Іосіф Фантана III
Іосіф Фантана III | |
---|---|
Дата нараджэння | мерк. 1700 |
Дата смерці | не раней за 1755 |
Бацька | Дамінік Фантана |
Іосіф Фантана III (1700 (?) — пасля 1755) — беларускі архітэктар італьянскага паходжання. Прадстаўнік барока. Працаваў пераважна ў Гродне і Вільні. Адзін з родапачынальнікаў стылістычнай плыні віленскага барока ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Фантана паходзіў з асіміляванага італьянскага роду архітэктараў. Яго бацька, Дамінік Фантана, меў званне каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў, маці — Тэрэза Тэкля, была дачкой старадубскага маршалка Міхаіла[1] з мясцовага шляхецкага роду Перасвет-Солтанаў і мела некалькі фальваркаў пад Гродна[2]. Акрамя Іосіфа ў іх было яшчэ трое дзяцей[1]. Месцам жыхарства гэтай заможнай сям'і было Гродна, дзе ім належаў мураваны дом па вуліцы Замкавай[2].
У 1742 годзе да Іосіфа Фантаны перайшлі бацькаўскія тытулы каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў. Памёр пасля 1755 года, у тым жа годзе яго маёнткі, якія ён атрымаў у спадчыну ад маці, былі прададзены князям Масальскім[2].
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Працаваў нераважна ў Гродне і Вільні[3]. Іосіф Фантана III добра ведаў спецыяльныя трактаты італьянскіх тэарэтыкаў і практыкаў, рознабакова валодаў не толькі архітэктурнымі ведамі, але і сумежнымі прыродазнаўчымі навукамі[2].
У Гродне пабудаваў уніяцкую царкву Раства Багародзіцы ў Гродзенскім манастыры базыльянак (1726), палац Сапегаў[удакладніць] (1741—1744)[3].
Апрача гэтага ён будаваў святыні розных каталіцкіх ордэнаў, а таксама уніяцкія ў Вільні, Віцебску[2].
Каля 1735 г. быў перабудаваны ў стылістыцы позняга барока, верагодна, паводле праекта І. Фантаны ІІІ быў галоўны фасад касцёла пры кляштары кармелітаў босых у Глыбокім. Над масіўнымі ніжнімі чацверыкамі старых вежаў ўзвялі некалькі ярусаў, што тэлескапічна скарачаліся ўгору. Формы вежаў і франтоны паміж імі набылі пластычнасць і ажурнасць дзякуючы фігурным абрысам праёмаў, шматлікім раскрапоўкам, слаістым пілястрам, разарваным і хвалістым карнізам. Адпаведна было зменена і ўбранне інтэр'ера, а касцёл нанава кансэкраваны суфраганам віленскім Мацеем Анцутам[2].
У 1740 годзе склаў праект касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Сталовічах, будаўніцтвам якога кіраваў з 1741 па 1743 гг[3]. Касцёл уяўляе сабой познебарочную трохнефную базіліку без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і прамавугольным алтарным завяршэннем цэнтральнага нефа, да якога па падоўжнай восі Фантана далучыў старажытную Ларэтанскую капліцу[2].
Падобны прыём размяшчэння ў цэнтры алтара ўвахода ў пазаалтарнае сакральнае памяшканне ёсць яшчэ толькі ў касцёле кармелітаў босых(польск.) бел. у Гродне. Па гэтай і яшчэ шэрагу аналогій ёсць падставы меркаваць, што яму належыць і аўтарства гродзенскага касцёла кармелітаў[2].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Ауксе Каладжинскайте. Деятельность архитектора Иосифа Фонтана в Великом княжестве Литовском
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 Тамара Габрусь. СТВАРАЛЬНІКІ ВІЛЕНСКАГА БАРОКА
- ↑ 3,0 3,1 3,2 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Фантана Іосіф III // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16), ISBN 985-11-0035-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Кн. 2. — Минск, 2010.