Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаванне 1922
Размяшчэнне Мінск, Фрунзенскі раён, вул. Брыкета, д. 28
Ключавыя постаці Юрый Ламака, Андрэй Высоцкі, Алена Сцяпанава
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя прышчэпка для жывёл і птушак, лекі для пчол, супрацьпаразітарныя лекі, лекі і стымулятары імунітэту жывёл
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт bievm.by

«Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага» («ІЭВ») — даследчае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), створанае ў 1922 годзе як Віцебскі ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут.

На 2018 год УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі» размяшчалася ў Мінску і ўваходзіла ў склад Аддзялення аграрных навук НАНБ. Набор у аспірантуру ажыццяўляўся па 5 спецыяльнасцях: 1) паразіталогія, 2) ветэрынарная мікрабіялогія (вірусалогія, эпізааталогія, мікалогія і імуналогія), 3) ветэрынарная фармакалогія, 4) ветэрынарная санітарыя (экалогія, заагігіена і ветэрынарна-санітарная экспертыза), 5) ветэрынарнае акушэрства (біятэхніка рэпрадукцыі жывёл). Інстытут вырабляў: прышчэпкі ад шаленства, вірусных і мікробных хвароб птушак, свіней, буйной рагатай жывёлы і дзікіх драпежных жывёл; лекі для пчол; супрацьпаразітарныя лекі; лекі і стымулятары імуннай сістэмы жывёл; сродкі дыягностыкі. Таксама інстытут аказваў паслугі дыягностыкі і распрацоўкі лекавання жывёл[1]. На 2018 год у інстытуце налічвалася 70 навуковых супрацоўнікаў, з іх 7 дактароў і 40 кандыдатаў навук, у тым ліку 5 прафесараў і 9 дацэнтаў. У сумесных распрацоўках удзельнічалі Інстытут фізікі імя Барыса Сцяпанава і 5 ВНУ Беларусі: Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (Горкі, Магілёўская вобласць), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У міжнародных даследаваннях бралі ўдзел 7 устаноў з 3 краін:

Падраздзяленні[правіць | правіць зыходнік]

На 2018 год УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі» ўключала віварый, гадавальнік лабараторных жывёл, групу навукова-тэхнічнай інфармацыі, сертыфікацыі і патэнтазнаўства і 10 аддзелаў:

  • вірусных інфекцый;
  • ветэрынарных тэхналогій;
  • бактэрыяльных інфекцый буйной рагатай жывёлы;
  • малекулярнай біялогіі;
  • паразіталогіі;
  • хвароб птушак, пчол і фізіка-хімічных даследаванняў;
  • таксікалогіі і незаразных хвароб жывёл;
  • паталогіі размнажэння і ветэрынарнай санітарыі;
  • культур клетак і пажыўных асяроддзяў;
  • доследна-эксперыментальны[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1922 годзе ў заснавалі Віцебскі ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут (РСФСР). У 1924 годзе, па 1-м узбуйненні БССР, яго перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут (БелДВБІ). У 1937 годзе БелДВБІ пераўтварылі ў Беларускую навукова-даследчую ветэрынарную доследную станцыю (БелНДВДС), пры якой заснавалі Віцебскую біяфабрыку. 8 сакавіка 1956 года Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР зацвердзіла Загад № 87, паводле якога на аснове БелНДВДС аддзелу ветэрынарыі Акадэміі навук БССР стварылі Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут (БелНДВІ) з размяшчэннем у Мінску і падраздзяленнем у Віцебску. У 1960 годзе БелНДВІ пачаў выпускаць зборнік «Ветэрынарная навука — вытворчасці». У 1963 годзе Майсей Юскавец выдаў манаграфію «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл». У 1964 годзе Савет Міністраў БССР размясціў БелНДВІ ў пасёлку Кунцаўшчына Мінскага раёна на запыт Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Да 1968 года інстытут налічваў 9 аддзелаў і 47 навуковых супрацоўнікаў. У 1968 годзе ў інстытуце з’явілася аспірантура. У 1971 годзе Р. С. Чабатароў выдаў «Даведнік па ветэрынарнай і медыцынскай паразіталогіі»[3].

1 сакавіка 1974 года Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 149 аб наданні інстытуту імя Сяргея Вышалескага. У 1974 годзе Інстытут пачаў выпускаць зборнік «Дасягненні ветэрынарнай навукі і перадавога досведу — жывёлагадоўлі». 20 жніўня 1975 года Савет Міністраў БССР зацвердзіў Пастанову № 275, паводле якой перайменаваў БелНДВІ ў Беларускі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі (БелНДІЭВ). У 1977 годзе Георгій Аб'едкаў выпусціў манаграфію «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба з ім». 30 верасня 1980 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ухваліў Указ аб узнагароджанні БелНДІЭВ Ганаровай граматай за ўкаранення распрацовак у вытворчасць. У 1983 годзе Раіса Тузава выдала манаграфію «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл і птушак». У 1990 годзе Міхаіл Таршыс, Мікалай Кавалёў і П. П. Кузняцоў выпусцілі супольную манаграфію «Шаленства жывёл». 8 жніўня 2002 года Бюро Прэзідыуму НАНБ зацвердзіла Пастанову № 26, паводле якой перайменавала БелНДІЭВ ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» («ІЭВ»). У Інстытуце працавалі акадэмікі Харытон Гарагляд, Раман Чабаратоў і Майсей Юскавец[3].

На 2004 год УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» налічвала 7 аддзелаў: 1) туберкулёзу і лейкозу, 2) вірусных і прыродных інфекцый, 3) мікрабіялогіі і калекцыі мікраарганізмаў, 4) паразіталогіі, 5) незаразных хвароб, 6) экалогіі і ветэрынарнай санітарыі, 7) хвароб птушак, пчол і рыбы. Пры «ІЭВ» працавала 2 лабараторыі: 1) культур клетак і пажыўных асяроддзяў, 2) навукова-тэхнічнай інфармацыі і патэнтазнаўства. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: 1) папярэджанне, выяўленне і лячэнне заразных, паразітарных і незаразных хвароб жывёл, птушак, рыб і пчол; 2) бяспека вырабаў жывёлагадоўлі; 3) папярэджанне і ўсталяванне прычыны бясплоддзя жывёл і падзяжу іх маладняку. На 2004 год Інстытут атрымаў 75 аўтарскіх пасведчанняў і 15 патэнтаў, укараніў звыш 300 навуковых распрацовак, 35 прышчэпак, 19 лекаў і 13 дыягностык. У Інстытуце выдалі звыш 100 кніг і манаграфіяў. У «ІЭВ» працавалі акадэмік Мікалай Кавалёў і 12 дактароў навук[3]. У 2007 годзе «ІЭВ» увайшоў у склад Навукова-практычнага цэнтра жывёлагадоўлі НАНБ (Жодзіна, Мінская вобласць).

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Арганізацыі Аддзялення аграрных навук (Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага). Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (8 лістапада 2018). Праверана 12 лістапада 2018.
  2. а б Гісторыя (руск.)(недаступная спасылка). УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» (17 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2018. Праверана 12 лістапада 2018.
  3. а б в Эксперыментальнай ветэрынарыі інстытут // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 76. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4.
  4. 95 гадоў РУП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага» (руск.)(недаступная спасылка). УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» (17 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2018. Праверана 19 лістапада 2018.
  5. Навука. — 2024. — 5 сакавіка. — С. 3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Вырабы (руск.)(недаступная спасылка). УП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» (17 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2018. Праверана 12 лістапада 2018.