Перайсці да зместу

Іосіф Пятровіч Хаўратовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іосіф Пятровіч Хаўратовіч
Дата нараджэння 24 снежня 1929(1929-12-24) (96 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, выдавец
Месца працы
Навуковая ступень акадэмік Беларускай акадэміі сацыяльных навук[d] і кандыдат гістарычных навук
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР

Іо́сіф Пятро́віч Хаўрато́віч (24 снежня 1929, в. Варгуцёва, Круглянскі раён, цяпер Магілёўская вобласць — 1 верасня 2026) — беларускі гісторык і кнігавыдавец. Кандыдат гістарычных навук (1966).

Нарадзіўся 24 снежня 1929 года ў вёсцы Варгуцёва Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці[1][2].

У 1948 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. З 1949 года пачаў працоўную дзейнасць у якасці бібліятэкара. Пазней працаваў дырэктарам Талачынскага раённага Дома культуры, а таксама інспектарам аддзела культасветустаноў Талачынскага райвыканкама. У 1955 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт[2].

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі з 1955 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, дзе паслядоўна займаў пасады навуковага супрацоўніка, загадчыка сектара і вучонага сакратара. У 1966 годзе абараніў дысертацыю на здабыццё навуковай ступені кандыдата гістарычных навук[1].

З 1967 года перайшоў на працу ў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», дзе спачатку ўзначальваў рэдакцыі гісторыі СССР і БССР. З 1973 года стаў адказным сакратаром, а ў перыяд з 1975 па 1996 год займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара выдавецтва. У 1995 годзе быў абраны акадэмікам Беларускай акадэміі сацыяльных навук і стаў членам яе прэзідыума[3].

Памёр 1 верасня 2026 года[4].

Навуковая і выдавецкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя інтарэсы Іосіфа Хаўратовіча ахопліваюць гісторыю Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, а таксама падзеі Вялікай Айчыннай вайны[1]. З’яўляецца адным з аўтараў манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)», якая выйшла ў 1966 годзе. Напісаў шматлікія нарысы пра выдатных дзеячаў рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху, сярод якіх В. З. Харужая, А. Р. Салавей, Л. І. Родзевіч, С. С. Панкова, І. Пуліхаў, П. М. Лепяшынскі, У. М. Азін, М. В. Фрунзэ і іншыя. Таксама выступаў аўтарам гістарыяграфічных даследаванняў па гісторыі КПБ і КПЗБ, рыхтаваў артыкулы для энцыклапедычных выданняў[2].

Прымаў актыўны ўдзел у складанні дакументальных зборнікаў, напісанні да іх прадмоў і навуковых каментарыяў. Да ліку такіх прац належаць двухтомнае выданне «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз’яднанне з БССР» (1962—1972), зборнік «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (том 1, 1967), «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі» (1963, другое выданне — 1965), кніга «Слаўная дачка беларускага народа: Лісты, артыкулы В. Харужай і ўспаміны аб ёй» (другое выданне — 1962), а таксама матэрыялы, прысвечаныя гісторыі савецка-польскіх адносін і Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі[1].

Стварыў кнігу «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (1995). Прыклаў значныя намаганні да распрацоўкі і практычнага ажыццяўлення навукова-метадычных прынцыпаў стварэння ўніверсальных, рэгіянальных, галіновых і тэматычных энцыклапедый[3]. За ўдзел у стварэнні фундаментальнай 12-томнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» ў 1976 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі[1].

  • Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) / [А. Н. Мацко, І. П. Хаўратовіч і інш.]. — Мінск: Беларусь, 1966. — 355 с.
  • Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Т. 1—2. — Мн.: БелЭн, 1995—1997 (перавыданні на рускай мове: 1998, 3-е выд. 2002).
  1. 1 2 3 4 5 6 БелЭн 2003, с. 562.
  2. 1 2 3 4 Хаўратовіч Іосіф Пятровіч . Круглянская цэнтральная раённая бібліятэка. Праверана 4 верасня 2026.
  3. 1 2 Хаўратовіч Іосіф Пятровіч (недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка. Архівавана з першакрыніцы 27 красавіка 2017. Праверана 4 верасня 2026.
  4. ↑ Памёр Іосіф Хаўратовіч . Наша Ніва (2 верасня 2026). Праверана 4 верасня 2026.
  • Хаўратовіч Іосіф Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 562. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
  • Хаўратовіч Іосіф Пятровіч // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Круглянскага р-на. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 512.
  • Хаўратовіч Іосіф Пятровіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск: БелЭн, 2021. — Т. 6, кн. 2 : Могилёвская область. — С. 386.
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск: БелЭн, 2008. — Т. 7. — С. 424.