Абрам Іосіфавіч Кроль

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Абрам Іосіфавіч Кроль
Фатаграфія
Абрам Кроль. Аўтапартрэт. Эцюд. 1950-я
Дата нараджэння: 1 мая 1913
Месца нараджэння: Койданава, Мінскі павет, Віленская губерня
Дата смерці: 3 лютага 1990
Месца смерці: Мінск
Грамадзянства: Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Сцяг СССР СССР
Род дзейнасці: мастак
Жанр: пейзаж, тэматычная карціна
Вучоба:
Мастацкі кірунак: рэалізм
Уплыў: Фёдар Фогт, Леў Лейтман
Узнагароды:
ордэн Айчыннай вайны II ступені медаль «За адвагу» медаль «За баявыя заслугі»

Абрам Іосіфавіч Кроль (1 мая 1913 года, Койданава, Мінскі павет, Віленская губерня — 3 лютага 1990 года, Мінск) — беларускі мастак-жывапісец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўзросце 15 год паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе вучыўся у Льва Лейтмана і Фёдара Фогта. У 1932 годзе па размеркаванні пераехаў у Мінск, дзе працаваў у прадпрыемстве «Белвыдат». У 19 год стаў вядомы як «узорны жывапісец сацрэалізму», таму яму даверылі афармленне экспазіцый музея Рэвалюцыі, Дома-музей І з’езду РСДРП, Музея Працы. Таксама афармляў калоны рэвалюцыйных святаў і фізкультурных парадаў. У Мінску мастак яшчэ скончыў двухгадовыя курсы жывапісу, што дазволіла яму ўпэўнена пісаць шматфігурныя творы, будаваць іх кампазіцыю і прастору[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў дзеючую армію і дайшоў да Берліна фотакарэспандэнтам і карыкатурыстам франтавой газеты. Быў узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Сям'я мастака загінула ў мінскім гета.

У 1946 годзе стаў членам Саюза мастакоў БССР. З канца 1940-х гадоў Абрам Кроль працаваў галоўным мастаком Музея Вялікай Айчыннай вайны, быў аўтарам першай экспазіцыі музея, у 1970-я гады – намеснікам дырэктара музея па мастацкай частцы.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў у станковым жывапісе ў жанры пейзажу, сюжэтна-тэматычнай карціны. Шэраг твораў мастак сам прысвяціў Вялікай Айчыннай вайне («Баявое заданне», «Мінскі кацёл» і інш.). Выконваў таксама дзяржаўныя заказы на гісторыка-рэвалюцыйную тэму: «Абвяшчэнне Савецкай улады ў Беларусі» (1948), «Пасля Курлоўскага расстрэлу» (1957), «Перад вобыскам» (1958), «Вырашальны дзень» (1966—1967), «Нараджэнне рэспублікі» (1968).

У пейзажным жывапісе быў эксперыментатарам. Працаваў мастыхінам, ствараючы мяккія каляровыя і ахраматычныя расцяжкі, актыўна выкарыстоўваў паасобны мазок. Аддаваў перавагу зімоваму пейзажу, добра адчуваючы ахраматычную гамму беларускай зімы з шэрымі днямі, змрочным небам і гурбамі снегу, якія вырашаў тонкай тонавай нюансіроўкай[1].

Па ўспамінах сучаснікаў мастак аддаваў перавагу зімовым пленэрам, не гледзячы на іх цяжкасць. Мастацтвазнаўца і даследчык творчасці Абрама Кроля Алег Сурскі заўважыў:

«Абраму Іосіфавічу заўсёды добра пісалася зімой, калі прырода ціхая, формы і лініі лаканічныя, абагульненыя і толькі тонавыя нюансы выдаюць дыханне жыцця...»

У шэрагу зімовых пейзажах прасочваюцца атрыбуты «суровага стылю», які існаваў тады ў савецкім мастацтве, з яго лаканізмам і манументальнасцю, стрыманасцю каларыстычнай гамы. Пад уплывам «генеральнай лініі» у Кроля таксама з'явілася ў сюжэтах «героіка працоўных будняў» і сацыялістычнага адпачынку — лыжнікі на прабежках, спартыўныя спаборніцтвы. Таксама у тыя годы, пад уплывам Віталя Цвіркі, Георгія Ніскага і Сяргея Герасімава былі напісаны манументальныя эпічныя пейзажы.

Нараду з гэтым існуюць і лірычныя пейзажы, у якіх адчуваецца ўласны стыль мастака — «Іней» (1960), «Белая цішыня» (1962), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор», «Шаша» (1967), «Новы Мінск» (1969).

Серыя твораў, прысвечаных гета, была перададзена спадкаемцамі мастака ў 1990-я гады у музеі Ізраіля.

Вядомыя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1947 «Баявое заданне»
  • 1948 «Абвяшчэнне Савецкай улады на Беларусі»
  • 1955 «Канец зімы»
  • 1957 «Пасля курлоўскага расстрэлу ў 1905 годзе ў Мінску»
  • 1958 «Перад вобыскам»
  • 1960 «Іней», «Шаць»
  • 1961 «Купалаўская таполя» (НММ РБ)
  • 1962 «Белая цішыня»
  • 1963 «Раніца»
  • 1965 «Зіма» (НММ РБ)
  • 1967 «Вырашальны дзень», «Сакавік» (НММ РБ), «Беларускія абшары» (НММ РБ), «Шаша»
  • 1968 «Нараджэнне рэспублікі»
  • 1969 «Новы Мінск»
  • 1971 «Лыжная траса» (НММ РБ)
  • 1978 «Партызанскія зямлянкі»
  • 1979 «К вясне» (НММ РБ)
  • 1982 «Ліпень 1941-га», «Край беларускі»

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кроль Абрам Іосіфавіч // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна / рэд. кал. Л.М. Драбовіч і інш.; рэд.-уклад. А.І. Валахановіч. — Мн.: БелТА, 2004.— С. 614—615.
  • Каталаг выстаўкi твораў Абрама Iосiфавiча Кроля, прысвечанай 50-годдзю з дня нараджэння i 30-годдзю творчай дзейнасцi / Саюз мастакоў БССР ; [рэд. Л. Марыкс]. - Мiнск : [б. и.], 1963. - 18 с., [3] л. ил. : ил., портр.; 19х21 см.