Перайсці да зместу

АНЗЮС

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта АНЗЮС

АНЗЮС (англ.: ANZUS) — ваенна-палітычны блок Аўстраліі, Новай Зеландыі і ЗША. Назва ад першых літар краін-удзельніц.

Дагавор пра стварэнне блока падпісаны 1 верасня 1951 года ў Сан-Францыска (ЗША) на неабмежаваны тэрмін, уступіў у сілу 29 красавіка 1952 года.

Інспіраваны ЗША, якія пасля пачатку Карэйскай вайны (1950) імкнуліся стварыць на ўзор НАТО калектыўны саюз бяспекі ў ціхаакіянскай прасторы. Прадугледжваў узаемную падтрымку ў выпадку нападу на аднаго з партнёраў. Аўстралія і Новая Зеландыя бачылі ў дагаворы гарантыю бяспекі ад Японіі.

Пасля закрыцця новазеландскіх партоў для атамных ваенных караблёў ЗША (1985) амерыканскі ўрад у 1986 годзе абвясціў пра спыненне сваіх абавязкаў у адносінах да Новай Зеландыі, яе членства ў АНЗЮСе было прыпынена, хоць фактычнае супрацоўніцтва працягвалася.