Абарона Дняпроўска-Бугскага канала
Абарона Дняпроўска-Бугскага канала | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 21 лютага — 31 сакавіка 1944 | ||
Месца | Дняпроўска-Бугскі канал | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Абарона Дняпроўска-Бугскага канала — абарона фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партызанскіх злучэнняў Дняпроўска-Бугскага канала ў лютым — сакавіку 1944 года.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]У выніку паспяховага наступлення ў студзені 1944 года войск Беларускага і 1-га Украінскага франтоў на ковельска-брэсцкім напрамку лінія фронту к лютаму 1944 года наблізілася да паўднёвых раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе да гэтага часу знаходзілася групоўка партызанскіх сіл, якая ўтрымлівала ў сваіх руках тэыторыю паміж ракой Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам. Нямецкае камандаванне групы армій «Цэнтр», каб прадухіліць злучэнне перадавых часцей Чырвонай Арміі з партызанамі і выхад іх да Дняпроўска-Бугскага канала, чыгункі і шашы Лунінец — Брэст, вырашыла ачысціць гэты раён ад партызан, аднавіць паралізаванае партызанамі суднаходства на канале, прадухіліць новыя дыверсіі на камунікацыях і арганізаваць рубяжы абароны на рэках Прыпяць і Стаход. З гэтай мэтай праціўнік пачаў сцягваць у раён Брэст — Кобрын — Пінск армейскія сілы. Да пачатку лютага немцы занялі ўсе населеныя пункты, якія прылягалі да канала з поўначы, у тым ліку вёскі Селішча, Ляхавічы, Кублік, Белін, Адамова Драгічынскага раёна, Журавок і іншыя Іванаўскага раёна і сталі рыхтавацца да наступлення на Дзівін каб захапіць аэрадром у вёсцы Сварынь Дзівінскага раёна і разбіць партызан. У паўднёвых раёнах Брэсцкай вобласці для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партызанскіх сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 000 партызан. У яе ўвайшлі брыгады імя Сталіна, «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, 150-я імя Ф. М. Языковіча, асобныя партызанскія атрады імя М. А. Шчорса, імя Р. І. Катоўскага (у яе аператыўнае падпарадкаванне была перададзена брыгада імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння). Агульнае камандаванне партызанскімі сіламі ажыццяўляў упаўнаважаны штаба Брэсцкага партызанскага злучэння маёр П. М. Кавальскі.
Правы фланг абароны (ад вёскі Люб’язь Валынскай вобласці да Белаазёрскага канала) уздоўж паўднёвага берага Дняпроўска-Бугскага канала ўтрымлівала брыгада імя Молатава. Справа ад яе ўздоўж берага канала і ракі Піна абарону трымала Пінская партызанская брыгада, злева па канале ад вёскі Башня Іванаўскага раёна да вёскі Селішча Драгічынскага раёна абарону трымалі брыгады 150-я імя Языковіча, «За Радзіму» імя Флегантава, асобныя атрады імя Шчорса і імя Молатава. Падыходы да партызанскай абароны з боку вёскі Дзівін утрымлівала брыгада імя Сталіна. Лінія партызанскай абароны на адказных участках 50-кіламетровага фронту была абсталявана дзотамі, бліндажамі, хадамі зносін.
Бітва
[правіць | правіць зыходнік]21 лютага 1944 года гітлераўцы пры перавазе ў жывой сіле і тэхніцы з боем адцяснілі дробныя заграджальныя атрады партызан, выйшлі на рубеж Дняпроўска-Бугскага атрада ў раёне вёсак Зарэчка і Белін Драгічынскага раёна і павялі наступленне на абарончыя рубяжы брыгады імя Молатава. Да сыходу дня пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню праціўнік фарсіраваў канал у раёне вёсак Зарэчка, Ляхавічы, Кублік Драгічынскага раёна і рухаўся ў напрамку вёскі Хідры каб расчляніць абарону брыгады імя Молатава на тры часткі і адрэзаць яе ад асноўных сіл. На працягу трох сутак партызаны брыгады адбівалі атакі праціўніка, які быў вымушаны адступіць назад і пачаць ствараць абарончыя збудаванні на паўночным беразе канала. 23 лютага пасля моцнага артылерыйскага налёту гітлераўцы перайшлі ў наступленне, спрабуючы фарсіраваць канал і раку Піну на ўчастку абароны Пінскай партызанскай брыгады. У выніку працяглых баёў у партызан канчаліся боепрыпасы. Пінская брыгада вымушана была адступіць, тым самым яна агаліла правы флаг брыгады імя Молатава, якая была вымушана здымаць свае атрады і перакідваць іх у раён вёскі Адрыжын Іванаўскага раёна. 26 лютага гітлераўцы занялі вёскі Дольск і Шлапань Валынскай вобласці, Махро Іванаўскага раёна. Пінская партызанская брыгада адышла за раку Прыпяць, дзе злучылася з часцямі Чырвонай Арміі і заняла абарону ў раёне вёсак Нобель і Бучын Ровенскай вобласці. Праціўнік фарсіраваў Прыпяць і заняў вёску Люб’язь, маючы намер злучыцца з гарнізонам горада Камінь-Кашырскі. Левы фланг гітлераўцаў выходзіў у тыл партызанскай брыгады імя Молатава і ствараў пагрозу акружэння. У сувязі са становішчам, якое стала больш складаным, паводле загаду маёра Кавальскага ў раён Дольск — Шлапань былі выведзены 150-я партызанская брыгада імя Ф. М. Языковіча і атрад імя Фрунзе брыгады імя Сталіна. У выніку прынятых мер праціўнік быў спынены на рубяжы вёсак Глінна, Адрыжын Іванаўскага раёна, Грэчышча Валынскай вобласці. Было прынята рашэнне ўтрымліваць занятыя пазіцыі, адначасова актывізаваць дзеянні лятучых атрадаў і груп разведкі па тылах ворага. Па ўсёй лініі абароны партызаны рабілі завалы, мінныя палі, ноччу пранікалі ў тыл праціўніка, мініравалі пад’яздныя шляхі, участкі мясцовасці. 13 сакавіка 160-я стралковая, і 38-я гвардзейскія дывізіі 70-й арміі 2-га Беларускага фронту перайшлі ў наступленне на 40-кіламетровым участку Любэшыў — Бароўна. Да 17 сакавіка яны прасунуліся на глыбіню да 60 км і выйшлі на рубеж канала Турскі, дзе былі затрыманы рэзервамі праціўніка, якія падаспелі.
17 сакавіка пачалося новае наступленне праціўніка па ўсёй лініі абароны. Праціўнік фарсіраваў канал у трох месцах і павёў наступленне на вёскі Хідры, Вялікі Лес Драгічынскага раёна і ўздоўж Белаазёрскага канала. Праціўнік заняў Ляхавіцкія і Хідроўскія хутары і ўклініўся ў перадавую лінію абароны партызанскага атрада імя Шчорса. Контратакамі, ударамі з флангаў партызаны аднавілі становішча. 26—30 сакавіка баі праходзілі па ўсёй лініі партызанскай абароны. 26 сакавіка гітлераўцы аднавілі наступленне на ўчастку абароны брыгады імя Молатава, якая пад націскам перавышаючых сіл праціўніка адышла на другую лінію абароны. 28 сакавіка правы фланг брыгады заняў абарону на ўсходняй ускраіне вёскі Вэтлы Валынскай вобласці, дзе ўступіў ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі. Да 29 сакавіка гітлераўцам удалося перагрупаваць свае сілы, пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню яны фарсіравалі канал і пачалі наступленне ў глыбіню партызанскай абароны. Пад канец дня праціўнік выйшаў на лінію Мукашын — возера Луке — Радастава, прыціснуў партызан і часці Чырвонай Арміі да ракі Прыпяць. Да 31 сакавіка 1944 года асноўныя сілы партызан злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы Зарэчка Драгічынскага раёна ў гонар партызан у 1966 годзе пастаўлены помнік.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Літвін, А. М. Дняпроўска-Бугскага канала абарона, 1944 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 195-196. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.