Іракезы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Воін-іракез. Малюнак канца XVIII ст.

Іраке́зы (саманазва: Haudenosaunee, літаральна «людзі доўгай хаціны») — група індзейскіх народаў Паўночнай Амерыкі. Сфарміравалася як канфедэрацыя (ліга) пяці народаў: магаўкаў, анандага, анейда, каюга, сенека. Пазней да яе далучыліся тускарора.

Акрамя таго, іракезамі называюць індзейскія народы Паўночнай Амерыкі, якія размаўляюць на іракезскіх мовах.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна міфалагічным паданням іракезаў, яны былі створаны непасрэдна Трымальнікам Неба. Прычым, кожны народ быў ашчасліўлены пэўнай тэрыторыяй з адметнымі багаццямі[1]. Магаўкі атрымалі землі на вялікай рацэ і кукурузу. Анейда пасяліліся каля камянёў і маглі карыстацца арэхамі і драўнянымі пладамі. Анандага мелі высокія пагоркі, вінаград, кабачкі і тытунь. Каюга - балоты і карані раслін. Сенека дасталіся ўзвышшы і фасоля. Тускарора, што прыйшлі ў XVIII ст. з поўдню, лічылі, што ў іх землях знаходзіўся дом Трымальніка Неба.

Лінгвісты сцвярджаюць блізкасць іракезскай сям'і моў да сіўанскай і кадаанскай груп моў[2], што сведчыць пра тое, што продкі іракезамоўных народаў здаўна жылі на ўсходзе Паўночнай Амерыкі. Археолагі лакалізуюць старажытныя паселішчы іракезаў і іх блізкіх моўных сваякоў (гуронаў, мехерын, натавэй, нейтраль, саскуэханцаў, тыанантаты, чэрокі, эры) раёнам усходу Вялікіх азёр, часткі Агая і землямі на ўсход да ўзбярэжжа Атлантыкі[3].

З'яўленне непасрэдна іракезаў звязваецца з археалагічнай культурай земляробаў Аваска на тэрыторыі сучаснага штата Нью-Ёрк[4]. Для носьбітаў Аваска былі характэрны добра ўмацаваныя драўлянымі платамі паселішчы з доўгімі хацінамі. Мяркуецца, што ў ранні перыяд яны вялі частыя войны. Пранікненне іракезамоўных народаў на паўночнае ўзбярэжжа Вялікіх азёр датуецца не раней за сярэдзіну XIII ст.[5]

Упершыню назву іракезы ў 1603 г. выкарыстаў Самюэль дэ Шамплейн[6]. Высоўваюцца версіі аб яе паходжанні з моў гуронаў (ierokwa — "тыя, хто кураць"), каюга (iakwai — "мядзведзь"), алганкінаў (Iriⁿakhoiw — "сапраўдныя змеі"), баскаў (hilokoa— "забойцы") і г. д. Самі іракезы называюць сваё аб'яднанне Haudenosaunee (ад hodensote — доўгая хаціна). Хаціна як агульны сімвал паходзіць ад традыцыі сваяцкіх матрылакальных сямей мець у адным жытле некалькі агменяў[7]. Кожны народ, што ўваходзіў у лігу, таксама меў свой агмень, каля якога збіралася рада правадыроў. Такім чынам ліга атаесамлялася з пашыранай матрылакальнай сям'ёй.

Фарміраванне лігі[правіць | правіць зыходнік]

Вампум і дрэва міру на сцягу лігі іракезаў

Дакладны час фарміравання лігі іракезаў не вядомы, паколькі падзеі перадаваліся толькі праз вусную традыцыю. Мяркуюць, што гэта адбылося ў XIV - XVI стст. Паколькі ў легендах сенека пачатак першай рады лігі звязаны з сонечным зацьменнем, то верагодным годам заснавання з'яўляецца 1451.

Згодна паданням, магаўкі, анандага, анейда, каюга і сенека доўгі час вялі ўзаемныя крывавыя войны, пакуль да іх не прыбыў вялікі міратворац Дэганавайда з краіны гуронаў на поўнач ад возера Антарыа. Ён вандраваў на ўсход і заклікаў ваяроў аб'яднацца і жыць у міры[8]. Адным з найбольш амбітных паслядоўнікаў Дэганавайды стаў Гаявата[9], правадыр племені магаўкаў, які выступаў ад імя міратворцы з планам аб'яднання.

Супраць міру быў правадыр анандага, чараўнік Тададаха. Дзякуючы яго чарадзейству Гаявата згубіў тры дачкі. Разам з Дэганавайдам правадыр магаўкаў пранік у пячору, дзе жыў Тададаха. Там яны ўбачылі пачварнага монстра са змеямі, ўплеценымі ў валасы. Аднак Тададаха пагадзіўся выслухаць прыхільнікаў міру і ў выніку прыняў іх план. Яго твар пры гэтым стаў чалавечым. Гаявата вычасаў змей з яго валасоў[10].

Дэганавайда ў знак іх пагаднення пасадзіў на тэрыторыі анандага дрэва міру і сфармуляваў асноўны законы іракезаў Gayanashagowa[11]. Ён рэгламентаваў узаемаадносіны паміж чальцамі лігі. Усе спрэчныя пытанні павінны былі вырашацца радай з 13 прадстаўнікоў. Галоўную ролю пры вырашэнні адыгрывалі прадстаўнікі магаўкаў як "трымальнікі закону". Прадстаўнікі анандага не ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў, аднак мелі правы склікаць раду і накласці на ніх вета. У радзе не маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі народаў, якія не ўваходзілі ў лігу.

Gayanashagowa не забараняў пашырэнне лігі за лік новых добраахвотнікаў. Пасля паражэння ў вайне 1711 - 1715 гг. ад англійскіх каланістаў з Паўночнай Караліны на тэрыторыю штата Нью-Ёрк прыбылі тускарора[12]. Яны пажадалі стаць шостым чальцом лігі.

Бабровыя войны[правіць | правіць зыходнік]

Піктаграмы-подпісы індзейцаў пад дагаворам у Манрэалі, 1701 г.

У пачатку XVII ст. ліга іракезаў налічвала ўсяго каля 20 тысяч чалавек, але адыгрывала значную ролю ў палітычным жыцці індзейскіх плямён усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. З пачатку XVII ст. у Паўночнай Амерыцы з'явіліся галандскія, французскія і англійскія каланісты. Іх прыбыццё змяніла расстаноўку сіл, пачалося распаўсюджванне тавараў з металаў і агнястрэльнай зброі. Наўзамен еўрапейскія гандляры куплялі мясцовыя тавары. Іх асабліва цікавілі скуры баброў. Іракезы традыцыйна падтрымлівалі сувязі з галандскімі, а потым англійскімі калоніямі, іх праціўнікі, гуроны і алганкіны, — з французскімі. 29 ліпеня 1609 г. 10 французаў, узброеных аркебузамі, на чале Самуэля дэ Шамплейна прынялі ўдзел у бітве іну супраць магаўкаў[13][14]. 2 правадыра магаўкаў былі забіты, астатнія збеглі з поля бою.

Наступныя перамогі французаў, а таксама заключэнне ў 1614 г. пагаднення з магутнай канфедэрацыяй гуронаў на некаторы час спынілі экспансію іракезаў на поўнач, але не перапынілі ваенныя дзеянні паміж варожымі індзейцамі. У першай палове XVII ст. назіралася хуткае пераўзбраенне індзейскіх плямён, выкарыстанне імі агнястрэльнай зброі. У 1636 - 1637 гг. у іракезаў, якія набылі стрэльбы ў галандцаў, атрымалася выціснуць саюзных французам амамівініні на поўнач[15]. Аднак гандлёвыя кантакты з еўрапейцамі, што садзейнічалі ўзбраенню, таксама вялі да вынішчэння баброў. У выніку, ужо да 1650 г. іракезы сутыкнуліся з нястачай бабровага футра. Іх паляўнічыя былі вымушаны асвойваць даліну ракі Агая на ўсходзе[16], а таксама весьці перамовы з паўночнымі плямёнамі. Апошнія не прывялі да істотных зрухаў, таму з 1642 г. іракезы пачалі наступ у раёне ракі Святога Лаўрэнція. У 1649 - 1675 гг. яны здолелі разграміць канфедэрацыі гуронаў, нейтраль, тыанантаты, эры, саскуэханцаў, нанесці жорсткае паражэнне ілінойс.

З самога пачатку 1650-х гг. у канфлікт паміж індзейцамі была ўцягнута Новая Францыя[17]. Чарага ваенных сутычак паміж французамі і іх саюзнікамі з аднаго боку і іракезамі з другога атрымала назву Бабровых войн. У 1665 г., 1684 г., 1687 г., 1696 г. французы арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі супраць іракезаў, але ўсе яны мелі часовы поспех. Толькі ваеннае паражэнне анандага і анейда ў 1696 г. дапамагло французам пазбавіцца ад рэйдаў на каланіяльныя паселішчы. Францыя несла вялізныя страты з-за перапынення гандлёвых адносін уздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція.

У 1700 г. правадыры анандага, анейда, каюга і сенека сустрэліся з губернатарам Манрэаля і дамовіліся працягнуць перагаворы ў наступным годзе. У 1701 г. у Манрэалі сустрэліся прадстаўнікі 13 розных народаў (усяго 1300 чалавек)[18], каб заключыць мір з іракезамі. Іракезы абавязваліся захоўваць нейтралітэт у канфліктах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Французскія каланіяльныя ўлады станавіліся пасрэднікамі ў спрэчках іракезаў з іншымі плямёнамі.

Бабровыя войны былі адным з найбольш працяглых і жорсткіх канфліктаў паміж еўрапейскімі каланістамі і карэннымі народамі Паўночнай Амерыкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Маска "фальшывы твар"

Традыцыйная рэлігія іракезаў уключала анімістычныя і політэістычныя вераванні. Згодна міфалагічным уяўленням, існуюць духоўны (нябесны) Karonhia:ke і рэчаісны сусветы. Рэчаісны свет у мінулым уўляў сабою паветра. Аднойчы праз дзірку ў небе з духоўнага сусвету ў рэчаісны патрапіла Нябесная жанчына. Яна была выратавана птушкамі, якія апусцілі яе на спіну вялізарнай чарапахі. Гразь на спіне чарапахі ператварылася ў зямлю[19]. Чарапаха паступова расце, і разам з ёю — наш сусвет. Доказам гэтага іракезы лічылі землятрусы.

Праз некаторы час Нябесная жанчына нарадзіла дачку, якая зацяжарыла ад бога заходняга ветру і нарадзіла хлопчыкаў-блізнят Tawiskaron ("Крэмень") і Teharonghyawago ("Трымальнік неба"). Tawiskaron разглядаўся як добрае бажаство, што стварыла ўсе прыемные рэчы. Teharonghyawago атаесамляўся са злом. Яму прыпісвалі забойства маці пры нараджэнні[20]. З галавы мёртвай жанчыны нарадзіліся кукуруза, фасоля і гарбузы.

Іракезы таксама верылі ў іншых багоў і духаў. Яны ўяўляліся ў абліччы людзей або жывёл. Адной з найважнейшых цырымоній было паленне тытуню. У старажытнасці памерлых хавалі ў сядзячым становішчы. Існавала традыцыя спачування, калі наведваліся сваякі памерлага. Найбольш устойлівай яна аказалася ў дачыненні правадыроў і практыкавалася да 1970-х гг.[21] Памінанне доўжылася каля года. Іракезы верылі, што пасля смерці душа чалавека перажывае выпрабаванні, але ў выніку трапляе ў духоўны сусвет.

Рэлігійныя святы былі прысвечаны земляробчаму і прыроднаму цыклам, уключалі падзякі за ўраджай, дары прыроды. Узімку святкаваўся сямідзённы Новы год[22]. Іракезы мелі традыцыйных лекараў, што практыкавалі шаманізм і аб'ядноўваліся ў таварыства "фальшывых твараў" (падчас цырымоній яны апраналі маскі)[23].

У нашы дні большасць іракезаў належыць да розных плыняў хрысціянства, аднак працягвае спраўляць традыцыйныя рэлігійныя цырымоніі.

Выбітныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]