Абама (гара)
Вышыня | 402 м |
---|---|
Размяшчэнне | Антыгуа і Барбуда |
Каардынаты | 17°02′31″ пн. ш. 61°51′04″ з. д.HGЯO |
Абама (англ.: Mount Obama) — гара, найвышэйшы пункт дзяржавы Антыгуа і Барбуда. Раней вядомая як узгорак Богі (англ.: Boggy Peak).
Размешчаная ў гарах Шэкерлі на паўднёвым захадзе вострава Антыгуа, Абама ўяўляе сабой рэшткі вулканічнага кратара, што ўздымаецца на 402 метры. Даволі няпроста вызначыць, чым па сутнасці з’яўляецца Абама — гарой або ўзгоракам: па абсалютнай вышыні форма рэльефу не дацягвае да гор (менш за 500 м), затое падыходзіць па адноснай (больш за 200 м). Англійскія крыніцы ў адносінах да Богі прымяняюць словы як mount, так і hill.
Богі быў перайменаваны па загадзе прэм’ер-міністра Болдуіна Спэнсера 4 жніўня 2009 у гонар першага цёмнаскурага прэзідэнта ЗША Барака Абамы у дзень яго народзінаў. Для Антыгуа і Барбуды, дзе 91 % насельніцтва складаюць негры, абранне Абамы прэзідэнтам ЗША стала выключнай падзеяй.