Перайсці да зместу

Абраз Маці Божай Баркалабаўскай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абраз Маці Божай Баркалабаўскай. XVI—XVII
альтэрн.: Баркулабаўскі абраз Багародзіцы
Матэрыял дошка для жывапісу[d] і яечная тэмпера
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абра́з Ма́ці Бо́жай Баркала́баўскай — выява Божай Маці, якая захоўваецца ў Баркалабаўскім Свята-Узнясенскім жаночым манастыры.

Баркалабаўская Адзігітрыя, намаляваная тэмперай на хваёвай аснове з пазалочаным разьбяным фонам, — адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай асновы.

Навукоўцы выказваюць меркаванне, што абраз створаны на мяжы XVI—XVII стагоддзяў ці ў першай палове XVII стагоддзя ў цэнтральнабеларускім рэгіёне (магчыма, на тэрыторыі паміж Слуцкам і Слонімам[1]).

Першапачаткова знаходзілася ў праваслаўным Баркалабаўскім жаночым манастыры (адсюль назва), заснаваным Б. Сцяцкевічам у 1648 годзе. У манастырскім архіве захоўвалася легендарнае паданне пра паходжанне абраза. Паводле яго ў 1659 годзе нейкі «князь вояў рускіх» Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Капі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне. Тут абраз праславіўся многімі цудамі, аб чым сведчылі яго шматлікія копіі ў навакольных цэрквах. Найвялікшым цудам лічылася тое, што абраз перажыў усе войны XVII—XX стагоддзяў і ганенні на рэлігію ў XX стагоддзі[2].

Абраз быў выяўлены 27-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1974 годзе[3].

Святкаванне абраза адбываецца 24 ліпеня, у дзень яго з’яўлення ў Баркалабаўскім манастыры.

  1. Быцева І. М., Хадыка Ю. В. Разьба на фонах абразоў як датуючая прыкмета // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. — Мн., 1985. — С. 44—49.
  2. Аляксандр Ярашэвіч. Баркалабаўскі абраз Маці Божай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 2003. — С. 328. 10 000 экз. ISBN 985-11-0276-8.
  3. Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД, 2003. — С. 47—48. — 304 с.: іл.