Абіпон

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Абіпон
Dobrizhoffer soldiers (cropped).jpg
Малюнак 1784 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Гран-Чака
Мова абіпон
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы іншыя гуайкуру

Абіпо́н (ісп.: Abipónіндзейскі народ, тубыльцы рэгіёна Гран-Чака. Зніклі як этнічная супольнасць у канцы XIX — пачатку XX ст.

Відавочна, абіпон першапачаткова насялялі поўнач Гран-Чака, а ў пачатку іспанскай каланізацыі прасунуліся на поўдзень, магчыма пад ціскам гуарані, і занялі паўднёвы бераг Параны, недалёка ад яе вусця. У XVIII ст. яны ўяўлялі сабою 3 папуляцыі, якія карысталіся адзінай мовай і зваліся іспанцамі абіпон:

  • Riikahé, або сельскія абіпон
  • Jaaukanigás, або водныя абіпон
  • Nakaigetergehé, або горныя абіпон

Riikahé былі жыхарамі раўнін. Nakaigetergehé насялялі лясныя прасторы. Jaaukanigás аддавалі перавагу жыццю на берагах ракі.

Галоўнымі заняткамі ўсіх трох груп першапачаткова былі вандроўныя паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Пад 1641 г. іспанцы паведамлялі, што абіпон трымаюць коней. Конныя воіны рабілі рабаўнічыя рэйды на іспанскія паселішчы, захоплівалі еўрапейскія тавары, свойскую жывёлу і людзей, часцей жанчын і дзяцей. Іспанцы паведамлялі пра адносна лагоднае стаўленне захопнікаў да палонных. Яны маглі вольна перамяшчацца па лагеру, уступаць у шлюб, быць перакладчыкамі і дарадцамі, аказваць дапамогу ў гаспадарчых справах. У абіпон былі правадыры, што ўзначальвалі групы маладых воінаў.

Асноўнай зброяй абіпон былі лук і дзіда. Мужчыны і жанчыны мелі звычай праколваць розныя часткі цела. Жанчыны рабілі татуіроўкі. Мужчыны жаніліся ў сталым узросце на маладых дзяўчатах, выплочвалі іх бацькам выкуп. Для рэгулявання спажывання рэсурсамі часта практыкаваліся дзетазабойствы. Апошняе разам з эпідэмічнымі хваробамі, прынесенымі з пачаткам каланізацыі, прывяло да рэзкага скарачэння насельніцтва. У 1768 г. заставалася толькі 5 000 мужчын і жанчын.

Коннае паляванне дазваляла абіпон здабываць болей харчу, аднак вынікам неашчадных забойстваў дзікіх жывёл стала іх скарачэнне. Да таго іспанскія каланісты і метысы перайшлі да загоннай жывёлагадоўлі, калі свойская жывёла знаходзілася пад сталай аховай. Такім чынам абіпон сутыкнуліся да сярэдзіны XVIII ст. з праблемай забеспячэння.

Важную ролю ў лёсе абіпон адыграў Марцін Дабрыжофер (17181791), езуіт чэшскага паходжання. Ён займаўся місіянерскай справай і адначасова вывучаў культуру гэтага народа. У выніку паміж 1748 г. і 1763 г. на тэрыторыях абіпон былі заснаваны 4 місіі, дзе індзейцы засвойвалі навыкі сельскай гаспадаркі, вучыліся ў школах, мелі самакіраванне. Аднак у 1768 г. езуіты былі выгнаны з калоній, а місіі спусцелі. Толькі ў 1850-х гг. зноў былі адчынены місіі францысканцаў. Яны дзейнічалі да 1912 г. пакуль не былі нацыяналізаваны. Рэшткі абіпон, што жылі ў місіях, былі вымушаны шукаць працу ў гарадах і сельскіх паселішчах у якасці наёмных рабочых. У выніку яны былі асіміляваны аргенцінцамі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]