Перайсці да зместу

Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна
(БелНДІСіЛГ)
Ранейшая назва сельскагаспадарчая секцыя (агранамічная секцыя) Інбелкульта
Заснаваны 1927
Зачынены 1930
Дырэктар Гаўрыла Гарэцкі
Размяшчэнне БССР, Мінск

Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна (БелНДІСіЛГ) — былая вышэйшая навукова-даследчая ўстанова пры Савеце Народных Камісараў БССР. Існаваў у 1927—1930 гадах у Менску. Займаўся даследаваннямі ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама падрыхтоўкай навуковых кадраў.

Папярэднікам інстытута была сельскагаспадарчая секцыя (агранамічная секцыя) Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), якая дзейнічала з 1925 года пад кіраўніцтвам наркама земляробства БССР Дзмітрыя Прышчэпава. Секцыя займалася распрацоўкай беларускай тэрміналогіі, вывучэннем эканомікі, гісторыі і геаграфіі сельскай гаспадаркі, а таксама пытаннямі меліярацыі і аграпрапаганды[1].

Па ініцыятыве секцыі 19 лістапада 1926 года СНК БССР прыняў пастанову аб стварэнні Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна. Урачыстае адкрыццё адбылося 26 студзеня 1927 года. 1 кастрычніка 1927 года сельскагаспадарчая секцыя была рэарганізавана, а ўся яе навуковая дзейнасць перайшла да новага інстытута[1].

На чале інстытута стаяў Савет, у які ўваходзілі прадстаўнікі Народнага камісарыята земляробства, Народнага камісарыята асветы, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Цэнтральнага Савета прафесійных саюзаў. У маі 1927 года інстытут быў перададзены ў непасрэднае падпарадкаванне СНК БССР. Старшынёй Савета інстытута стаў Дзмітрый Прышчэпаў, а дырэктарам — Гаўрыла Гарэцкі[2].

Інстытут праіснаваў да 1930 года. Яго дзейнасць была спынена ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі супраць кіраўніцтва і вядучых навукоўцаў (Д. Прышчэпава, Г. Гарэцкага і інш.), якіх абвінавацілі ў прыналежнасці да сфабрыкаваных арганізацый («Саюз вызвалення Беларусі», «Працоўная сялянская партыя»)[3]. На базе аддзелаў інстытута пазней быў створаны шэраг галіновых навукова-даследчых інстытутаў (земляробства, меліярацыі і воднай гаспадаркі, лясной гаспадаркі)[4].

Асноўныя кірункі дзейнасці ўключалі:

У 1927—1928 гадах у складзе інстытута працавала 5 аддзелаў і 8 даследчых станцый (Мінская балотная станцыя, Мінская паляводчая станцыя, Мінская станцыя аховы раслін, Цэнтральная лясная станцыя, Цэнтральная свінаводчая станцыя, Станцыя чырвонага беларускага быдла, Цэнтральная бульбяная станцыя і Меліярацыйна-гідралагічная станцыя). У 1927 годзе інстытуту былі перададзены Палеская пясчана-балотная станцыя і метэаралагічнае бюро[4].

Пад эгідай інстытута выдаваўся часопіс «Сельская і лясная гаспадарка», дзе публікаваліся навуковыя артыкулы, афіцыйныя дакументы і матэрыялы пра замежны вопыт[6].

У складзе інстытута дзейнічала Метэаралагічнае бюро (пазней аддзел сеткі станцый), якім кіраваў Мікалай Макарэўскі[7].