Ірэней Клеафас Агінскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ірэней Клеафас Агінскі
1-ы маршалак шляхты Ковенскай губерні
1843 — 1843

Нараджэнне 1808
Смерць 1863
Род Агінскія
Бацька Міхал Клеафас Агінскі
Маці Марыя дэ Неры[d]
Жонка Countess Olga Kalinovskya[d]
Дзеці Багдан Агінскі[d] і Michał Mikołaj Ogiński[d]
Член у
Дзейнасць землекарыстанне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ірэней Клеафас Агінскі (1808, Фларэнцыя — 1863, Рэтуў) — землеўласнік, сацыяльны рэфарматар, заснавальнік Рэтаўскай земляробчай школы[2].

Паходзіў з роду князёў Агінскіх, сын вядомага кампазітара і палітыка Міхала Клеафаса Агінскага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ірэней Клеафас Агінскі ў маладосці
Вольга Каліноўская, другая жонка Ірынея Клеафаса Агінскага
Рэтаўскі палац

Да 1826 пераважна жыў у Італіі, шмат падарожнічаў з бацькамі.

У 1819 яго бацька наняў у якасці гувернёра для маладога Ірэнея швейцарскага паэта Джона Ругера (які працаваў у сям’і Агінскіх да 1831), з якім яны ажыццявілі падарожжы па Італіі, Германіі і Швейцарыі. У 1825 спрабаваў паступіць вучыцца ў Жэнеўскі ўніверсітэт, але не здолеў здаць усе экзамены, гэтаму неспрыялі таксама праблемы са здароўем. Бацькі планавалі яму дыпламатычную кар’еру[3].

У 1833 пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну Залессе і Рэтуў (у 1849 стала пераехаў жыць у Рэтуў).

Перш за ўсё І. Агінскі праславіўся як узорны земляроб, які ўвёў у сваіх маёнтках своеасаблівае сялянскае самакіраванне з выбарнымі радамі, судамі, эканоміямі і іншымі фондамі. У 1835 у яго жамойцкіх маёнтках было адменена прыгоннае права, паншчына была заменена на чынш. Ён дабіўся стварэння ў мястэчку бальніцы, аптэкі, прытулку для састарэлых і сірот, некалькіх ашчадных і пазыковых кас, пошты. Арганізоўваў выставы гаспадарчых дасягненняў. Мужчынам старэйшым за 55 гадоў і жанчынам старэйшым за 50 гадоў забаранялася працаваць у маёнтку.

Будучы артыстычнай натурай, прагрэсіўным чалавекам са светлым розумам, сам добра ведаў жамойцкую мову, унёс вялікі ўклад у адукацыю мясцовага насельніцтва і ўпарадкаванне мястэчка. У 1836 годзе пад яго апекай у Рэтуве пачала працаваць дзяржаўная двухкласная школа, а таксама школа музыкі і спеваў. Ён таксама падтрымліваў ідэі цвярозасці Мацея Валанчуса. У 1859 годзе стварыў у Рэтуве двухкласную агранамічную школу — найстарэйшую такую школу ў Літве. Навучанне ў ёй вялося на жамойцкай мове. Школа была закрыта царскімі ўладамі пасля 1863.

У 1841 быў арыштаваны і зняволены ў Санкт-Пецярбургу, але быў вызвалены з турмы з-за адсутнасці доказаў[4]. Мітрапаліт Іосіф Сямашка называў І. Агінскага «предводителем оппозиции против правительства» (1843)[5].

У 1843 быў абраны маршалкам шляхты Ковенскай губерніі, аднак не быў зацверджаны ковенскім губернатарам як палітычна недабранадзейны. У 1834-46 заставаўся на пазіцыі маршалка шляхты Расенскага павета.

У 1857 удзельнічаў у з’ездзе ковенскай шляхты, які ініцыіраваў разгляд сялянскага пытання. Пазней уваходзіў у склад спецыяльнай камісіі па разглядзе пытання аб адмене прыгоннага права ва ўсёй Ковенскай губерні[4].

Таксама быў ганаровым куратарам школаў і гімназій Ковенскай губерніі.

У 1860 у часопісе «Журнал канаводства», які выходзіў у Пецярбургу, ён апублікаваў артыкул пра «жэмайтукаў». Публікацыя пачынаецца са сцвярджэння, што з дапамогай гэтага маленькага, моцнага, разумнага каня літоўцы перамагалі ў бітвах з крыжакамі і таму нельга дапусціць, каб гэтая парода знікла. Яго сыны працягнулі пачатую ім справу, захаваўшы гэтую пароду каней для будучых пакаленняў.

Вядомы як прыхільнік творчасці Сымона Даўкантаса і Мікалоюса Акялайціса. Матэрыяльна падтрымаў Лаўрынаса Івінскіса у 1846 годзе, які выдаў першы літоўскі каляндар — «Мецкайтляй». Акялайціс пры яго падтрымцы выдаў у Вільні падручнік літоўскай мовы, некаторы час жыў у Рэтуве.

Пры ім сядзібны дом быў перабудаваны у стылі неарэнесансу, разбіты вялізны парк плошчай 60 гектараў, разбіты сад, усталявана некалькі сажалак. У 1859 годзе была пабудавана аранжарэя.

Дзякуючы яму каля 1850 увесь горад Рэтуў таксама быў перапланаваны паводле класічных прынцыпаў. Вось асноўнай кампазіцыі горада адным канцом абапіралася на касцёл, а другім на палац.

Меў статус тайнага саветніка, камергера імператарскага двара. Быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава І-га класа.

Фундатар касцёлаў[правіць | правіць зыходнік]

У 1853 стары касцёл у Рэтуве быў знесены, біскуп Мацей Валанчус асвяціў вуглавы камень, а І. Агінскі распачаў будаўніцтва новага неараманскага касцёла. Аўтарам праекта быў архітэктар Гансоўскі, працамі па будаўніцтве касцёла кіраваў берлінскі спецыяліст Штуллер.

Праз год царская адміністрацыя забараніла будаваць новыя каталіцкія святыні ў Літве, але работы ў Рэтуве не былі спынены, хоць будаўніцтва касцёла працягвалася да 1874. На будаўніча-рамонтныя работы сядзібы і касцёла выдаткавана каля 3,5 мільёнаў рублёў.

Інтэр’ер касцёла, напэўна, адзін з самых італьянскіх у Літве не толькі з-за стылістычных формаў, але і з-за вялікай колькасці мармуру, які выкарыстоўваецца для аздаблення. Падлога касцёла была выкладзена чорна-белымі мармуровымі плітамі, алтары і баптыстэрый выкананы брусэльскімі майстрамі з рознакаляровага мармуру.

У Вільні ён аднавіў капліцу Божага Цела ў касцёле святых Янаў, якую зафундаваў яго прадзед Тадэвуш Агінскі.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У 1842 Ірэней ажаніўся з графіняй Юзэфінай Каліноўскай (18161844). Пасля смерці жонкі ў 1848 ажаніўся з яе сястрой Вольгай Каліноўскай, фрэйлінай двара цара Аляксандра ІІ (памерла ў 1899 г., пахавана ў капліцы Агінскіх у Рэтуўскім касцёле). Іх бацькам быў генерал польскага войска Юзаф Каліноўскі. Абедзве дамы славіліся на ўвесь Пецярбург выдатным музычным густам і адукацыяй, расійскі імператар Аляксандр ІІ у маладосці быў закаханы ў Вольгу Каліноўскую. Сваімі шырокімі сваяцкімі сувязямі Ірыней Агінскі адчыніў дзверы ў царскім палацы не толькі для сябе, але і для іншых членаў роду Агінскіх.

Ад другой жонкі меў двух сыноў: Богдана Міхала (1848—1909), які ўспадкаваў Рэтуў і Плунгяны, і Міхала Мікалая (1849—1902), спадчынніка Залесся.

Легенда[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйна прынята сцвярджаць, што Ірэнэй Агінскі памёр у Рэтуве ва ўзросце 55 гадоў, хаця, паводле сямейнага падання, смерць і пахаванне князя былі проста добра зрэжысаваным спектаклем. Князь, пазбягаючы царскага пераследу за ўдзел у у паўстанні 1863—1864 гадоў, пакінуў Жамайцію і пасля гэтага некалькі гадоў жыў за мяжой.

Гэтую версію, відаць, пацвярджае яго магіла ў Рэтуве. Астанкі князя спачываюць не ў фамільнай капліцы Агінскіх, а каля яе. На думку даследчыкаў гісторыі роду Агінскіх, чалавек, які добраахвотна згадзіўся памерці і быць пахаваным замест князя, не належаў да княжацкага саслоўя, таму не мог быць пахаваны ў капліцы Агінскіх, таму было выбрана месца для яго магілы побач з капліцай.

Памяць Ірэнея Агінскага і яго жонкі Вольгі ўшаноўваецца ў Рэтуўскім касцёле. У 1863 пастаўлены помнік І. Агінскаму — бюст з чорнага і белага мармуру створаны мастаком А. Кацье (Cattier). Побач знаходзіцца бюст яго жонкі Вольгі.

Зноскі

  1. http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/oginski-ireneusz/ Праверана 30 жніўня 2022.
  2. Ogiński Ireneusz Kleofas // Polski Słownik Biograficzny. Tom XXIII. S. 610—611.
  3. Šmigelskytė-Stukienė Ramune. Child education in the family of Michał Kleofas Ogiński (1765—1833) // Przegląd Historyczno-Oświatowy : Kwartalnik Związku Nauczycielstwa Polskiego poświęcony dziejom oświaty i wychowania. Kielce : Wydawnictwo Pedagogiczne ZNP, 2019, Nr. 3-4
  4. а б Šmigelskytė-Stukienė Ramunė. Historic Features of Oginski Family // Faces from the Past. The Dukes Oginski Art Collection. — Kaunas, 2015. — Pp. 16-42.
  5. [И. Семашко]. Записки Иосифа митрополита Литовского. Т. 2, Санкт-Петербург: Типография Императорской Академии Наук, 1883, С. 235.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]