Індэкс спажывецкіх цэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ, індэкс інфляцыі, англ.: consumer price index, CPI) — адзін з відаў індэксаў цэн, створаны для вымярэння сярэдняга ўзроўню цэн на тавары ці паслугі ў межах спажывецкага кошыку за пэўны перыяд у эканоміцы. Дадзеная эканамічная катэгорыя мае шчыльную сувязь з такой з’явай, як інфляцыя. З дапамогай індэкса спажывецкіх цэн вымяраецца інфляцыя[1] за пэўны перыяд на тавары, якія ўваходзяць у склад спажывецкага кошыка.

Уласцівасці[правіць | правіць зыходнік]

Засноўваецца на фіксаваным узроўні цэн мноства тавараў ці паслугаў спажывецкага кошыку. Лічыцца асноўным інструментам для разліку інфляцыі, а таксама лепшым паказчыкам кошту жыцця. З'яўляецца індэксам Ласпейрыса, бо пры разліку індэкса спажывецкіх цэн ужываецца спажывецкі кошык базавага года. Пад спажывецкім кошыкам прынята разумець мінімальны памер прадуктаў харчавання, неспажывецкіх тавараў ці паслугаў, неабходных для захавання здароўя чалавека і забеспячэння яго жыццядзейнасці.

Індэкс спажывецкіх цэн дазваляе зрабіць выснову, на колькі адсоткаў стала даражэй ці танней набываць тавары, якія ўваходзяць у спажывецкі кошык.

Памер індэкса спажывецкіх цэн [%] 100-110 110-200 больш за 200
Характар існуючай у краіне інфляцыі Паўзучая Галапуючая Гіперінфляцыя

Разлік[правіць | правіць зыходнік]

Індэкс спажывецкіх цэн разлічваецца за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе:[2]

.

Індэкс спажывецкіх цэн супраць дэфлятара ВУП[правіць | правіць зыходнік]

І дэфлятар ВУП, і ІСЦ з'яўляюцца інструментамі для разліку ўзроўню інфляцыі ў краіне на макраўзроўні, але гэтыя два індэксы істотна адрозніваюцца.

Па-першае, дэфлятар ВУП, у адрозненне ад ІСЦ, засноўваецца на памеры бягучага спажывецкага кошыку (маецца на ўвазе бягучага, а не базіснага года), то бок з'яўляецца індэксам Паашэ. Па-другое, індэкс спажывецкіх цэн уключае ў сябе толькі канцавыя спажывецкія тавары, у той час як дэфлятар - усе канцавыя тавары і паслугі, якія ўлічваюцца ў ВУП.

Неабходна адзначыць, што ІСЦ пераацэньвае ўзровень інфляцыі, у той час як дэфлятар ВУП наадварот, недаацэньвае. Пры падліку ІСЦ улічваюцца імпартныя тавары, а дэфлятар ВУП улічвае толькі тавары і паслугі, якія былі вырабленыя на тэрыторыі дадзенай краіны. Да таго ж, дэфлятар ВУП не мае такога недахопу, як ІСЦ: уключае ў сябе змены цэн на новыя тавары і паслугі ў адрозненне ад апошняга.

Праблемы метадалогіі[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш спрэчным момантам звычайна з'яўляецца метадалогія вызначэння склада спажывецкага кошыку як па напаўненні, так і па зменах. У кошык уваходзяць у пэўнай прапорцыі спажываныя ў сярэдні -харчавання, вопратка, электраэнергія, змест жыллёвага памяшкання і транспартных сродкаў, медыцынскае абслугоўванне, адпачынак і адукацыя.

Для адэкватнага адлюстравання зменаў узроўню спажывецкіх выдаткаў кошык павінен арыентавацца на рэальную структуру спажывання, менавіта таму склад і прапорцыі спажывецкага кошыку маюць зменлівы характар. Да прыкладу, у 1992 г. мабільная сувязь ці набыццё персанальным кампутараў не былі прадметам масавага спажывання і, адпаведна, не маглі ўключацца ў спажывецкі кошык. На дадзены ж момант ігнараванне выдаткаў на мабільную сувязь у кантэксце ўключэння ў склад спажывецкага кошыку папросту абсурдна.

Любыя змены ў складзе спажывецкага кошыку, як унясення новых тавараў, так і змены існых прапорцыяў, робіць несупастаўляльнымі папярэднія дадзеныя з бягучымі, бо калі параўноўваць паказчыкі, атрыманыя на падставе новага кошыку з паказчыкамі на падставе нязменнага кошыку, яны могуць істотна адрознівацца, часам нават на вельмі вялікую велічыню.

З іншага боку, калі не змяняць склад спажывецкага кошыку, праз нейкі час ён не будзе адпавядаць рэальнай структуры спажывання. Яна будзе даваць супастаўляльныя вынікі, але гэтыя вынікі не будуць адпавядаць зменам рэальных выдаткаў на спажыванне, не будуць адлюстроўваць іх рэальную велічыню.

У Беларусі агульны спажывецкі кошык складаецца з трох асобных кошыкаў: харчовы кошык, нехарчовы кошык і кошык паслугаў. Пры фарміраванні кошыкаў улічваюцца пола-ўзростны склад насельніцтва, памер і структура сям'і, агульны ўзровень культуры і традыцыі насельніцтва, умовы працы і нацыянальныя асаблівасці побыту.

Спажывецкія кошыкі ў Беларусі пераглядаюцца не радзей за 1 раз у 5 год, з удзелам прафсаюза. Разлік вядзецца па-рознаму для розных групаў насельніцтва і базуецца на навукова абгрунтаваных нормах спажывання.

Харчовы кошык уключае ў сябе памер прадуктаў харчу на 1 чалавека ў месяц, разлічаны на падставе нормаў спажывання прадуктаў, якія адпавядаюць фізічным патрэбам. Харчовы кошык налічвае 11 групаў: хлеб, бульба, гародніна, фрукты/ягады, мяса, малако, рыба, яйкі, цукар, алей, іншыя.

Нехарчовы кошык уключае ў сябе такі набор тавараў, як абутак, вопратка, гаспадарчыя тавары, прадметы санітарыі, лекі.

Кошык паслугаў складаецца з наступных паслугаў: жыллёва-гаспадарчыя паслугі, транспарт, сувязь, дзіцячыя ўстановы, побытавае абслугоўванне, паслугі ўстаноў культуры.

Індэкс спажывецкіх цэн у Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле статыстычных дадзеных, якія публікуюцца дзяржаўным статыстычным органам Белстат, памер індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Рэспубліцы Беларусь прымаў наступныя значэнні (у адсотках да папярэдняга перыяду):

Год 1995 2000 2001 2002 2003 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 10.2013
Індэкс спажывецкіх цэн [%] 809,3 268,6 161,1 142,6 128,4 118,1 110,3 107,0 108,4 114,8 113,0 107,8 153,2 159,2 112,0

Індэкс спажывецкіх цэн Рэспублікі Беларусь вылучаецца найбольшым значэннем сярод краінаў СНД праз стабільны рост цэн, абумоўлены інфляцыяй, праз сталае адмоўнае сальда вонкавага гандлю, высокую праца- і рэсурсаёмістасць вытворчасці на фоне састарэлых тэхналогіяў і неэфектыўнасці функцыянавання эканамічнай сістэмы, пабудаванай на прынцыпах сацыяльнага арыентаванай рынкавай дзяржавы, і іншых чыннікаў.

Індэкс спажывецкіх цэн у Беларусі варта прызнаць аб'ектам стратэгічнага кантролю з боку дзяржавы ў сувязі з патэнцыйнай магчымасцю вялікага значэння гэтага індэкса выклікаць сацыяльную незадаволенасць грамадзянаў краіны, менавіта таму штогод эканамічнымі (і не толькі) уладамі Беларусі зацвярджаюцца планавыя дырэктыўныя паказчыкі індэкса спажывецкіх цэн. На практыцы здараюцца выпадкі, калі планавыя паказчыкі індэкса спажывецкіх цэн не атрымоўваецца выканаць.

Так, прагнознае значэнне індэкса спажывецкіх цэн у Беларусі на 2013 г. роўнае 112%, што было дасягнута яшчэ ў кастрычніку 2013 г.

Зноскі

  1. nbrb.by Архівавана 2 мая 2018.
  2. БЭ, т. 7. С. 256

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]