Скарыстаўшыся адсутнасцю галоўных сіл візантыйскага войска, якія дзейнічалі пад камандаваннем імператара Іраклія ў паўднёва-ўсходнім Прычарнамор’і, войска персідскага палкаводца Шахрбараза зімой 625-626 гадоў выйшла на азіяцкі бераг Басфора. 29 ліпеня 626 году авары цалкам блакіравалі Канстанцінопаль з сушы. У склад аварскага войска ўваходзілі таксама балгары, гепіды і славяне. Насельніцтвам горада авалодаў неспакой, але ўлады цвёрда вырашылі абараняць сталіцу. Абаронай горада кіраваў патрыцый Вон. Візантыйскі флот панаваў на моры і не дазваляў аварам і персам дзейнічаць скаардынавана. Імкнучыся паскорыць развязку, у ноч на 7 жніўня каган распачаў вальны штурм горада з сушы і мора, але візантыйцы адбілі яго з вялікім стратамі аварскага войска. У лагеры кагана пачаўся бязлад, славяне масава дэзерціравалі; запасы прадуктаў харчавання ў авараў канчаліся. 9 жніўня, спаліўшы абложныя машыны, авары знялі аблогу. Пазней перакінутыя з Арменіі войскі пад кіраўніцтвам брата васілеўса, курапалата Феадора, прымусілі персаў ачысціць азіяцкі бераг Басфора.
Разгром візантыйцамі авараў дазволіў вызваліцца з пад іх улады частцы славянаў, якія стварылі сваю дзяржаву Само, а таксама адкрыў балгарам шлях да заваёваў на Балканах.