Ірына Татэосаўна Хачатранц

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ірына Татэосаўна Хачатранц
Дата нараджэння 7 красавіка 1916(1916-04-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 16 чэрвеня 1999(1999-06-16) (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Ксенія Кірылаўна Хачатранц
Род дзейнасці інжынер у цывільным будаўніцтве
Навуковая сфера арганізацыя будаўніцтва[d]
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат тэхнічных навук (1954)
Навуковае званне
Альма-матар
Узнагароды

Ірына Татэосаўна Хачатранц (7 красавіка 1916, Масква — 16 чэрвеня 1999, Мінск) — беларускі інжынер-будаўнік, спецыяліст у галіне арганізацыі і кіравання будаўніцтвам. Заслужаны будаўнік БССР (1974). Кандыдат тэхнічных навук (1954), дацэнт (1956).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 7 красавіка 1916 г. у Маскве ў сям’і інжынераў Татэоса Маркаравіча і Ксеніі Аляксандраўны (народжанай Марозавай). Ірына Хачатранц пайшла па бацькоўскіх стопах і ў 1932 г., скончыўшы школу, паступіла на будаўнічы факультэт Новачаркаскага індустрыяльнага інстытута імя С. Арджанікідзэ. У 1937 г. яна з адзнакай скончыла інстытут па спецыяльнасці «інжынер-будаўнік гарадскіх шляхоў» і была накіравана на працу ў Растоў-на-Доне.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Алтайскі край. Першыя некалькі гадоў працавала рахункаводам у калгасах, у 1944 г. перайшла на працу інжынерам-праектыроўшчыкам адмысловай будаўніча-мантажнай часці № 15 горада Рубцоўска. Удзельнічала ў будаўніцтве Алтайскага трактарнага завода, у 1945 г. паўгода выконвала абавязкі галоўнага архітэктара горада.

У жніўні 1947 г. па заяўцы трэста «Белтрактарабуд» пераехала ў Мінск. Беларуская сталіца актыўна аднаўлялася пасля вайны. Хачатранц працавала на будаўніцтве Мінскага трактарнага завода, у снежні 1949 г. уладкавалася асістэнтам кафедры будаўнічай вытворчасці будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута імя І. В. Сталіна (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).

У 1950 годзе канчаткова перайшла з трэста ў БПІ. У 1952 г. паступіла ў аспірантуру. У найкарацейшыя па акадэмічных мерках тэрміны падрыхтавала дысертацыю на сушуканне навуковай ступені кандыдата тэхнічных навук і паспяхова абараніла яе ў 1954 г. У 1956 годзе была зацверджана ў званні дацэнта.

Апроч чытання асноўнага курсу па арганізацыі і кіраванні будаўніцтвам, яна вяла курсавыя і дыпломныя праекты, ажыццяўляла навуковае кіраўніцтва аспірантамі і сушукальнікамі. Удзельнічала ў працы Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, навукова-даследчых праектах, займалася падрыхтоўкай навучальных і навучальна-метадычных дапаможнікаў.

Пачынаючы з 1969 г. і была нязменным кіраўніком па навуковай частцы Беларускай тэрытарыяльнай навукова-даследчай лабараторыі арганізацыі і эканомікі будаўніцтва пры БПІ. Дзякуючы ўкараненню ў будаўнічых арганізацыях Мінска распрацовак лабараторыі ў першай палове 1970-х гг. у сталіцы была дасягнута самая высокая ў СССР рытмічнасць жыллёвага будаўніцтва, а эканамічны эфект склаў больш 1 млн руб.

У 1986 годзе сышла на пенсію, але навуковую працу не пакінула. У канцы 1980-х гг. стварыла кааператыў, які займаўся аптымізацыяй сістэмы планавання і кіравання вытворчасцю будаўнічых арганізацый.

Памерла 16 чэрвеня 1999 года. Пахавана на Маскоўскіх могілках у Мінску.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Была прызнаным экспертам у вобласці ўкаранення новай тэхнікі і эфектыўнай арганізацыі будаўніцтва, удзельнічала ў працы навукова-тэхнічных саветаў і ўпраўленняў пры Савеце Міністраў і профільных міністэрствах БССР, была адным з ініцыятараў стварэння ў рэспубліцы сістэмы эксперыментальнага будаўніцтва. Пры яе непасрэдным удзеле распрацоўваліся праекты арганізацыі патокавага будаўніцтва двух мікрараёнаў, Мінскага домабудаўнічага камбіната, школ-інтэрнатаў і іншыя.

У часы працы ў БПІ вяла курсавыя і дыпломныя праекты, ажыццяўляла навуковае кіраўніцтва аспірантамі і сушукальнікамі, падрыхтавала больш за 5000 інжынераў і 14 кандыдатаў навук, выдала больш за 60 друкаваных прац, у тым ліку тры манаграфіі.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Маці беларускага архітэктара Ксеніі Хачатранц.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

За шматгадовую працу над методыкай каляндарнага планавання працы будаўнічых арганізацый Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прысвоіў ёй ганаровае званне «Заслужаны будаўнік БССР» (1974). Сярод іншых яе ўзнагарод — Грамата Вярхоўнага Савета БССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці будаўніцтва рэспублікі (1958) і юбілейны медаль «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна».

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]