Аўгустус П’юджын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўгустус П’юджын
Дата нараджэння 1 сакавіка 1812(1812-03-01)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 14 верасня 1852(1852-09-14)[1][2][…] (40 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Augustus Charles Pugin[d]
Маці Catherine Welby[d][3]
Дзеці Cuthbert Welby Pugin[d], E. W. Pugin[d], Agnes Pugin[d], Catherine Pugin[d], Mary Pugin[d], Margaret Pugin[d] і Peter Paul Pugin[d]
Альма-матар
Працаваў у гарадах Вялікабрытанія
Уплыў на Jean-Baptiste Bethune[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аўгустус Уэлбі Нортмар П'юджын (англ.: Augustus Welby Northmore Pugin) (1 сакавіка 1812 — 14 верасня 1852) — брытанскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, адзін з найважнейшых прадстаўнікоў неаготыкі. Напачатку свайго творчага шляху ўдзельнічаў у адбудове Вестмінстэрскага палацу пасля пажару 1834 ў якасці асістэнта Чарлза Бары. Асноўным кірункам працы П'юджына было будаўніцтва цэркваў. Сам ён перайшоў у каталіцтва ў 1835, але працягваў будаваць і англіканскія храмы.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Аўгустус Уэлбі Нортмар П'юджын паходзіў з французскай пратэстанцкай сям'і. Ягоны бацька, Аўгустус Чарлз П'юджын, быў вядомым малявальшчыкам. Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у школе Крайстс Хоспітал. Яго таленты ў дызайне былі рана заўважаныя, і ва ўзросце 15 год ён ужо працаваў над эскізамі мэблі для Віндзарскага палаца (сам ён пазней даволі скептычна ацэньваў свае раннія работы).

У 1831 годзе ён ажаніўся ў першы раз, з Эн Гарнэт. У маі наступнага году яна памерла пры родах. У 1933 П'юджын пабраўся шлюбам з Луізай Бэртан, якая нарадзіла яму шасцярых дзяцей (сярод іх — Эдварда Уэлбі П'юджына). У 1835 годзе П'юджын прыняў каталіцтва, жонка пераняла яго прыклад у 1839. У 1844 годзе Луіза памерла. У 1848 П'юджын ажаніўся ў трэці раз, з Джэйн Ніл, і меў з ёю дваіх дзяцей (сярод іх быў Пітэр Пол П'юджын). У 1852 годзе ён памёр ва ўзросце 40 год, магчыма ў выніку атручвання ртуццю.

Погляды[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Берыме (Новы Паўднёвы Уэльс), створаны Аўгустусам П'юджынам

Свае погляды П'юджын выказаў у працах «Ісцінныя прынцыпы спічастай альбо хрысціянскай архітэктуры» (1841) і «Апалогія адраджэння хрысціянскай архітэктуры ў Англіі» (1843). У якасці асноўнага правіла добрай архітэктуры ён прапануе наступнае: кожны элемент будынку павінны мець сваё прызначэнне, і карысныя часткі канструкцыі трэба ўпрыгожваць, а не хаваць за асобна сканструяванымі ўпрыгожаннямі. Сярод іншых прыкладаў ён звяртае ўвагу на цвікі і скобы, якія ў готыцы не хаваюцца і не маскіруюцца, а робяцца часткаю агульнага ўзору.

Зыходзячы з гэтых жа прынцыпаў, П'юджын рэзка крытыкуе класіцызм у царкоўнай архітэктуры. На ягоную думку, антычныя храмы будаваліся для прынцыпова іншага тыпу набажэнстваў, і перапрыстасаванне гэтай канструкцыі для хрысціянскае літургіі ў кожным разе знішчае характэрны выгляд будынку, да якога імкнецца архітэктар-класіцыст. У той жа час, паводле П'юджына, канструкцыя і эстэтыка гатычнага храма цалкам абумоўлена патрэбамі хрысціянскага набажэнства і павінна служыць узорам для архітэктараў усіх пазнейшых часоў. Апроч таго, антычную архітэктуру ён лічыць недасканалай, бо тая механічна пераносіць прынцыпы драўлянага дойлідства на каменныя будынкі, ў той час як готыка абапіраецца на ўласцівасці менавіта камня і цэглы. Адзіным вытлумачэннем прыняцця антычнае архітэктуры за ідэал П'юджын называе захапленне паганствам і перадузятасць да хрысціянскага сярэднявечча.

Падобныя погляды П'юджын выказваў і адносна іншых галінаў мастацтва, у прыватнасці заклікаючы да адраджэння грэгарыянскага спеву.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]