Перайсці да зместу

Абалонка аперацыйнай сістэмы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Скрыншот эмулятара тэрмінала з камандным радком, куды карыстальнік можа ўводзіць каманды для абалонкі. Сучасныя камп’ютары выкарыстоўваюць праграмы-эмулятары тэрміналаў, дзе запускаецца абалонка, такая як bash, zsh ці іншыя.

Абалонка аперацыйнай сістэмы (англ.: shell) — камп’ютарная праграма, якая дазваляе карыстальніку ці іншым праграмам узаемадзейнічаць з сэрвісамі аперацыйнай сістэмы. У залежнасці ад сістэмы і абставін выкарыстання, узаемадзеянне можа адбывацца праз інтэрфейс каманднага радка (CLI) або праз графічны інтэрфейс (GUI). Атрымала такую назву, бо з’яўляецца вонкавым слоем аперацыйнай сістэмы[1][2].

Агульныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Аперацыйныя сістэмы маюць шэраг даступных карыстальнікам аперацый, напрыклад кіраванне файламі, кіраванне працэсамі (запуск і спыненне праграм), пакетную апрацоўку[en], а таксама маніторынг і канфігураванне аперацыйнай сістэмы.

Абалонкі выкарыстоўваюць API ядра аперацыйнай сістэмы для забеспячэння ўзаемадзеяння карыстальнікаў з сістэмай. Абалонка прапануе карыстальніку ўводзіць даныя, інтэрпрэтуе ўвод, а затым перадае адказ ад аперацыйнай сістэмы карыстальніку[3]. У большасці аперацыйных сістэм абалонку можна лёгка замяніць іншай падобнай прыкладной праграмай.

Акрамя лакальнага ўзаемадзеяння існуе аддалены доступ, або аддаленае адміністраванне, што дазваляе карыстальнікам падключацца і кіраваць камп’ютарамі на адлегласці. Гэтая канцэпцыя пачалася з мэйнфрэймаў, дзе шматлікія карыстальнікі маглі ўзаемадзейнічаць з цэнтральным камп’ютарам з дапамогай тэкставых тэрміналаў. Сёння такая магчымасць даступна на розных сістэмах, напрыклад Windows і Unix-падобных. На Unix-падобных сістэмах бяспечны тэкставы аддалены доступ забяспечвае пратакол SSH, у той час як спецыяльныя тунэльныя тэхнікі дазваляюць аддалена выкарыстоўваць графічныя інтэрфейсы. Windows прапануе Remote Desktop Protocol для графічнага аддаленага доступу, а больш новыя версіі ўключаюць PowerShell Remote для ўзаемадзеяння праз камандны радок. У Windows 10 з’явілася таксама натыўная падтрымка SSH[4].

Тыпы абалонак

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць абалонак аперацыйных сістэм адносяцца да адной з дзвюх катэгорый — камандна-радковай і графічнай. Камандна-радковыя абалонкі забяспечваюць камандна-радковы інтэрфейс (CLI) для аперацыйнай сістэмы, у той час як графічныя абалонкі забяспечваюць графічны карыстальніцкі інтэрфейс (GUI). Іншыя магчымасці, хоць і не такія распаўсюджаныя, уключаюць галасавы карыстальніцкі інтэрфейс і розныя рэалізацыі тэкставага карыстальніцкага інтэрфейсу (TUI), якія не з’яўляюцца CLI, напрыклад, тэкставыя меню-сістэмы. Многія карыстальнікі камп’ютараў выкарыстоўваюць адразу некалькі тыпаў абалонак у залежнасці ад задачы, якую трэба выканаць.

Камандна-радковыя абалонкі

[правіць | правіць зыходнік]
Command Prompt — камандна-радковая абалонка Windows.

Камандна-радковыя абалонкі дазваляюць карыстальнікам узаемадзейнічаць з камп’ютарам шляхам уводу тэкставых каманд на клавіятуры. Замест таго, каб націскаць на графічныя элементы, карыстальнікі даюць інструкцыі праз надрукаваныя літары і лічбы, якія затым інтэрпрэтуюцца абалонкай.

Такія абалонкі часта даюць магчымасць захоўваць паслядоўнасці каманд у выглядзе файлаў (скрыптоў) для аўтаматызацыі рэгулярных задач, і могуць уключаць праграмныя структуры, такія як умоўныя канструкцыі[en] і зменныя. Сучасныя камандна-радковыя абалонкі звычайна маюць дадатковыя карысныя функцыі, такія як аўтадапаўненне, якое прапануе магчымыя каманды на аснове некалькіх уведзеных сімвалаў, і функцыю гісторыі, якая дазваляе карыстальнікам праглядаць і паўторна выкарыстоўваць раней уведзеныя каманды.

Камандна-радковыя абалонкі застаюцца каштоўнымі інструментамі для сістэмнага адміністравання і праграмавання, нягледзячы на распаўсюджанасць графічных інтэрфейсаў.

Графічныя абалонкі

[правіць | правіць зыходнік]
Перамяшчэнне групы файлаў у графічным інтэрфейсе KDesktop і Konqueror ад KDE.

Графічныя абалонкі дазваляюць карыстальнікам кіраваць камп’ютарнымі праграмамі праз графічныя элементы, а не праз набраныя каманды. Яны звычайна выкарыстоўваюць метафару «электроннага працоўнага стала», прадстаўляючы файлы як дакументы, а праграмы як візуальныя значкі, а не як назвы камандаў. Такі інтэрфейс дазваляе карыстальнікам кіраваць праграмамі, адкрываючы, закрываючы, перамяшчаючы і змяняючы памеры вокнаў, а таксама пераключацца паміж рознымі праграмамі.

Розныя аперацыйныя сістэмы маюць адрозныя рэалізацыі графічнага інтэрфейсу. macOS выкарыстоўвае Quartz Compositor у якасці аконнай сістэмы, а абалонка складаецца з такіх кампаненатў як Finder і Dock. Сістэмы на базе Linux могуць выкарыстоўваць X Window System ці Wayland. Microsoft Windows выкарыстоўвае Windows Shell, што забяспечвае асяроддзе працоўнага стала, галоўнае меню і панэль задач. Карыстальнікі, незадаволеныя сваёй стандартнай графічнай абалонкай, часта могуць наладжваць яе з дапамогай старонніх праграм, такіх як WindowBlinds, ці цалкам замяняць яе альтэрнатывамі, такімі як LiteStep.

  1. "The Internet's fifth man", Brain scan, The Economist, London: Economist Group, December 13, 2013, Спадар Пузэн стварыў праграму пад назвай RUNCOM, што дапамагала карыстальнікам аўтаматызаваць руцінныя каманды. Гэтая праграма, якую ён апісаў як «абалонку» вакол унутраных частак камп'ютара, натхніла і дала назву цэламу класу праграмных інструментаў, вядомых як камандна-радковыя абалонкі, што дагэтуль існуюць пад паверхняй сучасных аперацыйных сістэм.
  2. shell. The Jargon File.
  3. Operating system shells. AIX 6.1 Information Center. IBM Corp. Праверана September 16, 2012.
  4. teocci. How to SSH into Windows 10 or 11? (англ.). GitHub Gist. Праверана 24 студзеня 2025.