Ісык-Кульская катлавіна

Ісык-Кульская катлавіна (кірг.: Ысык-Көл ойдуңу) — горная катлавіна на поўначы Цянь-Шаня, у Кыргызстане.
Катлавіна абмежавана з поўначы хрыбтом Кюнгёй-Ала-Тоо, з поўдня хрыбтом Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята возерам Ісык-Куль. Даўжыня 240 км, шырыня да 90 км.
Ісык-Кульская катлавіна ўяўляе сабой сінклінальны прагін, ускладнены разломамі. Вялікая сейсмічнасць. На ўсходзе радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на паўднёвым усходзе — тэрмальныя мінеральныя крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У заходняй частцы катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсходняй частцы ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі.
Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе размяшчаецца група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны знаходзіцца Ісык-Кульскі запаведнік.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Для паляпшэння артыкула пажадана |
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).