Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі
Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ІГІЦ НАНБ) | |
---|---|
![]() | |
Міжнародная назва | Institute of Genetics and Cytology of the National Academy of Sciences of Belarus |
Заснаваны | 1965 |
Дырэктар | Валянціна Аляксандраўна Лемеш |
Супрацоўнікаў |
|
Аспірантура | спецыяльнасці: 03.00.15 Генетыка; 03.00.26 Малекулярная генетыка; 03.00.23 Біятэхналогія |
Дактарантура | па спецыяльнасці: 03.00.15 Генетыка |
Размяшчэнне |
![]() |
Сайт | igc.by |
Узнагароды |
Інстытут генетыкі і цыталогіі (ІГІЦ НАНБ; англ.: Institute of Genetics and Cytology) — навукова-даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 года[1].
На 2018 год напрамкамі дзейнасці Інстытута былі: вывучэнне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека; генетычная і клетачная інжынерыя; распрацоўка генетычных асноваў адбору раслін, жывёл і мікраарганізмаў; стварэнне выніковых геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяроддзя; вывучэнне пытанняў біябяспекі, захавання генетычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаннем. Ажыццяўляўся прыём у аспірантуру па 3-х спецыяльнасцях: генетыка, малекулярная генетыка і біятэхналогія. У дактарантуру прымалі па спецыяльнасці генетыка[2]. На 2018 год у ІГЦ працавала звыш 130 даследчыкаў, з іх 2 акадэмікі, 2 члены-карэспандэнты, 7 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук[3]. З 2005 года Інстытут штогод выдаваў па-руску зборнік навуковых прац «Малекулярная і дастасоўная генетыка» (ISSN 1999-9127)[4]. Міжнародныя даследаванні ажыццяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краін:
- 10 устаноў з 4 краін Азіі — Грузія (Цэнтр эксперыментальнай медыцыны імя Івана Берыташвілі), Казахстан (3: Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт), Таджыкістан (3: Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт) і Турцыя (3: Універсітэт Атацюрка);
- 23 установы з 7 краін Еўропы — Балгарыя (Інстытут раслінных генетычных рэсурсаў), Іспанія (Інстытут медыцынскай геномікі), Польшча (3: Інстытут генетыкі і селекцыі жывёл Польскай акадэміі навук), Расія (13: Інстытут малекулярнай біялогіі Расійскай акадэміі навук), Славенія (Нацыянальны інстытут біялогіі Славеніі), Украіна (3: Інстытут клетачнай біялогіі і генетычнай інжынерыі НАН Украіны) і Эстонія (Эстонскі біяцэнтр)[5].
Будова[правіць | правіць зыходнік]
На 2018 год Інстытут генетыкі і цыталогіі ўключаў:
- 10 лабараторый — 1) генетычнай і клетачнай інжынерыі, 2) экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, 3) малекулярнай генетыкі, 4) генетыкі чалавека, 5) нехрамасомнай спадчыннасці, 6) генетыкі жывёл, 7) мадэлявання генетычных працэсаў, 8) цытагеномікі раслін, 9) генетыкі бульбы, 10) малекулярных асноваў стабільнасці геному;
- 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябяспекі і генетычных рэсурсаў;
- Цэнтр калектыўнага карыстання «Геном»;
- Аддзел навукова-інавацыйнай працы;
- Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій;
- Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў.
Структурныя падраздзяленні: лабараторыі генетычнай і клетачнай інжынерыі; экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі; малекулярнай генетыкі; генетыкі чалавека; нехрамасомнай спадчыннасці; генетыкі жывёл; мадэлявання генетычных працэсаў; цытагеномікі раслін; генетыкі бульбы; малекулярных асноў стабільнасці геному; крыякансервацыі генетычных рэсурсаў[2].
Паслугі[правіць | правіць зыходнік]
На 2018 год Інстытут генетыкі і цыталогіі аказваў наступныя паслугі:
- аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання на ўтрыманне генетычна мадыфікаваных інгрыдыентаў (ГМІ);
- аналіз відавой прыналежнасці мясных складнікаў;
- ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэнне сельскагаспадарчых раслін, жывёл і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах;
- генетычнае ўсталяванне відавой прыналежнасці асятровых;
- ДНК-выпрабаванне схільнасці чалавека да спадчынных захворванняў;
- аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасці чалавека (спартыўная паспяховасць і адчувальнасць да лекаў);
- аналіз фрагментацыі ДНК сперматазоідаў;
- распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябяспекі;
- правядзенне семінараў і кансультацый па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці;
- садзейнічанне доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгодаў[2].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У кастрычніку 1965 года стварылі Інстытут генетыкі і цыталогіі (ІГЦ) на аснове Аддзела генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР, заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай аспірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётр Ракіцкі і Мікалай Турбін, члены-карэспандэнты А. М. Іпацьеў і Уладзімір Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце з’явілася дактарантура. За савецкім часам даследаванні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Картэль і Любоў Хатылёва, член-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; селекцыйна-генетычны комплекс, які да 1989 года быў біялагічнай доследнай станцыяй; 10 лабяраторый — 1) малекулярнай генетыкі, 2) гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкметаў, 3) генетыкі збожжавых культур, 4) мутагенезу, 5) цытагенетыкі раслін, 6) антымутагенезу, 7) агульнай цытагенетыкі, 8) радыяцыйнай генетыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасці, 10) генетыкі фітаімунітэту[6].
Да 1998 года асноўнымі кірункамі даследаванняў Інстытута былі: генетычныя асновы селекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасць і генетыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генетычная і клетачная інжынерыя, матэматычная генетыка. У выніку даследавання палепшылі разуменне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Удалося даказаць важкасць цытаплазматычных спадчынных структур для ўстойлівасці раслін да хвароб, вывучыць генетычныя заканамернасці арганізацыі і выяўлення геномаў раслін. Стварылі арыгінальныя генетычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культур і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генетычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль[6]. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагароджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007)[7].
Палітычны крызіс 2020-х гг.[правіць | правіць зыходнік]
Адразу пасля 9 жніўня 2020 года з Інстытута генетыкі і цыталогіі былі звольнены трое супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах[8].
Улетку 2021 года да звальнення «са згоды бакоў» вымушаны адначасова некалькі сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага: старшыня першаснай арганізацыі Ксенія Панцялей, скарбнік Аляксандра Носава, кантралёр-рэвізор Ілона Сахарута, сябры Марына Багданава і Марына Шаптурэнка. Таксама пра непадаўжэнне кантракту паведамілі Алене Аксёнавай[8].
Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]
- Мікалай Турбін (1965—1971)
- Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (1971—1994)
- Мікалай Картэль (1994—2004)
- Аляксандр Кільчэўскі (2004—2014)
- Валянціна Лемеш (з 2014 года)
Зноскі
- ↑ Лён, 2009, с. 50-51
- ↑ а б в Арганізацыі Аддзялення біялагічных навук (Інстытут генетыкі і цыталогіі) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2 жніўня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
- ↑ Аб інстытуце (руск.). Інстытут генетыкі і цыталогіі (1 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
- ↑ Зборнік навуковых прац (руск.). Інстытут генетыкі і цыталогіі (1 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
- ↑ Нашыя партнёры (руск.). Інстытут генетыкі і цыталогіі (1 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
- ↑ а б Мікалай Картэль. Інстытут генетыкі і цыталогіі // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
- ↑ Галоўная старонка (руск.). Інстытут генетыкі і цыталогіі (1 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
- ↑ а б Незалежны прафсаюз заявіў пра звальненьні ягоных сябраў у Акадэміі навук. 4 ліпень 2021 Архівавана 9 ліпеня 2021.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Звязацца з намі (руск.). Інстытут генетыкі і цыталогіі (1 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.