Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі
Інстытут тэхнічнай акустыкі | |
---|---|
руск.: Институт технической акустики | |
![]() | |
Абрэвіятура | ІТА |
Краіна | |
Адрас | Віцебск, Кастрычніцкі раён, прасп. Люднікава, д. 13 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка атрымання функцыянальных матэрыялаў |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Васіль Рубанік |
Намеснік па інавацыйнай працы | Юрый Царэнка |
Навуковы сакратар | Дзмітрый Багрэц |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 25 верасня 1975 |
Асноўныя асобы | Уладзімір Клубовіч |
Матчыная арганізацыя | Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве[3] |
Папярэднік | Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў |
itanas.by |
Інстытут тэхнічнай акустыкі — установа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасні 1975 года ў якасці Віцебскага аддзялення Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (ІФЦЦП).
На 2018 год Інстытут уваходзіў у склад Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі. Пры ІТА працавалі аспірантура і дактарантура з наборам на 3 спецыяльнасці: 1) фізіка кандэнсаванага стану, 2) тэхналогіі і абсталяванне механічнай і фізіка-тэхнічнай апрацоўкі, 3) апрацоўка металаў ціскам. Інстытут аказваў наступныя паслугі: 1) даследаванне ўздзеяння канцэнтраванага патоку энергіі на кандэнсаванае асяроддзе і фізічны працэс, у тым ліку тэрмапругкага фазавага ператварэння; 2) распрацоўку ўльтрагукавага і медыцынскага абсталявання; 3) аднаўленне дэталяў газадынамічным напыленнем, 4) электрафізічныя вымярэнні; 5) ўсталяванне прылад аховы і пажарнай бяспекі; 6) выпуск стаматалагічных вырабаў (дыскі і сплавы з каштоўных металаў, артадантычныя дугі), медыцынскага дроту з каштоўных металаў і нанясенне ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў. У ІТА налічвалася:
- 3 лабараторыі — 1) фізікі металаў, 2) нелінейных матэрыялаў, 3) перспектыўных матэрыялаў і тэхналогій (сумесна з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам);
- 3 аддзелы — 1) інавацыйнага рэгіянальнага развіцця, 2) маркетынгу і міжнародных сувязяў, 3) электрафізічных вымярэнняў[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]25 верасня 1975 года Прэзідыум Акадэміі навук БССР зацвердзіў Пастанову № 140 аб заснаванні Віцебскага аддзялення Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (ІФЦЦП). У 1994 годзе Віцебскае аддзяленне ІФЦЦП пераўтварылі ў Інстытут тэхнічнай акустыкі (ІТА). У 1995 годзе ў ІТА з'явілася аспірантура. На 1998 год у Інстытуце даследавалі ўздзеянне канцэнтраваных патокаў энергіі (ультрагуку, лазарнага выпраменьвання і высокачастотнага поля) на кандэнсаванае асяроддзе. У ІТА распрацавалі тэорыю сінтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў ва ўльтрагукавым полі (кампазіцыйныя матэрыялы з эфектам памяці формы і псеўдапругкасці, матэрыялы для медыцыны, радыётэхнікі і ядзернай энергетыкі). Таксама сінтэзавалі пераўскітныя матэрыялы, што не вырабіць пры звычайнай цеплавой апрацоўцы. Даследавалі кінетыку спякання парашкоў 3-кампанентных сістэм пад уздзеяннем лазарнага выпрамянення. Распрацавалі выбарачнае лазарнае спяканне для стварэння вырабаў складанай прасторавай формы. Даследавалі фізічнае ўзаемадзеянне патокаў атамаў, малекул і іонаў з паверхняй цвёрдых целаў для стварэння іонна-плазменным спосабам дэкаратыўна-ахоўных пакрыццяў з вугляроду, палімераў і гідраскілфасфатаў металаў[5].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Клубовіч (1975—2002)
- Васіль Рубанік (з 2002 года)
Зноскі
- ↑ а б GRID Release 2017-05-22 — 2017-05-22 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5032286
- ↑ Беларуская Вікіпедыя (тарашкевіца) — 2004.
- ↑ https://nasb.gov.by/bel/about/otdeleniya-nauk/ft_nauk.php
- ↑ Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (Інстытут тэхнічнай акустыкі) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (21 жніўня 2018). Праверана 6 верасня 2018.
- ↑ Інстытут тэхнічнай акустыкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Распрацоўкі (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут тэхнічнай акустыкі (2 лютага 2018). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2018. Праверана 6 верасня 2018.
- Навуковы савет(недаступная спасылка) (руск.)
- Манаграфіі Архівавана 8 верасня 2018. (руск.)