Абворванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абрад абворвання ва ўяўленні расійскага мастака Віктара Каралькова

Абво́рванне — адзін з абрадаў ахоўнай магіі ва ўсходніх славян.

Праводзіўся ў экстрэмальных сітуацыях (хваробы, эпідэміі, падзеж свойскай жывёлы). Жанчыны (толькі старыя, удовы і цнатлівыя дзяўчаты[1], зрэдку ўдзельнічалі і цяжарныя жанчыны[2]) збіраліся апоўначы або да ўзыходу сонца[2] на ўскраіне вёскі[1], распраналіся, распускалі валасы[2], запрагаліся ў саху і аралі баразну вакол паселішча[1]. Звычайна праводзілі адну баразну, але бывала і тры баразны. У некаторых мясцінах наперадзе працэсіі неслі абраз[2]. Лічылася, што хваробы і эпідэміі не пяройдуць гэтага магічнага кола. Калі эпідэмія ўжо пачалася, абрад суправаджаўся шумам: жанчыны білі ў засланкі, званілі косамі, крычалі заклінанні. Калі небяспека толькі набліжалася, абвораванне праводзілася ў поўнай цішыні[1].

У некаторых раёнах Беларусі ў абрадзе абворвання ўдзельнічалі і хлопцы. Часта абворванне рабілася на валах-блізнятах або двума братамі-блізнятамі. На Гродзеншчыне і ў Заходнім Палессі, калі ў вёсцы не было блізнятаў, то запрагалі двух аднагодкаў-цёзкаў з аднолькавым колерам валасоў[2].

Астатнія жыхары вёскі да ўдзелу ў абрадзе не дапускаліся[1]. Калі ведалі пра выкананьне абраду, то павінны былі зачыняць вароты, дзверы і вокны. Калі ж абворванне рабілася таемна, то той, хто сустракаўся на шляху ўдзельнікаў абраду, мог быць забіты. Сустрэтых ката, сабаку, а часам і карову вяскоўцы забівалі[2].

У Цэнтральным Палессі вядомы выпадкі абворвання на чорных котках, пеўнях і сабаках. Як рэцыдыў абраду абворвання ў XX ст. зафіксавана абворванне на конях, на трактарах, бывала, плуг цягалі не вакол вёскі, а па вуліцах[2].

У Беларусі з мэтай абараніцца ад зла замест абворвання часта прымянялася баранаванне[1]. Вядома таксама абворванне культавых камянёў, верагодна, звязаных з Вялесам (Воласам), ахоўнікам жывёлы. Да абраду абворвання семантычна і структурна блізкі абрад праворвання (дарогі, рэчышча высахлай ракі) з мэтай выклікання дажджу[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]