Іну

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іну
Innu
Geneviève McKenzie-Sioui (Shanipiap).jpg
Агульная колькасць 22000
Рэгіёны пражывання Канада
Мова мантанье-наскапі
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы кры

Іну (саманазва: Innu), у мінулым былі вядомы як мантанье (фр.: Montagnais) і наскапі (фр.: Naskape) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады. Жывуць пераважна ў правінцыях Квебек і Ньюфаўндленд і Лабрадор. Агульная колькасць (2014 г.) — 22 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Іну адносяцца да алганкінскай групы народаў, якая з'явілася на ўсходзе Паўночнай Амерыкі каля 3000 — 2500 гадоў таму. У першай палове XX ст. амерыканскі антраполаг Фрэнк Спек высунуў тэорыю, згодна якой продкі іну мігрыравалі на паўвостраў Лабрадор з ракі Святога Лаўрэнція толькі пасля 1700 г. у выніку войн з іракезамі[2]. Аднак дадзеная тэорыя абапіралася на памылковую інтэрпрэтацыю старых французскіх карт.

Сучасныя археолагі лічаць, што індзейцы з'явіліся на паўвостраве Лабрадор у сярэдзіне 8 тысячагоддзя да н. э. На працягу некалькіх тысячагоддзяў яны сфарміравалі некалькі археалагічных культур, носьбіты якіх займаліся рыбалоўствам, паляваннем на карыбу і збіральніцтвам. Непасрэднымі продкамі іну маглі быць прадстаўнікі культуры Пойнт-Рэвендж[3]. Яны занялі Лабрадор каля X ст. н. э., увабралі многія рысы носьбітаў папярэдніх архаічных культур, але ў меньшай ступені залежылі ад рэсурсаў акіяна. Да XV ст. іх галоўнымі канкурэнтамі на марскім ўзбярэжжы былі прадстаўнікі эскімоскай культуры Туле.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пісьмовыя звесткі пра іну з'явіліся ў 1608 г.[4], калі Самюэль дэ Шамплейн атрымаў падтрымку групы паўднёвых іну супраць іракезаў. У XVII - XIX стст. сувязь з еўрапейскімі каланістамі падтрымлівалася галоўным чынам праз гандаль футрам. Французскія перасяленцы ў Канадзе называлі паўднёвых іну горцамі (фр.: Montagnais). Паўночныя групы атрымалі найменне наскапі, якое мела алганкінскае паходжанне, але ўтрымоўвала абразлівы сэнс. Сучаснае найменне іну было агульна прынята толькі ў 1990 г.

У XVIII ст. сярод паўднёвых іну пачалі актыўна дзейнічаць пратэстанцкія місіянеры. З канца XIX ст. унутраныя вобласці Лабрадора паступова асвойваліся перасяленцамі, якія займаліся здабычай футра і рубкай лесу. Гэта прывяло да скарачэння колькасці карыбу і нястач сярод абарыгенаў. Да сярэдзіны XX ст. іну апынуліся ў залежнасці ад дапамогі з боку канадскіх улад і місіянераў.

З 1970-х гг. назіраецца паступовае адраджэнне культуры, арганізаваная барацьба за свае правы на зямлю і гаспадарчую дзейнасць. У 1975 г. у Квебеку ўхнікла Рада Атыкамек і Мантанье[5]. У 1976 г. у правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор — Асацыяцыя Наскапі-Мантанье Іну (у нашы дні Нацыя Іну)[6]. Гэтыя дзве арганізацыі з'яўляюцца асноўнымі палітычнымі супольнасцямі, што прадстаўляюць інтарэсы іну, супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі органамі Канады, размяркоўваюць знешнюю дапамогу.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Выраб каноэ. Фота каля 1920 г.

Да другой паловы XX ст. іну вялі вандроўны лад жыцця, займаліся паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Галоўнымі аб'ектамі палявання з'яўляліся ласі і карыбу. На іх палявалі на працягу ўсяго года. Быў распаўсюджаны загонны від палявання, калі статак аленяў гналі да возера або шырокай ракі, а потым забівалі ў вадзе[7]. Узімку здабывалі спячых мядзведзяў і футравую жывёлу. Лавілі вугроў, ласосевых, судакоў, самоў, асятроў і інш. Для гэтага карысталіся лукам, стрэламі, дзідамі, каноэ, снегаступамі, рознымі пасткамі.

Вандроўны лад жыцця вымушаў жыць невялікімі групамі, якія мелі свае тэрыторыі для перамяшчэння. Аднак улетку яны часцяком сустракаліся для арганізацыі сумесных свят, гандлю і абмену навінамі. Узімку жылі разам у вялікіх хацінах. У кожнай групе мелася некалькі паселішчаў. Звычайна іх месцілі каля вады. Паўднёвыя іну ладзілі канічныя вігвамы, якія крылі бярозавай карой. Жытлы паўночных іну былі выцягнутымі, крытымі аленевымі скурамі.

Вопратку шылі са скур. Жанчыны насілі доўгія скураныя спадніцы са здымнымі рукавамі, мужчыны — вузкія скураныя штаны і паліто. Скуру для вопраткі апрацоўвалі, адбельвалі і размалёўвалі[8]. Да нашых дзён многія іну аддаюць перавагу скураным макасінам. Скурамі таксама крылі лёгкія каркасныя каноэ.

Традыцыйная кулінарыя багата мяснымі і рыбнымі стравамі, але бедная вугляводамі[9].

Асновай сацыяльнай арганізацыі былі паляўнічыя групы з некалькіх нуклеарных сем'яў. Яны налічвалі да 20 чалавек, але ў пэўных выпадках перавышалі гэту лічбу. Паляўнічыя групы аб'ядноўваліся ў тэрытарыяльныя. Да прыняцця хрысціянства лепшым лічыўся шлюб паміж стрыечнымі сваякамі. Сустракаліся звычаі палігініі і сарарату. Падчас супольнага палявання або ваенных дзеянняў мужчыны выбіралі правадыроў.

Фальклор іну багаты казкамі і міфамі. Вылучаюцца цыклы казак пра вясёлага карліка Тшакапеша[10] і расамаху Куекуатшэу[11]. Асноўны музычны інструмент — барабан. Вылучаюцца рамантычныя і рытуальныя песні. Танцы звычайна мелі рытуальны характар, прысвячаліся паляванню і нагадвалі карагод[12].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Іну врылі ў шматлікіх духаў прыроды, якія насялялі навакольны свет і маглі ўзаемадзейнічаць з чалавекам. Асабліва шанаваліся духі-заступнікі пэўных жывёл. Найбольш вядомае рытуальнае свята Макушан арганізоўвалася пасля ўдалага палявання і прысвячалася баўленню душ забітых звяроў. Іну былі вядомы шаманы, звычайна старыя людзі, што імкнуліся ўступіць у кантакт з духамі жывёл.

У нашы дні большасць вернікаў — хрысціяне. Сярод паўднёвых іну пераважаюць каталікі. Сярод паўночных — пратэстанты.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]