Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Інстытут геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (таксама вядомы як Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі) — першая ў Беларусі акадэмічная ўстанова ў галіне навук аб Зямлі і геалогіі ў прыватнасці.

Хаця ўласна Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР быў створаны 4 лютага 1971 на базе Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР і Плешчаніцкай геафізічнай станцыі АН БССР, інстытуцыяналізацыя акадэмічнай геалагічнай навукі ў Беларусі адбылася нашмат раней і прайшла некалькі этапаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У складзе Інбелкульта[правіць | правіць зыходнік]

У 1922 г. быў адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), у складзе якога з 1924 працавала геолага-глебавая камісія. У даследаванні актыўна ўключыліся геолагі М. Ф. Бліадухо, Ф. В. Лунгерсгаўзен, Б. К. Цярлецкі і інш. У сувязі з задачамі, якія былі пастаўлены развіццём народнай гаспадаркі, на базе глебава-геалагічнай камісіі Інбелкульта 1 кастрычніка 1927 года быў створаны Інстытут геалагічных навук. Першым яго дырэктарам стаў М. Ф. Бліадухо. Калі ў канцы 1928 было прынята рашэнне пераўтварыць Інбелкульт ў Акадэмію навук, Інстытут ўвайшоў у структуру створанай Акадэміі. Такім чынам, 1927 стаў годам канчатковага афармлення беларускай геалагічнай навукі.

Інстытут геалагічных навук Беларускай акадэміі навук (1929—1933)[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў пачатковы перыяд навуковымі супрацоўнікамі Інстытута была засяроджана ўвага на вырашэнні двух праблем: фундаментальнай — вывучэнні асаблівасцяў геалагічнай будовы тэрыторыі Беларусі і прыкладной — стварэнні мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі. Працуючы сумесна са спецыялістамі горна-геалагічнага аддзела ВСНГ БССР, геолагі Акадэміі ўдзельнічалі ў адкрыцці і даследаванні звыш 300 радовішчаў розных карысных выкапняў. Па ініцыятыве АН БССР у Мінску была прасвідравана ў той час самая глыбокая свідравіна на захадзе СССР глыбінёй у 353,8 м. Да гэтага перыяду адносіцца і зараджэнне ў БССР геафізічнай службы.

Асноўным відам даследаванняў у гэты час была геалагічная здымка, якая праводзілася у розных раёнах БССР пад кіраўніцтвам такіх вядомых навукоўцаў, як Г. Ф. Мірчынк, П. А. Туткоўскі, А. М. Жырмунскі, М. Ф. Бліадухо.

На падставе вялікай колькасці новага фактычнага матэрыялу з'явілася некалькі абагульняючых прац, у якіх дадзена характарыстыка геалагічнай будовы i асаблівасцей рэльефу Беларусі:

  • Бліадухо М. Ф. Матэрыялы да геалагічнага i геамарфалагічнага апісання тэрыторыі БССР
  • Лунгерсгаўзен Ф. В. Уступ у геалогію Беларусі. — Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства БАН.- 1930. — Т. 7.

Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР (1933—1938)[правіць | правіць зыходнік]

У 1933 г. у сувязі з пашырэннем круга навуковых задач інстытут быў перайменаваны ў Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР і ў 1936 увайшоў у склад Аддзялення матэматычных і прыродазнаўчых навук. Яго супрацоўнікі вялі работы па праблеме Вялікага Дняпра, ажыццяўлялі геалагічную здымку і інжынерна-геалагічныя пошукі, выяўлялі новыя радовішчы карысных выкапняў. Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню падземных вод. Былі дадзены рэкамендацыі па водазабеспячэнні буйных населеных пунктаў, выяўленыя мінеральныя воды (Бабруйск, Мінск). Геафізічныя даследаванні i свідраванні у 19351937 гг. дазволілі высветліць, што частка Палесся ўяўляе сабою тэктанічны прагін.

Інстытут геалогіі АН БССР (1938—1941)[правіць | правіць зыходнік]

З 1938 г. асноўныя прыкладныя задачы вырашаліся Геалагічным упраўленнем БССР Геалагічнага камітэта пры СНК СССР. У сувязі з гэтым Інстытут быў пераўтвораны ў Інстытут геалогіі АН БССР і засяродзіў даследаванні на праблемах рэгіянальнай геалогіі, гідрагеалогіі, геалагічнай здымкі і інш. Ужо тады былі сфармуляваны ўяўленні аб наяўнасці на паўднёвым усходзе Беларусі буйной пагружанай структуры — Прыпяцкага прагіну. Для іх праверкі ў 1940 годзе ў вёсцы Давыдаўка Светлагорскага раёна была зроблена свідравіна, якая на глыбіні 844 м упершыню выявіла каменную соль. Вялікую працу па вывучэнні нетраў Беларусі ў пазначаны перыяд правялі А. М. Аўксенцьеў, Г. В. Багамолаў, А. М. Жырмунскі, С. С. Малярэвіч, А. М. Разіна, М. М. Цапенка і інш. З 1940 г. Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук.

Інстытут геалагічных навук АН БССР (1945—1963)[правіць | правіць зыходнік]

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія спецыялісты Інстытута сышлі на фронт і ў партызанскія атрады. Аднак працы па выяўленні мінеральнай сыравіны не спыніліся: частка беларускіх навукоўцаў вяла геалагічныя працы ў іншых раёнах Савецкага Саюза. У час фашысцкай акупацыі большасць матэрыялаў па геалогіі рэспублікі загінула. У 1942 г. у Казані Прэзідыўм АН БССР даручыў інстытуту распрацоўку тэмы «Выкарыстанне прыродных выкапняў Беларусі пры аднаўленні разбуранай фашысцкімі войскамі народнай гаспадаркі БССР». Ужо ў 1945 г. Інстытут геалагічных навук АН БССР зноў пачаў сваю працу ў Мінску. Узначальваў яго дырэктар А. М. Аўксенцьеў.

З 1947 г. Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук. З гэтага часу вывучэнне нетраў тэрыторыі рэспублікі набыло комплексны характар. Былі пачаты сістэматычныя даследаванні па стратыграфіі, літалогіі, тэктоніцы, палеагеаграфіі, геалогіі антрапагену, геафізікі, геахіміі, гідрагеалогіі, карысных выкапнях. Супрацоўнікамі інстытута І. А. Балабушэвічам, Г. В. Багамолавым, В. К. Галубцовым, З. А. Гарэлікам, Г. І. Кеда, П. А. Кісялёвым, М. Ф. Казловым, Ю. І. Лупіновічам, К. І. Лукашовым, С. С. Маныкіным, А. С. Махначом, А. Я. Стэфаненкам, А. В. Фурсенкам, Ж. П. Хацько, М. М. Цапенка, В. М. Шчарбіной і іншымі быў выдадзены шэраг буйных абагульняючых прац, якія з’явіліся навуковай асновай для геалагічных пошукаў і адкрыццяў радовішчаў нафты, вугалю, гаручых сланцаў, мінеральных вод, жалезных руд, каменнай і калійных солей, будаўнічых матэрыялаў.

Так, у 1955 годзе[1] па праблеме «Палеазой і дакембрый тэрыторыі БССР у сувязі з выяўленнем карысных выкапняў — нафты, прыроднага газу, солей, вугалю, мінералізаваных вод і іншых» выканана тэма «Флора і фаўна палеазою і мезазою БССР». Былі атрыманы дадзеныя па дэталёвым стратыграфічным расчляненні фаўны і флоры дэвонскіх адкладаў БССР. Рэзультаты ў далейшым былі выкарыстаны ў пошукава-разведачных работах. Па праблеме «Мінеральна-будаўнічыя матэрыялы БССР» скончаны працы па тэме «Карбанатныя пароды БССР і іх выкарыстанне», якія ў далейшым мелі важнае значэнне для выкарыстання карбанатных парод у прамысловасці і сельскай гаспадарцы рэспублікі.

1956 год быў адзначаны завяршэннем работ па сярэднепалеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну[2] (па праблеме «Адзіная стратыграфічная шкала СССР»). Устаноўлена стратыграфічнае расчляненне дэвонскіх адкладаў, якое было абгрунтавана дадзенымі комплекснага палеанталагічнага вывучэння. Усталявана стратыграфічнае знаходжанне саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну. На тэрыторыі Прыпяцкага прагіну ўстаноўлены ніжнекаменнавугальныя адклады. Рэкамендавана пастаноўка пошукава-разведачных работ на карбонавыя вуглі ў Прыпяцкім прагіне з пазначэннем найбольш перспектыўных у гэтым сэнсе адкладаў тульскага гарызонту.

У 1957 годзе Інстытут геалагічных навук АН БССР выканаў важныя работы па геалагічнай здымцы, у тым ліку магнітаметрычныя і гравіметрычныя даследаванні. У выніку былі атрыманы каштоўныя матэрыялы, датычныя будовы дакембрыйскага крышталічнага фундаменту і яго патэнцыйнай металаноснасці. У тым жа годзе былі выдадзены знакавыя для далейшых геалагічных даследаванняў рэспублікі манаграфічныя працы:

  • Лукашёв К. И. Геохимические процессы миграции и концентрации элементов в биосфере (15,5 друк. арк.)
  • Махнач А. С., Стефаненко А. Я., Цапенко М. М., Козлов М. Ф. Краткий очерк геологии Белоруссии (10,0 друк. арк.)
  • Палеонтология и стратиграфия БССР. Вып. 2 (21 друк. арк.) — рэзультаты даследаванняў па палеанталогіі і стратыграфіі дэвонскіх, каменнавугальных і юрскіх адкладаў на тэрыторыі Беларусі
  • Щербина В. Н. Вещественный состав и условия образования соленосных отложений северо-западной и западной части Припятского прогиба (7 друк. арк.)[3]

Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР К. І. Лукашова і кандыната геолага-мінералагічных навук А. Н. Аўксенцьева падрыхтаваны шэраг геалагічных карт для Атласа БССР:

Таксама была складзена Геалагічная карта БССР маштабу 1:1000000, якая ў далейшым была ўключана ў Геалагічную карту СССР.

Асноўнымі публікацыямі Інстытута за 1958 год былі наступныя:

  • Лукашёв К. И. Основы литологии и геохимии коры выветривания (29,4 друк. арк.) — асвечаны найбольш галоўныя генетычныя тыпы радовішчаў кары выветрывання і геахімічныя працэсы іх ўтварэння
  • Лукашёв К. И. Основные вопросы геологии и палеогеографии антропогена (18,0 друк. арк.)
  • Махнач А. С. Древнепалеозойские отложения Белорусской ССР (20,0 друк. арк.)
  • Щербина В. Н. Припятский соляной бассейн (12,0 друк. арк.)
  • Маныкин С. С. Стратиграфия третичных отложений Белоруссии (10,0 друк. арк.)
  • Цапенко М. М., Махнач Н. А. Антропогенные отложения БССР (15,0 друк. арк.)[4]

13 красавіка 1959 Прэзідыум АН БССР прыняў рашэнне аб падзеле Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук на Аддзяленне тэхнічных навук і Аддзяленне фізіка-матэматычных, хімічных і геалагічных навук. У склад апошняга і ўвайшоў Інстытут геалагічных навук.

15 ліпеня 1963 ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову «Аб мерапрыемствах па паляпшэнні дзейнасці Акадэміі навук БССР», згодна з якой Інстытут геалагічных навук АН БССР перадаваўся Дзяржаўнаму геалагічнаму камітэту СССР.[5] Тым самым быў створаны Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут. У складзе Акадэміі засталося два падраздзяленні былога Інстытута геалагічных навук — Лабараторыя геахімічных праблем (кіраўнік — акадэмік Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў) і Плешчаніцкая геафізічная станцыя.

Лабараторыя геахімічных праблем АН БССР (1963—1971)[правіць | правіць зыходнік]

У названы перыяд было праведзена геахімічнае вывучэнне асноўных генетычных тыпаў парод, якія складаюць антрапагенавую тоўшчу, і ландшафтаў Беларусі. На аснове атрыманых дадзеных выяўлены і ахарактарызаваны геахімічныя, біяхімічныя, педагеахімічныя і гідрагеахімічныя правінцыі рэспублікі, распрацаваны шэраг тэарэтычных палажэнняў геахіміі гіпергенезу. У сувязі з пошукамі нафты і газу выкананы геахімічныя даследаванні адкладаў падземных вод дэвону. Устаноўлены рысы гідрахімічнай занальнасці асадкавай тоўшчы.

Праводзіўся комплекс геафізічных назіранняў. Іх задачамі і зместам было вывучэнне глыбокіх гарызонтаў зямной кары і верхняй мантыі і ўзаемасувязі глыбінных і прыпаверхневых геалагічных структур, высвятленне характару электрамагнітных працэсаў калязямной прасторы. Паводле сейсмалагічных і гравіметрычнай дадзеных былі пабудаваныя першыя для Беларусі і Прыбалтыкі схемы рэльефу ўнутраных межаў зямной кары — Махаровічыча і Конрада, якія кантралююць асаблівасці тэктонікі прыпаверхневых структур. У галіне натуральнага электрамагнітнага поля вывучаліся яго марфалогія, дынаміка і ўзбуджэнне.

Развіваліся даследаванні ў галіне літалогіі і петраграфіі, геалогіі антрапагену, гідрагеалогіі, геатэрміі, металагенічнай спецыялізацыі крышталічнага падмурка. Прыкметны ўклад ва ўсе гэтыя даследаванні ўнеслі працы акадэмікаў АН БССР Г. В. Багамолава, Г. І. Гарэцкага, К. І. Лукашова, А. С. Махнача, члена-карэспандэнта АН БССР В. М. Шчарбіны, а таксама М. Ф. Казлова, А. В. Кудзельскага, В. А. Кузняцова, В. К. Лукашова, В. А. Кавалёва, А. А. Хоміча, Ж. П. Хацько.

Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР (1971—1991)[правіць | правіць зыходнік]

4 лютага 1971 на базе Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР і Плешчаніцкай геафізічнай станцыі АН БССР быў створаны Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР і ўвайшоў у склад Аддзялення хімічных і геалагічных навук. Яго ўзначаліў акадэмік Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў. Інстытут неўзабаве ператварыўся ў буйную навуковую ўстанову, якая займалася рознымі напрамкамі навук аб Зямлі. Колькасць супрацоўнікаў павялічылася з 90 да 350. Прыярытэтнае развіццё атрымалі работы па літалогіі і геахіміі глыбінных і прыпаверхневых зон зямной кары і высвятленні іх ролі ў фарміраванні карысных выкапняў; гідрагеахіміі падземных вод і поравых раствораў; палеагеаграфіі і палеагеахіміі антрапагену; геафізічнаму вывучэнню глыбінных зон зямной кары і іх сувязі з верхнімі структурнымі ярусамі; вывучэнню геафізічных палёў; геатэрміі; агульнай і рэгіянальнай тэктонікі; геалогіі нафты, калійных і каменнай солей; работы па дынаміцы ландшафтаў і рацыянальнаму прыродакарыстанню. З 1977 па 1993 Інстытут узначальваў акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

У 1990 г. частка супрацоўнікаў Інстытута, якія займаліся даследаваннямі геаграфічнага профілю, была перададзена ў створаны ў сістэме Акадэміі навук на базе Інстытута торфу Інстытут праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі.

Да пачатку 1990-х гадоў у Інстытуце геахіміі і геафізікі атрымаў развіццё шырокі комплекс навук аб Зямлі, паўсталі новыя задачы ў вывучэнні нетраў ў сувязі з узрослай роляй мясцовай мінеральнай сыравіны, асабліва пасля атрымання Беларуссю незалежнасці і суверэнітэту. Таму з'явілася неабходнасць у карэкціроўцы тэматыкі і перайменаванні навуковай установы.

Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі АН Беларусі (1992—1993)[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 1991 года было створана Беларускае геалагічнае таварыства. У 1992 на чарговым Агульным сходзе Акадэмія навук БССР была пераўтворана ў Акадэмію навук Беларусі, а Інстытут геахіміі і геафізікі — у Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі[6]. 23 снежня 1993 пастановай АН Беларусі Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі быў перайменаваны ў Інстытут геалагічных навук АН Беларусі.[7] Інстытут узначаліў акадэмік АН Беларусі Аляксей Васілевіч Мацвееў.

Інстытут геалагічных навук (Н)АН Беларусі (1994—2005),
Інстытут геахіміі і геафізікі НАН Беларусі (2006—2008)
[правіць | правіць зыходнік]

У 2003 г. Аддзяленне хімічных і геалагічных навук, у складзе якога знаходзіўся Інстытут, атрымала назву Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі.

У апошні па часе перыяд дзейнасці Інстытутам геахіміі і геафізікі НАН Беларусі былі падрыхтаваны і выдадзены сучасныя фундаментальныя працы, якія з усіх бакоў (у т.л. з мэтай практычнага выкарыстання) характарызуюць нетры Беларусі:

  • Геология Беларуси. — Мн., 2001.
  • Полезные ископаемые Беларуси. — Мн., 2002.
  • Основы геологии Беларуси. — Мн., 2004.
  • Введение в геологию Беларуси. — Мн., 2004.

Інстытутам з 1998 і да канца існавання кіраваў акадэмік НАН Беларусі Анатоль Аляксандравіч Махнач.

Склад Інстытута па стане на 2004 год:

  • лабараторыі:
    • геалогіі антрапагену (загадчык — доктар геолага-мінералагічных навук А. Ф. Санько);
    • геатэктонікі (загадчык — акадэмік Р. Г. Гарэцкі);
    • неагеадынамікі (загадчык — член-карэспандэнт НАН Беларусі А. К. Карабанаў);
    • літалогіі і геахіміі (загадчык — кандыдат геолага-мінералагічных навук С. А. Кручак);
    • геалогіі ранняга дакембрыю (загадчык — кандыдат геолага-мінералагічных навук І. В. Найдзенка);
    • геахіміі ландшафтаў (загадчык — доктар геолага-мінералагічных навук М. П. Аношка);
    • гідрагеалогіі (загадчык — член-карэспандэнт НАН Беларусі А. В. Кудзельскі);
    • літагідрагеахіміі (загадчык — акадэмік НАН Беларусі А. А. Махнач);
    • сучасных геалагічных працэсаў (загадчык — акадэмік НАН Беларусі А. В. Мацвееў);
    • фізікі Зямлі (загадчык — кандыдат фізіка-матэматычных навук В. М. Астапенка);
    • геатэрміі (кандыдат тэхнічных навук У. І. Зуй);
    • фізіка-хімічнага аналізу (кандыдат геолага-мінералагічных навук В. П. Самадураў);
  • рэдакцыйна-выдавецкая група (загадчык — навуковы супрацоўнік В. Ф. Вінакураў);
  • геалагічны музей (навуковы захавальнік В. Ф. Вінакураў).

Расфарміраванне. Далейшы лёс[правіць | правіць зыходнік]

1 жніўня 2008 адбылася рэарганізацыя Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута (БелНДГРІ) шляхам далучэння да яго падраздзяленняў Інстытута геахіміі і геафізікі. Частка супрацоўнікаў перайшла ў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі, створаны на базе Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі.[8] Інстытут геахіміі і геафізікі спыніў сваё існаванне.

Аднак расфарміраванне прынесла не зусім тыя вынікі, якія чакаліся.[9] У прыватнасці, пад канец 2012 года вяліся размовы аб стварэнні на базе БедНДГРІ навукова-практычнага цэнтра па геалагічным вывучэнні і распрацоўцы рэсурсаў нетраў[10]. 19 ліпеня 2013 г. адбылася рэарганізацыя геолагаразведачнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белгеалогія» і рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут» шляхам зліцця ў рэспубліканскага ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ад 19 ліпеня 2013 г. у ЕГР № 192018546)[11].

У цяперашні час у структуры Акадэміі геалагічныя даследаванні вядуцца ў галіновых аддзелах Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, а па-за Акадэміяй — у БелНДГРІ, на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, геолага-геаграфічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і геаграфічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гістарычная значнасць Інстытута[правіць | правіць зыходнік]

  • Дадзены пачатак геалагічнай навуцы ва ўсёй рэспубліцы.
  • Дадзены пачатак універсітэцкай геалагічнай навуцы (геаграфічны факультэт БДУ, геалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта).
  • Дадзены пачатак галіновым геалагічным службам і пазаакадэмічнай (галіновай) геалагічнай навуцы (у прыватнасці, БелНДГРІ).
  • Праведзены самыя поўныя фундаментальныя даследаванні тэктонікі, геафізікі, геахіміі, геамарфалогіі, гідрагеалогіі, палеагеаграфіі, карысных выкапняў тэрыторыі Беларусі.
  • Знойдзена і падрыхтавана да эксплуатацыі мінеральная сыравіна для ўсіх буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі.
  • Забяспечана хімічная меліярацыя глебаў Беларусі, у прыватнасці, вапнаванне.
  • Знойдзены і падрыхтаваны ў эксплуатацыю падземныя воды Беларусі, у т.л. асноўныя радовішчы мінеральных вод.

Зноскі

  1. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1955 г. — Мн., 1956. — C. 17
  2. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1956 г. — Мн., 1957. — C. 13
  3. а б Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1957 г. — Мн., 1958. — C. 10, 23, 26
  4. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1958 г. — Мн., 1959. — C. 8
  5. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1964 г. — Мн., 1963. — С. 108
  6. Акадэмія навук Беларусі: Даведнік — Мн., 1992. — С. 118
  7. Хроніка // Літасфера. — 1994. — № 1. — С. 205—209.(недаступная спасылка)
  8. Старонка Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі ў 2010 годзе
  9. Войтович А. П., Логинов В. Ф. Чем больна наука? // Народная воля. — 2013. — 9 апреля. Архівавана 1 мая 2013.
  10. Хроніка // Літасфера. — 2013. — № 1. — С. 141.(недаступная спасылка)
  11. Из истории геологических исследований в Беларуси — КРАТКИЕ СВЕДЕНИЯ ОБ ИСТОРИИ ИЗУЧЕНИЯ НЕДР БЕЛАРУСИ — С 1945 г. по настоящее время Архівавана 27 красавіка 2014.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]