Абу-Грэйб (турма)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Абу-Грэйб — былая турма ў аднайменным іракскім горадзе, размешчаным за 32 км на захад ад Багдада. Вядомая здзейсненымі ў розныя гады злачынствамі наглядчыкаў супраць зняволеных.

Рэжым Садама Хусейна[правіць | правіць зыходнік]

Падчас праўлення Садама Хусейна турма Абу-Грэйб знаходзілася ў падпарадкаванні ўпраўлення агульнай бяспекі Амн аль-Ам. Толькі ў 1984 годзе тут былі пакараны 4 тысячы зняволеных. Кіраўнік арганізацыі спецыяльнай бяспекі Садам Камель часта асабіста прымаў удзел у катаваннях і пакараннях смерцю палітычных зняволеных. У заходніх СМІ турма часта згадвалася як «цэнтр катаванняў Садама».

Блок турмы, прызначаны для ўтрымання палітычных зняволеных, быў падзелены на «адкрытыя» і «закрытыя» крылы. У закрытае крыло змяшчалі толькі шыітаў. Ім не дазвалялі ніякіх спатканняў і кантактаў са знешнім светам.

Падчас вайны ў Персідскім заліве ў Абу-Грэйб утрымліваліся амерыканскія ваеннапалонныя.

Па інфармацыі спецыяльнага дакладчыка ААН па Іраку Макса ван дэр Стула, у канцы 1997 года ў турме Абу-Грэйб у межах «кампаніі па ачышчэнню турмаў» былі праведзены масавыя пакаранні палітычных зняволеных, прысуджаных да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі. Паводле яго дадзеных, у ходзе гэтай кампаніі ў Абу-Грэйб і Радваніі было пакарана смерцю больш за 1500 чалавек[1].

Амерыканская акупацыя[правіць | правіць зыходнік]

Перайшоўшы пад кантроль сіл кааліцыі, Абу-Грэйб зноў стала выкарыстоўвацца па прызначэнні, атрымаўшы назву Багдадская цэнтральная выпраўленчая ўстанова (Baghdad Central Confinement Facility або Baghdad Central Correctional Facility).

Да жніўня 2006 года Абу-Грэйб выкарыстоўвалася сумесна сіламі кааліцыі і іракскім урадам. Блок турмы, які знаходзіўся пад поўным кантролем іракскага ўрада насіў назву «The Hard Site». У ім адбывалі пакаранне прызнаныя вінаватымі злачынцы. Уся астатняя тэрыторыя турмы знаходзілася пад кантролем Узброеных Сіл ЗША, і выкарыстоўвалася ў якасці перадавой аперацыйнай базы і папраўчай установы. Для папярэдняга зняволення выкарыстоўваўся блок, пабудаваны ў 2004 годзе, і вядомы пад назвай «Camp Redemption».

У гэты перыяд амерыканскія наглядчыкі ў дачыненні да зняволеных іракцаў здзяйснялі жорсткія здзекі, збіццё, калясэксуальныя дзеянні і цкаванне сабакамі. Весткі аб катаваннях у турме выклікалі абурэнне як у самім Іраку, так і ў свеце[2][3][4].

Пераход пад кантроль іракскага ўрада[правіць | правіць зыходнік]

9 сакавіка 2006 года амерыканскім камандаваннем было вырашана закрыць турму Абу-Грэйб. У жніўні 2006 года ўсе зняволеныя былі пераведзеныя з Абу-Грэйб у іншыя турмы Ірака, а 2 верасня турма перайшла пад кантроль іракскага ўрада.

У 2013 г. на турму напалі паўстанцы і вызвалілі з яе некалькі соцень зняволеных. У красавіку 2014 г. Міністэрства юстыцыі Ірака паведаміла пра закрыццё турмы з боязі, што яе захопяць паўстанцы. Зняволеныя былі пераведзены ў турмы ў больш бяспечных месцах[5].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі