Перайсці да зместу

Інстытут мастацтвазнаўства, фалькларыстыкі і этналогіі імя М. Т. Рыльскага НАН Украіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інстытут мастацтвазнаўства, фалькларыстыкі і этналогіі імя М. Т. Рыльскага Нацыянальнай акадэміі навук Украіны
Міжнародная назва Rylsky Institute of Art Studies, Folklore and Ethnology of the National Academy of Sciences of Ukraine
Дата заснавання 1936
Дырэктар Галіна Аркадзеўна Скрыпнык
Юрыдычны адрас  Украіна, 01001 Кіеў,
вул. Міхаіла Грушэўскага, 4
Сайт etnolog.org.ua
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інстытут мастацтвазнаўства, фалькларыстыкі і этналогіі імя М. Т. Рыльскага НАН Украіны — навукова-даследчая ўстанова ў складзе Аддзялення літаратуры, мовы і мастацтвазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, займаецца навуковымі даследаваннямі ў галіне мінулага і сучаснасці ўкраінскай нацыянальнай культуры і асноўных жанраў мастацтва.

Інстытут бярэ пачатак з шэрагу этнаграфічных і мастацтвазнаўчых цэнтраў, якія ўзніклі ў 1920-я гады. У 1920 г. была ўтворана Этнаграфічная камісія, якой належала вядучая роля ў станаўленні этнаграфічнай і фалькларыстычнай навукі. Асабліва плённай была дзейнасць камісіі ў 1925—1930 гг., калі яе ўзначальваў вядомы фалькларыст, прафесар Кіеўскага універсітэта А. М. Лабада. Першай дзяржаўнай этнаграфічнай установай у сістэме Акадэміі навук Украінскай ССР быў кабінет антрапалогіі і этналогіі імя Ф. Воўка (1922), які пачаў антрапалагічнае і этнаграфічнае вывучэнне ўсёй тэрыторыі Украіны. Вялікую работу па вывучэнню музычнага фальклору зрабіў кабінет музычнай этнаграфіі, які ўзначальваў прафесар К. В. Квітка.

Мастацтвазнаўчыя даследаванні актыўна развівалі кабінет мастацтвазнаўства на чале з акадэмікам Ф. І. Шмідтам і кафедра мастацтвазнаўства і гісторыі ўкраінскага мастацтва на чале з А. П. Навіцкім.

У 1920-я гады этнаграфічнай тэматыкай займаліся таксама краязнаўчая камісія (з секцыяй этнаграфіі), Усеўкраінскае этнаграфічнае таварыства, установы Гісторыка-філалагічнага аддзела Усеўкраінскай акадэіі навук. Навуковыя цэнтры 1920-х гадоў запачаткавалі перыядычныя выданні — «Этнаграфічны веснік» (1925—1932, т. 1 — 10), «Матэрыялы да этналогіі» (1929—1931, т. 1 — 3), выдавалі зборнікі і асобныя працы, якія даказвалі паступальнае развіццё ўкраінскай этналагічнай навукі.

У 1936 г. створаны Інстытут украінскага фальклору АН УССР з аддзеламі апавядальнага фальклору, музычнага фальклору і фондамі. Першым дырэктарам інстытута (1936—1937) быў А. К. Хвыля. У 1939—1941 гадах інстытут узначальваў М. Сакалоў. Быў утвораны аддзел (1939) у Львове, які ўзначаліў Ф. М. Калеса. Інстытут пачаў збіранне і вывучэнне слоўнага і музычнага фальклору Украіны, арганізоўваў сустрэчы збіральнікаў фальклору, народных спевакоў, кабзараў і казачнікаў. Сумесна з Аддзелам мастацтваў выдаваўся часопіс «Украінскі фальклор» (1936—1939), з 1939 г. — «Народная творчасць».

У эвакуацыі ва Уфе (да чэрвеня 1942 г.) інстытут дзейнічаў у складзе Інстытута грамадскіх навук АН УССР. Пазней быў створаны Інстытут народнай творчасці і мастацтваў АН УССР, у склад якога ўвайшлі навукоўцы (фалькларысты, мастацтвазнаўцы) і творчыя работнікі (кампазітары, мастакі, архітэктары), аб’яднаныя ў аддзелы фальклору, музыкі і выяўленчага мастацтва. Некаторы час інстытут узначальваў Л. А. Грынчанка. У лістападзе 1942 года дырэктарам быў прызначаны М. Т. Рыльскі. Паэт-акадэмік бесперапынна кіраваў установай больш за 20 гадоў (да ліпеня 1964 г.).

У ліпені 1944 г. пасля вяртання ў Кіеў Інстытут народнай творчасці і мастацтваў быў ператвораны ў Інстытут мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН УССР з аддзеламі слоўнага фальклору, музычнага фальклору, выяўленчага мастацтва, музыкі і тэатра, этнаграфіі, фондаў. Пад кіраўніцтвам М. Т. Рыльскага Інстытут вёў вялікую навукова-даследчую працу і стаў важным навуковым цэнтрам у галіне вывучэння культуры і мастацтва ўкраінскага народа. У 1947—58 выходзілі «Вучоныя запіскі» (т. I—IV) па пытаннях мастацтва, фальклору і этнаграфіі; з 1957 г. друкаваны орган — часопіс «Народная творчасць і этнаграфія».

У ліпені 1964 г. Інстытут атрымаў імя М. Т. Рыльскага, у яго складзе з’явіліся аддзелы музыказнаўства, тэатразнаўства і кіназнаўства.

З 1994 года інстытут носіць сучасную назву.