Агароднікі (Брэсцкі раён)
Вёска
Агароднікі
|
Агаро́днікі[1] (трансліт.: Aharodniki, руск.: Огородники) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лышчыцкага сельсавета. Размешчаны за 29 кіламетры на поўнач ад Брэста, за 4 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Лышчыцы.
У складзе сельскагаспадарчага кааператыўнага прадпрыемства «Астрамечава» (цэнтр — в. Лышчыцы).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Па пісьмовых крыніцах вядомы з XVI стагоддзя як паселішча агароднікаў у Берасцейскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. Уваходзілі ў склад вотчыннага маёнтка Астрамечава-Плянта, які размяшчаўся за ¼ вярсты ад вёскі.
У 1840 годзе пазначаны ў ліку сёл Астрамечаўскага царкоўнага прыхода. Паводле інвентара 1846 года вёска належала пані Т. Лабаноўскай. У 1860 годзе ў складзе маёнтка Ставы, 234 рэвізскія душы, уласнасць графіні Красінай. У 1890 годзе сяляне ўваходзілі ў склад Астрамечаўскай сельскай грамады, якой належала 363 дзесяціны зямлі. Дзейнічала праваслаўная могілкавая царква, школа граматы.
У 1905 годзе вёска ў Лышчыцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі. Станам на 30 верасня 1921 года вёска ў Лышчыцкай гміне Брэсцкага павета Пінскага ваяводства. Недалёка ад вёскі размяшчалася аднайменная калонія — 21 двор, 129 жыхароў.
З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 4 вяскоўцы.
Да 18 кастрычніка 1982 года вёска ўваходзіла ў склад Малазводскага сельсавета Камянецкага раёна[2].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 12 двароў, 77 жыхароў (1846)
- 180 жыхароў (1905)
- 11 двароў, 54 жыхары (1921)
- 28 двароў, 117 жыхароў (1940)
- 14 двароў, 20 жыхароў (1997)
- 17 гаспадарак, 29 жыхароў (2005)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 18 кастрычніка 1982 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1982, № 33 (1731).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх