Перайсці да зместу

Абарона Мінска (1941)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Руіны Мінска (ліпень 1941 года)

Абарона Мінска — баявыя дзеянні савецкіх войскаў у чэрвені — ліпені 1941 года ў раёне Мінска. З’яўляецца часткай наступальнага плана Барбароса.

Наступленне ў Беларусі планавалася германскім генштабам наступным чынам. 3-я танкавая група ва ўзаемадзеянні з войскамі 9-й арміі прарывае савецкую абарону на паўночны ўсход ад Сувалак і, рухаючыся праз Вільнюс, выходзіць да Мінска. 9-я армія часткай сваіх сіл надыходзіць услед за 3-й танкавай групай для ачысткі і замацавання занятага раёна, а астатнімі сіламі рухаецца ў агульным кірунку Гродна з мэтай раздзялення і знішчэння акружаных войскаў Чырвонай Арміі. 2-я танкавая група, таксама ва ўзаемадзеянні з пяхотай, пераадольвае ўмацаваную лінію ўздоўж мяжы на паўночны захад ад і на поўдзень ад Брэста, а ў далейшым наступае ў агульным кірунку на Баранавічы і Мінск, каб у раёне Мінска злучыцца з 3-й танкавай групай. Ад Мінска нямецка-фашысцкія войскі павінны былі наступаць на Смаленск, з ходу пераадольваючы водныя перашкоды: Бярэзіну, Заходнюю Дзвіну, Дняпро[1].

Ход баявых дзеянняў

[правіць | правіць зыходнік]
Прарыў нямецкай 3-й танкавай групы да Мінска, 24—28 чэрвеня 1941 года

Нямецкія матарызаваныя корпусы, якія прасоўваліся на ўсход, 24 чэрвеня натыкнуліся на другі эшалон савецкага Заходняга фронту. 47-ы мотакорпус нямецкай 2-й танкавай групы сутыкнуўся з трыма савецкімі дывізіямі ў раёне Слоніма, якія затрымалі яго на суткі, а 57-ы мотакорпус 3-й танкавай групы — з 21-м стралковым корпусам у раёне Ліды.

У гэты час нямецкі 39-й мотакорпус, прасоўваючыся ў аператыўнай пустаце, 25 чэрвеня выйшаў на подступы да Мінска. Да сталіцы Беларусі прарваліся тры танкавыя дывізіі (7-я, 20-я і 12-я), усяго да 700 танкаў, на наступны дзень да іх далучылася 20-я матарызаваная дывізія. 26 чэрвеня былі занятыя Маладзечна, Валожын і Радашковічы. 7-я нямецкая танкавая дывізія абыйшла Мінск з поўначы і накіравалася да Барысава. У ноч на 27 чэрвеня яе перадавы атрад заняў Смалявічы на шашы Мінск — Масква.

Мінск абараняў 44-ы стралковы корпус камдзіва В. А. Юшкевіча, які заняў пазіцыі Мінскага ўмацаванага раёна, а таксама 2-і стралковы корпус (камандзір — генерал-маёр А. М. Ермакоў); усяго ў раёне Мінска знаходзіліся 4 савецкія стралковыя дывізіі. 27 чэрвеня камандаванне над войскамі, абараняліся Мінск, прыняў штаб 13-й арміі (камандуючы — генерал-лейтэнант П. М. Філатаў), які толькі што выйшаў з-пад удару ў раёне Маладзечна. Наркам абароны СССР маршал С. К. Цімашэнка аддаў загад: Мінск ні ў якім разе не здаваць, нават пры ўмове поўнага акружэння войскаў, яго абараняць. У гэты ж дзень савецкая 100-я стралковая дывізія правяла контратаку на Астрашыцкі Гарадок на поўнач ад Мінска, але яна была адбіта.

Тым часам 26 чэрвеня нямецкі 47-ы матарызаваны корпус 2-й танкавай групы заняў Баранавічы, падыходзячы да Мінска з паўднёвага захаду. 27 чэрвеня ён захапіў Стоўбцы, а 28 чэрвеня — Дзяржынск.

28 чэрвеня каля 17:00 часткі нямецкай 20-й танкавай дывізіі ўварваліся ў Мінск з паўночнага захаду. Дзве дывізіі 44-га стралковага корпуса засталіся ўтрымліваць пазіцыі на захад ад Мінска, у той час як 2-і стралковы корпус адышоў на ўсход ад Мінска на рубеж ракі Волма.

У выніку ахопаў нямецкіх 2-й і 3-й танкавай груп у Налібоцкай пушчы апынуліся акружаныя рэшткі 3-й, 10-й і часткі 13-й і 4-й армій. Да 8 ліпеня баі ў Мінскім «катле» былі завершаны.

Калона савецкіх ваеннапалонных, захопленых пад Мінскам, рухаецца на захад

Паражэнне пад Мінскам нанесла сур’ёзны ўдар Чырвонай Арміі. У «катле» пад Мінскам былі ўзяты ў палон некалькі соцен тысяч чалавек, захоплены тысячы танкаў і гармат, а таксама іншыя шматлікія ваенныя трафеі.

Разгром Заходняга фронту пад Мінскам адкрыў нямецкім войскам прамы шлях на Смаленск і Ленінград.

Маральны эфект

[правіць | правіць зыходнік]

Паражэнне пад Мінскам аказала моцнае псіхалагічнае ўздзеянне на савецкае кіраўніцтва. 28 чэрвеня І. В. Сталін сказаў членам Палітбюро[2]:

Ленін пакінуў нам вялікую спадчыну, а мы, яго нашчадкі, усё гэта прасралі…

Савецкае інфармбюро пра здачу Мінска не паведаміла.

Зноскі