Іспанская федэрацыя баскетбола

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Іспанская федэрацыя баскетбола або Федэрацыя баскетбола Іспаніі (ісп.: Federación Española de Baloncesto, FEB) — нацыянальны орган па баскетболе ў Іспаніі. Іспанская федэрацыя баскетбола — член кантынентальнай асацыяцыі ФІБА Еўропа і Міжнароднай федэрацыі баскетбола (ФІБА). Была заснавана 31 ліпеня 1923 года ў Барселоне, яе першым прэзідэнтам стаў Фідэль Брыкал.

Арганізацыя выступае кіраўнічым органам нацыянальных мужчынскіх, жаночых і моладзевых каманд Іспаніі па баскетболе на міжнародных турнірах.

Нацыянальны чэмпіянат сярод мужчынскіх каманд праводзіцца пад эгідай ACB (Асацыяцыя баскетбольных клубаў) з сезона 1983/84, да гэтага з 1956 года яго правядзеннем займалася Іспанская федэрацыя баскетбола. Першы чэмпіянат Іспаніі быў праведзены ў 1956 годзе пад назвай «Ліга Насіёналь», з 1983 года ліга носіць назву «Асацыяцыя баскетбольных клубаў». З 2011 года ліга таксама называецца Лігай Эндэса ад назвы генеральнага спонсара Endesa. Іспанская баскетбольная ліга ACB (Asociación de Clubes de Baloncesto) з’яўляецца адной з наймацнейшых у свеце. Па колькасці перамог у еўрапейскіх клубных турнірах іспанскія клубы саступаюць толькі італьянскім.

Мужчынская зборная Іспаніі — чэмпіён свету 2006 года, сярэбраны прызёр Алімпійскіх Гульняў у Лос-Анджэлесе (1984) і Пекіне (2008), чэмпіён Еўропы (2009, 2011). Акрамя таго, на еўрапейскіх чэмпіянатах іспанцы заваявалі 6 сярэбраных і два бронзавыя медалі.

Чэмпіянат Іспаніі сярод жаночых каманд праводзіцца з 1964 года. Больш за ўсё тытулаў — 14 — на рахунку ў валенсійскага «Рос Касарэс».

Жаночая зборная Іспаніі — чэмпіён Еўропы 1993 года, а таксама віцэ-чэмпіён Эўропы 2007 і 3-разовы ўладальнік бронзы Еўрабаскета (2001, 2003 і 2005).