся рымскі, або папскі, індыкт (з пачаткам 25 снежня ці 1 студзеня), імператарскі індыкт (з пачаткам 24 верасня, часам называецца індыктам Беды). Апошні атрымаў распаўсюджванне на тэрыторыі ўплыву каралінгскай дынастыі. У літаратуры таксама часам сустракаюцца згадкі пра цыкл індыткаў з пачаткам 8 верасня, называны indictio Senensis.

Цыкл індыктаў, сумесна з 19-гадовым метонавым і 28-гадовым сонечным цыкламі, лёг у аснову юліянскага перыяда.

Вялікі індыктыён[правіць | правіць зыходнік]

Праз 19 × 28 = 532 года разліковыя фазы Месяца і дні тыдня прыпадаюць на тыя ж чыслы месяца. Таму праз кожныя 532 гады цалкам паўтараюцца і даты Пасхі. Гэты прамежак часу быў названы вялікім індыктыёнам (на Русі таксама вялікім (міратворным) кругам)[1]. Індыктыёны было прынята адлічваць ад пачатку візантыйскай эры. У прыватнасці, 12-ы вялікі індыктыён пачаўся ў 345 годзе, 13-ы — у 877 годзе, 14-ы — у 1409 годзе, 15-ы вялікі індыктыён пачаўся ў 1941 годзе і завершыцца ў 2473 годзе.

Праваслаўны і ўніяцкі (грэка-каталіцкі) індыкт[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўныя і ўніяты (грэка-каталікі) індыктам называюць пачатак царкоўнага года, які адзначаецца 1 (14) верасня.

Зноскі

  1. Кузенков П. В. Индиктион великий // Православная энциклопедия. — М. : Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2009. — Т. XXII : «Икона — Иннокентий». — С. 553—554. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-040-0.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]