Італьянскія войны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Італьянскія войны
Battle of Pavia.jpgБітва пры Павіі
Дата 14941559
Месца Італія, Нідэрланды
Прычына Барацьба за Неапалітанскі прастол
Вынік Паражэнне французскай кааліцыі
Праціўнікі
Flag of France (XIV-XVI).svg Каралеўства Францыя
Flag of Milan.svg Герцагства Міланскае (14941495)
FlorenceCoA.svg Фларэнційская рэспубліка
Official Coat of Arms of Aragon.svg Каралеўства Арагон (1500—1503)
Flag of the Kingdom of Naples.svg Неапалітанскае каралеўства
Flag of the Papal States (1808-1870).svg Папская вобласць
Official Coat of Arms of Aragon.svg Каралеўства Арагон (1495—1500, пасля 1503)
Banner of the Holy Roman Emperor (after 1400).svg Свяшчэнная Рымская імперыя
Flag of Milan.svg Герцагства Міланскае1495)
Flag of Most Serene Republic of Venice.svg Венецыянская рэспубліка
Flag of England.svg Англія
Mantua Flag 1575-1707 (new).svg Мантуанскае герцагства
Камандуючыя
Flag of France (XIV-XVI).svg Карл VIII
Flag of France (XIV-XVI).svg Людовік XII
Flag of Milan.svg Ладавіка Сфорца
Official Coat of Arms of Aragon.svg Фердынанд II Арагонскі
Flag of the Kingdom of Naples.svg Альфонса II
Flag of the Papal States (1808-1870).svg Аляксандр VI

Flag of the Papal States (1808-1870).svg Чэзарэ Борджыя
Official Coat of Arms of Aragon.svg Фердынанд II
Official Coat of Arms of Aragon.svg Гансала Фернандэс дэ Кордава
Banner of the Holy Roman Emperor (after 1400).svg Максіміліян I
Flag of Milan.svg Ладавіка Сфорца
Flag of Most Serene Republic of Venice.svg Агасціна Барбарыга
Flag of England.svg Генрых VII
Mantua Flag 1575-1707 (new).svg Франчэска II
Mantua Flag 1575-1707 (new).svgФедэрыка II

Commons-logo.svg Аўдыё, фота, відэа на Вікісховішчы

Шаблон:Італьянскія войны

Сцяг Італіі Гісторыя Італіі
Flag of Italy
Старажытны свет
Дагістарычная Італія
Этрускі (XII—VI стст. да н.э.)
Вялікая Грэцыя (VIII—VII стст. да н.э.)
Старажытны Рым (VIII ст. да н.э. — V ст. н.э.)
Італія пад уладай остготаў (V—VI стст.)
Сярэдневякоўе
Сярэдневяковая Італія
Італія пад уладай Візантыі (VI—VIII стст.)
Лангабардскае каралеўства (VI—VIII стст.)
Сярэдневяковае каралеўства Італія
Іслам і нарманы ў паўднёвай Італіі
Марскія рэспублікі і Італьянскія гарады-дзяржавы
Новы час
Італьянскі Рэнесанс (XIV—XVI стст.)
Італьянскія войны (1494—1559)
Італія ў Новы час (1559—1814)
Рысарджымента (1815—1861)
Сучасная гісторыя
Каралеўства Італія (1861—1945)
✰ Італія ў Першай сусветнай вайне (1914—1918)
Фашызм і каланіяльная імперыя (1918—1945)
Італія ў Другой сусветнай вайне (1940—1945)
Найноўшая гісторыя Італіі (1945—цяперашні час)
Свінцовыя гады (1970-я — 1980-я)
Асобныя тэмы
Гістарычныя дзяржавы Італіі
Ваенная гісторыя Італіі
Эканамічная гісторыя Італіі
Генетычная гісторыя Італіі
Выбарчая гісторыя
Гісторыя моды ў Італіі
Паштовая гісторыя
Чыгуначная гісторыя
Гісторыя грошай у Італіі
Гісторыя музыкі ў Італіі

Партал «Італія»

Італьянскія войны (1494—1559) — серыя ваенных канфліктаў паміж Францыяй, Іспаніяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй з удзелам іншых дзяржаў Заходняй Еўропы (Англія, Шатландыя, Швейцарыя, Венецыя, Папская вобласць і італьянскія гарады-дзяржавы), а таксама Асманскай імперыі, за ўладанне Італіяй і гегемонію ў Еўропе і Міжземнамор'і.

Узнікшы як дынастычная спрэчка за прастол Неапалітанскага каралеўства, Італьянскія войны хутка ператварыліся ў агульнаеўрапейскі канфлікт. З 1520-х гадоў галоўным складнікам гэтага канфлікту стала барацьба паміж Францыяй і Габсбургамі за дамінаванне ў Заходняй Еўропе. Ваенныя дзеянні адбываліся, галоўным чынам, на тэрыторыі Італіі, а таксама ў Нідэрландах. Палітычным вынікам войнаў стаў пераход Італіі пад уладу Іспаніі, замацаванне яе раздробненасці і адсоўванне італьянскіх дзяржаў на перыферыю еўрапейскіх міжнародных адносін.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Паўночная Італія ў 1494 годзе

У 1454 годзе пасля серыі войнаў паміж Венецыяй, Міланам і Фларэнцыяй за ўладу ў Паўночнай Італіі быў заключаны Ладзійскі мір, да якога неўзабаве далучыліся Папа Рымскі, Неапалітанскае каралеўства і іншыя італьянскія дзяржавы. Была ўтворана Італьянская ліга, члены якой абавязаліся адмовіцца ад вырашэння канфліктаў ваеннай сілай і не заключаць саюзаў з трэцімі дзяржавамі. Мэтай лігі было ўсталяванне раўнавагі на Апенінскім паўвостраве і ўтрыманне Францыі па-за межамі Італіі. На працягу трыццаці гадоў ліга паспяхова выконвала свае задачы і, за выключэннем невялікіх сутычак, у Італіі панаваў мір. Аднак у 1490-х гадах становішча змянілася. У 1492 годзе сканаў Ларэнца Медычы, адзін з галоўных архітэктараў сістэмы італьянскай раўнавагі, і ў Фларэнцыі стаў кіраваць непапулярны П'етра II, які варожа ставіўся да Мілана і быў пасіўным у супрацьстаянні з Францыяй. У тым жа годзе Рымскім Папам быў абраны Аляксандр VI Борджыя, галоўнай мэтай палітыкі якога стала стварэнне ў Сярэдняй Італіі дзяржавы для роду Борджыя. Ужо ў 1493 годзе Аляксандр VI разам з Венецыяй і Міланам арганізаваў Лігу Святога Марка супраць Неапалітанскага каралеўства, якое падтрымала клан Арсіні — галоўных канкурэнтаў сямейства Борджыі ў Папскай вобласці.

Пачатковы перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першая італьянская вайна (1494—1496)[правіць | правіць зыходнік]

Паход Карла VIII у Італію

Пасля смерці неапалітанскага караля Фернанда I у 1494 годзе прэтэнзіі на прастол Неапаля заявіў французскі кароль Карл VIII, які даводзіўся сваяком манархам Анжуйскай дынастыі (якая кіравала ў Неапалітанскім каралеўстве ў 1266—1442 гадах). Гэтыя прэтэнзіі былі падтрыманы герцагам Міланскім Ладавіка Мора, а таксама папам Аляксандрам VI, які канфліктаваў з Неапалем. Французскія войскі ўварваліся ў Італію, падпарадкавалі Фларэнцыю і, практычна не сустракаючы супраціўлення, у 1495 годзе занялі Неапаль. Аднак супраць Францыі неўзабаве склалася Венецыянская ліга італьянскіх дзяржаў, якія асцерагаліся празмернага ўзмацнення французскага ўплыву на паўвостраве. Да лігі далучыліся імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян I і кароль Арагона Фердынанд II. Пад пагрозай апынуцца адрэзаным ад Францыі і, магчыма, з прычыны распаўсюджвання сіфілісу сярод яго салдат[1]:9, Карл VIII пакінуў Неапаль. 6 ліпеня 1495 года французскія войскі сустрэліся з арміяй Венецыянскай лігі ў бітве пры Фарнова, і не здолеўшы дамагчыся перамогі, сышлі ў Францыю. У 1496 годзе іспанскія войскі ачысцілі тэрыторыю Італіі ад французскіх гарнізонаў, якія заставаліся ў крэпасцях, а гарнізон у Неапалі капітуляваў. Прызначаны Карлам VIII віцэ-каралём Неапаля, герцаг Манпансье памёр ад чумы, а д'Абіньі прывёў у Францыю рэшткі французскіх гарнізонаў.

Разгром Неапалітанскага каралеўства выклікаў крах балансу сіл на Апенінскім паўвостраве. Паміж італьянскімі дзяржавамі пачаліся сутыкненні, якія выліліся ва ўзброеныя канфлікты (вайна паміж Фларэнцыяй і Пізай (з 1494 года), барацьба паміж Папам і домам Арсіні, пачатак захопаў Чэзарэ Борджыя камун і сеньярый Сярэдняй Італіі). З іншага боку, каралі Францыі таксама не жадалі адмаўляцца ад сваіх планаў па захопе італьянскіх тэрыторый.

Другая італьянская вайна (1499—1504)[правіць | правіць зыходнік]

У 1498 годзе каралём Францыі стаў Людовік XII, былы герцаг Арлеанскі, які як унук Валянціны Вісконці прад'явіў прэтэнзіі на Міланскае герцагства. Францыя заключыла саюз з Венецыяй супраць Мілана і Габсбургаў і прыцягнула на свой бок Савою, Фларэнцыю і папу Аляксандра VI. У ліпені 1499 года французская армія ўварвалася ў Ламбардыю і практычна без супраціўлення заняла Мілан. Герцаг Ладавіка Мора бег у Ціроль, дзе з дапамогай імператара Максіміліяна I набраў невялікую наёмную армію з швейцарцаў і ў 1500 годзе адбіў сваю сталіцу. Аднак неўзабаве французы атрымалі верх над швейцарцамі і паланілі Ладавіка Мора. Ламбардыя перайшла пад уладу Францыі, а Людовік XII абвясціў сябе герцагам Міланскім.

Поспехі ў Паўночнай Італіі дазволілі каралю Францыі аднавіць свае прэтэнзіі на Неапаль. У 1500 годзе ён заключыў Гранадскі дагавор з Фердынандам II Арагонскім аб падзеле Неапалітанскага каралеўства. У 1501 годзе французскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Неапаля, а іспанскі экспедыцыйны корпус высадзіўся ў Калабрыі. Неапалітанскі кароль Федэрыга здаўся на літасць пераможцаў. Да 1502 года Паўднёвая Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Іспаніяй. У той жа час Чэзарэ Борджыі захапіў Раманью і Урбіна, стварыўшы цэнтралізаваную дзяржаву ў Сярэдняй Італіі, і ўступіў у вайну з Фларэнцыяй. Аднак становішча ўскладнілася канфліктам паміж Францыяй і Іспаніяй за шэраг абласцей былога Неапалітанскага каралеўства (Базіліката, Абруцы). Былыя саюзнікі апынуліся ў стане вайны, поспех у якой спадарожнічаў іспанцам. У серыі пераканаўчых перамог (найважнейшай з якіх была бітва пры Гарыльяна) іспанская армія пад камандаваннем Гансала дэ Кордавы ў 1503 годзе разграміла французскія войскі і вымусіла іх пакінуць тэрыторыю Паўднёвай Італіі. Адначасова пазіцыі Францыі ў Сярэдняй Італіі былі падарваны смерцю папы Аляксандра VI і ўзыходжаннем на прастол па-праіспанску настроенага Юлія II.

Людовік XII быў вымушаны пайсці на перамовы. Паводле Блуаскага міру 1505 года Францыя прызнала Неапалітанскае каралеўства ўладаннем Іспаніі, але захавала за сабой Ламбардыю і Геную. У выніку Паўднёвая Італія перайшла пад уладу іспанскага караля, у Паўночнай захавалася гегемонія Францыі, а ў Сярэдняй Італіі была адноўлена ўлада Папы Рымскага.

Абвастрэнне канфлікту[правіць | правіць зыходнік]

Вайна Камбрэйскай лігі (1508—1516)[правіць | правіць зыходнік]

Папа Юлій II. Партрэт пэндзля Рафаэля, 1511—1512

Узыйшоўшы на Святы Прастол у 1503 годзе папа Юлій II разгарнуў праграму стварэння ў Сярэдняй Італіі моцнай Папскай дзяржавы, здольнай супрацьстаяць замежным дзяржавам. Выгнаўшы Чэзарэ Борджыя, Юлій II далучыў яго ўладанні, аднак Рыміні і Фаэнца былі захоплены Венецыяй, якая стала галоўнай перашкодай для пашырэння папскай улады ў Сярэдняй Італіі. У той жа час абвастрыліся адносіны Венецыі з імператарам Максіміліянам I, які вырашыў каранавацца ў Рыме, але не быў прапушчаны войскамі рэспублікі. У 1508 годзе імперская армія паспрабавала ўварвацца на тэрыторыю Венецыі, але была адбіта, а венецыянцы акупавалі Рыеку і Трыест. Узмацненне Венецыі згуртавала супраць яе еўрапейскія дзяржавы: у 1508 годзе была сфарміравана антывенецыянская Камбрэйская ліга, у якую ўвайшлі папа Юлій II, імператар Максіміліян I, кароль Арагона Фердынанд II і кароль Францыі Людовік XII.

У 1509 годзе іспанскія войскі захапілі венецыянскія порты ў Апуліі, армія папы ўварвалася ў венецыянскую Раманью і заняла Равену, Венгрыя атакавала Далмацыю, а армія Савоі высадзілася на Крыте. Адначасова войскі імператара захапілі Рэверэта і Верону, а французская армія разграміла венецыянцаў у бітве пры Аньядэла. Венецыянская рэспубліка апынулася пад пагрозай поўнага знішчэння. Аднак поспехі дыпламатыі Венецыі і рознагалоссі ў стане саюзнікаў, занепакоеных узмацненнем французскага ўплыву ў Паўночнай Італіі, пераламалі сітуацыю. Коштам саступкі Равены і Раманьі рэспубліка ў 1510 годзе дамаглася заключэння сепаратнага міру з папам, а адмовіўшыся ад апулійскіх портаў — з Іспаніяй. Імперскія войскі былі адбіты. Тым не менш, французы акупавалі Раманью, нягледзячы на супраціўленне венецыянска-папскіх атрадаў.

У 1511 годзе папе ўдалося сфарміраваць новы саюз, гэтым разам супраць Францыі. У склад «Свяшчэннай лігі», арганізаванай Юліем II, увайшлі Венецыя, Іспанія, Англія, а трохі пазней — і імператар Максіміліян I. Хоць першапачаткова поспех спадарожнічаў французам, якія пад камандаваннем Гастона дэ Фуа захапілі Брэшыю і разбілі іспанцаў у бітве пры Равене, у 1512 годзе перавага пачала схіляцца на бок саюзнікаў. У Ламбардыю ўварвалася найманая на папскія грошы армія швейцарцаў, якая заняла Мілан і аднавіла на прастоле герцага Максіміліяна Сфорцы, ператварыўшы Міланскае герцагства ў пратэктарат Швейцарыі. Папска-іспанскія войскі таксама перайшлі ў наступ і адбілі ў французаў Парму, П'ячэнцу і Рэджа. Спробы Францыі ў 1513 годзе адваяваць Мілан праваліліся: у бітве пры Навары войскі Людовіка XII былі ўшчэнт разбіты швейцарцамі.

Няўдачы французаў прымусілі Венецыю зноў пайсці на збліжэнне з Францыяй і скласці ў 1513 годзе саюз з Людовікам XII. Венецыянскія войскі захапілі Фрыўлі, але пацярпелі паражэнне ад іспанскай арміі ў бітве пры Ла-Моце. На французскім узбярэжжы высадзіліся войскі англійскага караля Генрыха VIII, якія, атрымаўшы перамогу пры Гінгаце, занялі Тэруан. На дапамогу Францыі прыйшла Шатландыя, аднак яе армія была разбіта англічанамі ў бітве пры Флодэн-Філдзе, а шатландскі кароль Якаў IV быў забіты. Аднак «Свяшчэнная ліга» неўзабаве пачала развальвацца. Генрых VIII у 1514 годзе заключыў сепаратны мір з Францыяй, а смерць Юлія II у 1513 годзе пакінула саюзнікаў без лідара. Новы папа Леў X не адрозніваўся ваяўнічасцю і схіляўся да прымірэння з Францыяй.

У 1515 годзе французская армія пад камандаваннем новага караля Францыі Францыска I уварвалася ў Італію і, абапіраючыся на саюз з Венецыяй, у бітве пры Марыньяна разграміла швейцарскія войскі. Неўзабаве французы ўвайшлі ў Мілан. На сустрэчы Францыска I і папы Льва X у Балонні было ўзгоднена спыненне ваенных дзеянняў паміж дзвюма дзяржавамі, прычым Парма і П'ячэнца павінны былі адысці да Францыі. Паводле Нуаёнскага дагавора 1516 года папа і кароль Іспаніі Карл I прызналі правы французскага караля на Ламбардыю ў абмен на яго адмову ад прэтэнзій на Неапаль. Вайна завяршылася ў 1517 годзе заключэннем міру паміж Венецыяй і імператарам, паводле якога рэспубліка страчвала Рэверэта, але захоўвала Крэмону. Такім чынам Паўночная Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Венецыяй.

Першая вайна Францыска I і Карла V (1521—1526)[правіць | правіць зыходнік]

Карл V, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі і кароль Іспаніі

Новы этап у Італьянскіх войнах пачаўся ў 1519 годзе з узыходжаннем іспанскага караля Карла I на прастол Свяшчэннай Рымскай імперыі пад імем Карла V. Пад яго ўладай былі аб'яднаны велізарныя ўладанні ў Еўропе: Германія, Нідэрланды, Іспанія, Сіцылія, Неапаль, што дазволіла таксама высунуць прэтэнзіі на Мілан і Бургундыю. У той жа час распачатая ў Германіі Рэфармацыя, барацьбу з якой узначаліў Карл V, забяспечыла імператару падтрымку папства. У 1521 годзе ваенныя дзеянні ў Італіі аднавіліся. Іспана-імперская армія нечакана атакавала Ламбардыю і захапіла Мілан. Французскія войскі былі разбіты ў бітве пры Бікоцы. Папа зноў заняў Парму і П'ячэнцу. У 1522 годзе іспанская армія акупавала Геную. У наступным годзе Венецыя заключыла сепаратны мір з саюзнікамі, саступіўшы Градзішку Аўстрыі, а англійскія войскі атакавалі Пікардыю. Да канца 1524 года французскія войскі былі цалкам выцеснены з Італіі, а іспанскі флот аблажыў Марсель.

У 1525 годзе новая буйная французская армія пад камандаваннем самога караля Францыска I перайшла праз Альпы, імкнучыся вярнуць пад уладу Францыі Ламбардыю. Аднак у бітве пры Павіі французскія войскі былі ўшчэнт разбіты іспанцамі, а Францыск I патрапіў у палон. Знаходзячыся ў іспанскім палоне, кароль Францыі быў вымушаны ў 1526 годзе падпісаць кабальны Мадрыдскі дагавор, паводле якога ён адмовіўся ад усіх прэтэнзій на Італію і саступіў Іспаніі былыя ўладанні Бургундскага дому — Бургундыю, Артуа і Фландрыю.

Вайна Каньякскай лігі (1526—1530)[правіць | правіць зыходнік]

Гравюра Ганса Гольбейна-мал., якая паказвае звалку пікінёраў (пачатак XVI ст.)

Пасля вызвалення Францыска I з іспанскага палону, ён абвясціў пра несапраўднасць умоў Мадрыдскага дагавора. Яму ўдалося прыцягнуць на свой бок папу Клімента VII, незадаволенага ўсталяваннем гегемоніі Іспаніі ў Італіі. У выніку, у 1526 годзе была сфарміравана антыіспанская Каньякская ліга, у якую ўвайшлі Францыя, Папская дзяржава, Венецыя, Фларэнцыя і Франчэска II Сфорца, герцаг Міланскі. Аднак французскі кароль не спяшаўся накіроўваць свае войскі ў Італію. Хоць папска-венецыянскія войскі адбілі ў іспанцаў Лодзі, вызваліць Ламбардыю ім не ўдалося. У той жа час імператар Карл V сабраў новую армію ландскнехтаў, якая рушыла ў Сярэднюю Італію. Раздражнёныя адсутнасцю жалавання, ландскнехты 4 мая 1527 года штурмам узялі Рым і разрабавалі горад. Узяцце Рыма выклікала шок у Еўропе. Папа быў запёрты ў замку Святога Анёла, прэстыж папства рэзка ўпаў. У Фларэнцыі ўспыхнула антыпапскае паўстанне, якое выгнала Медычы і аднавіла рэспубліку. Тым не менш Францыску I удалося некалькі ўмацаваць Каньякскую лігу, дамогшыся далучэнні да яе караля Англіі.

У 1528 годзе французскія войскі зноў уступілі ў Італію. Яны з баямі прарваліся на поўдзень і аблажылі Неапаль. Аднак у французскім лагеры пачалася чума, якая панесла больш за палову салдат і камандзіраў, у бітве пры Ландрыяна іспанскія войскі атрымалі верх, а ў Генуі разгарэўся антыфранцузскі мяцеж на чале з Андрэа Дорыа, які перадаў генуэзскі флот Іспаніі і прымусіў капітуляваць французскі гарнізон у Савоне. Францыск I быў вымушаны вывесці войскі з Італіі. Неўзабаве паміж Францыяй і Карлам V быў заключаны Камбрэйскі мір, які прадугледжваў пераход Артуа, Фландрыі і Турнэ пад уладу Іспаніі і замацаваў іспанскую гегемонію ў Італіі. Наўзамен імператар адмовіўся ад прэтэнзій на Бургундыю. Папа Рымскі таксама спыніў супраціўленне наўзамен на абяцанне Карла V аднавіць уладу Медычы ў Фларэнцыі, а ў 1530 годзе Клімент VII каранаваў Карла імператарскай каронай у Балонні. Ваенныя дзеянні працягнула толькі Фларэнцыя, але пасля гераічнай абароны ў 1530 годзе яна была вымушана капітуляваць. Фларэнційская рэспубліка была скасавана, а ў 1532 годзе Алесандра Медычы быў абвешчаны герцагам Фларэнцыі.

Завяршэнне Італьянскіх войнаў[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя вайна Францыска I і Карла V (1536—1538)[правіць | правіць зыходнік]

Узяцце Рыма ў 1527 годзе, поспехі Рэфармацыі ў Германіі і разрыў з каталіцтвам англійскага караля Генрыха VIII моцна падарвалі пазіцыі Папы Рымскага. Ён апынуўся ў поўным падпарадкаванні ў імператара і больш не прымаў актыўнага ўдзелу ў Італьянскіх войнах. Пачынаючы з 1530-х гадоў канфлікт набыў характар барацьбы паміж іспанскімі Габсбургамі і французскімі Валуа за гегемонію ў Еўропе. Новая нагода для ваеннага сутыкнення ўзнікла са смерцю міланскага герцага Франчэска II Сфорца ў 1535 годзе. Карл V неадкладна абвясціў Ламбардыю ўладаннем іспанскай кароны. Супраць гэтага выступіў Францыск I, які прад'явіў у адказ прэтэнзіі на Мілан і Савою. У 1536 годзе французскія войскі захапілі Турын і акупавалі ўсё Савойскае герцагства, аднак да Мілана ім дайсці не ўдалося. У адказ Карл V атакаваў Праванс і аблажыў Марсель. Паколькі іспанцы не змаглі захапіць моцна ўмацаваны Авіньён, іх прасоўванне ўглыб французскай тэрыторыі спынілася. У 1538 годзе Францыя і імператар заключылі Ніцкае перамір'е на 10 гадоў, захаваўшы гегемонію Іспаніі ў Італіі, але перадаўшы П'емонт пад уладу Францыска I.

Чацвёртая вайна Францыска I і Карла V (1542—1546)[правіць | правіць зыходнік]

Ніцкае перамір'е апынулася недаўгавечным. У 1541 годзе іспанскія салдаты забілі двух французаў у Павіі. У адказ Францыск I у 1542 годзе аднавіў вайну, захапіўшы Люксембург і Русільён, якія належалі іспанскаму каралю. Адначасова Францыя заключыла саюз з Сулейманам I, султанам Асманскай імперыі, якая пагражала Габсбургам з усходу. У 1543 годзе аб'яднаны франка-турэцкі флот захапіў Ніцу, а ў наступным годзе войска Францыска I нанеслі паражэнне іспанцам у бітве пры Чэрэзоле. Аднак выбіць іспанцаў з Ламбардыі зноў не ўдалося. Больш за тое, на бок Карла V перайшоў англійскі кароль Генрых VIII. Англійскія войскі высадзіліся ў паўночнай Францыі і захапілі Булонь, а армія імператара, заняўшы Суасон, пачала наступ на Парыж. Тым не менш рознагалоссі паміж англічанамі і імперцамі, а таксама серыя анты-іспанскіх паўстанняў у Італіі (у Генуі і Сіене) і бесперапынныя атакі турэцкага флоту прымусілі Карла V пайсці на перамовы з Францыяй. Паводле міру ў Крэпі 1544 года статус-кво ў Італіі быў адноўлены, хоць Англія працягвала ўтрымліваць Булонь.

Апошняя Італьянская вайна (1551—1559)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці караля Францыска I у 1547 годзе на французскі прастол узышоў яго сын Генрых II, які працягнуў антыгабсбургскую палітыку свайго бацькі. Яму ўдалося ў 1548 годзе далучыць да Францыі маркізат Салуца ў П'емонце і зблізіцца з папам Юліем III, незадаволеным пазіцыяй імператара на Трыдэнцкім саборы. У 1551 годзе Генрых II абвясціў вайну Карлу V і ўварваўся ў Латарынгію. Французскія войскі акупавалі практычна ўсю Латарынгію да Рэйна. У 1553 годзе армія Генрыха II рушыла ў Італію і атакавала Фларэнційскае герцагства. Аднак у бітве пры Марчыяна французы пацярпелі паражэнне, а ў 1554 годзе капітуляваў абложаны іспанцамі французскі гарнізон у Сіене. У 1556 годзе Карл V адрокся ад іспанскага прастола на карысць свайго сына Філіпа II і ад тытула імператара на карысць малодшага брата Фердынанда I.

Тым часам, французскія войскі пад камандаваннем Франсуа дэ Гіза ўступілі ў Паўднёвую Італію і занялі Неапаль. Аднак на паўночным тэатры баявых дзеянняў Францыя пацярпела паражэнне: у 1557 годзе іспанская армія, падтрыманая англійскім экспедыцыйным корпусам, ушчэнт разбіла французскія войскі ў бітве пры Сен-Кантэне. Франсуа дэ Гіз быў вымушаны адвесці войскі з Італіі. Хоць дзеянні французаў былі досыць паспяховымі: у 1558 годзе паў Кале, які знаходзіўся пад уладай Англіі больш за два стагоддзі, а неўзабаве французскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Іспанскіх Нідэрландаў, у 1559 годзе агульнае знясіленне бакоў прымусіла пайсці на мірныя перамовы.

Паводле Ката-Камбрэзійскага мірнага дагавора, заключанаму паміж Францыяй, Англіяй і Іспаніяй у 1559 годзе, Францыя адмовілася ад усіх прэтэнзій на Італію, утрымаўшы за сабой толькі Салуца. П'емонт і Савоя былі вернуты герцагу Савойскаму, Мілан і Неапалітанскае каралеўства былі прызнаны ўладаннем Іспаніі. Наўзамен Францыя атрымала Кале, а таксама тры латарынгскія біскупствы: Мец, Туль і Вердэн. Іспанія захавала Франш-Кантэ і Нідэрланды.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Ката-Камбрэзійскі мір завяршыў Італьянскія войны. Галоўным іх вынікам стала зацвярджэнне іспанскай гегемоніі ў Італіі і ператварэнне Іспаніі ў вядучую дзяржаву Еўропы. Францыя была вымушана здавольвацца далучэннем невялікіх тэрыторый, а Рэлігійныя войны, якія неўзабаве разгарэліся, надоўга саслабілі краіну. У час войнаў моцна пацярпела гаспадарка Італіі. Замацаванне іспанскай улады і феадальнай раздробненасці ва ўмовах спусташэння краіны прывяло да падзення значэння італьянскіх дзяржаў у еўрапейскай палітыцы і зрушэнню Італіі на перыферыю гістарычнага развіцця Еўропы. З іншага боку, вярнуўшыся з Італіі, французскія і нямецкія салдаты і афіцэры прынеслі ў свае краіны ідэалы Рэнесансу і гуманізму, што паслужыла штуршком да бурнага развіцця культуры Адраджэння на поўнач ад Альпаў.

Зноскі

  1. А. Н. Родионов Сифилис — Питер, 2007. — 320 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История Италии в 3-х тт. М., 1973
  • Guicciardini, F. The History of Italy. Princeton, 1984.