Агата (жонка Эдуарда Выгнанніка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Агата
Нараджэнне не пазней за 1023
Смерць не раней за 1067 і не пазней за 1093
Род Уэсекская дынастыя
Бацька невядома
Маці невядома, Гізела Баварская, Gertrud die Ältere von Braunschweig[d], Інгігерда або Рыкса Латарынгская[d]
Муж Эдуард Выгнаннік[d][1][2]
Дзеці Эдгар Этэлінг, Маргарыта Шатландская[1] і Cristina, daughter of Edward the Exile[d][3]
Дзейнасць princess consort, манахіня

Агата (Агафія, англ.: Agatha) — жонка Эдуарда Выгнанніка, спадчынніка англійскага прастола, і маці Эдгара Этэлінга і Маргарыты Святой, каралевы Шатландыі. Паходжанне Агаты — адна з яшчэ нявырашаных загадак гісторыі Сярэднявечча (медыевістыкі) і генеалогіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нічога не вядома пра маладыя гады Агаты. Яна з’яўляецца ў сярэдневяковых хроніках (самая ранняя з іх — Англасаксонская хроніка) як жонка Эдуарда Выгнанніка, сына Эдмунда Жалезнабокага, апошняга англасаксонскага караля перад дацкім заваяваннем Англіі пачатку XI стагоддзя. Эдуард пражываў у выгнанні пры двары караля Венгрыі. Вядома, што дзесьці ў 1038—1043 гг. Эдуард, знаходзячыся ў Кіеве, ажаніўся з Агатай. У 1057 г. Эдуард разам са сваёй сям’ёй вярнуўся ў Англію, аднак сканаў праз некалькі тыдняў пасля прыбыцця. У 1066 г., пасля бітвы пры Гастынгсе, сын Агаты Эдгар Этэлінг быў абвешчаны каралём Англіі. Аднак зацвердзіцца на прастоле яму не ўдалося: Англія была захоплена нармандцамі і каралём стаў Вільгельм Заваёўнік. Пасля нармандскага заваявання, у 1067 г., Агата разам з дзецьмі бегла ў Шатландыю, дзе знайшла прытулак пры двары караля Малькальма III. Неўзабаве Маргарыта, старэйшая дачка Агаты выйшла замуж за шатландскага караля. Маргарыта праславілася сваімі рэлігійнымі рэформамі і тым уплывам, яки яна аказала на культурную трансфармацыю шатландскага каралеўства. Пра лёс самой Агаты пасля гэтага нічога не вядома. Няма таксама звестак пра дату яе смерці.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдневяковыя сведчанні[правіць | правіць зыходнік]

Пытанне паходжання і нацыянальнай прыналежнасці Агаты дагэтуль уяўляе нявырашаную загадку гісторыі. Захаваныя сярэдневяковыя крыніцы вельмі супярэчлівыя ў плане паходжання жонкі Эдуарда Выгнанніка. Англасаксонская хроніка, а таксама Флорэнс Вустэрскі ў сваіх працах «Chronicon ex chronicis» і «Regalis prosapia Anglorum», Сімяон Дарэмскі і Элрэд Рываскі паведамляюць, што Агата была сваячкай «імператара Генрыха». Р’евалкс, а за ім і шатландская Мелраўзская хроніка называе яе дачкой імператара Генрыха. Мацвей Парыжскі, аднак, лічыў Агату сястрой імператара. Жэфрэй Гаймар у сваёй «Гісторыі англаў» заяўляе, што яна была дачкой караля і каралевы Венгрыі, хоць і датуе гэты шлюб часам, калі Эдуард яшчэ знаходзіўся ў Кіеве. Ардэрык Віталій у «Гісторыі царквы» больш дакладны, называючы бацькам Агаты караля Шаламана, які, у рэальнасці, жыў пазней. Вільям Мальмсберыйскі ў «De Gestis Regis Anglorum» сцвярджае, што жонка Эдуарда была сястрой каралевы Венгрыі. Пра гэта паведамляе таксама Альберык дэ Труа-Фантэн. Нарэшце, Роджэр Ховедэнскі і аўтар «Законаў Эдуарда Спаведніка» паведамляюць, што калі Эдуард пражываў пры двары кіеўскага «караля Малесклода», ён ажаніўся са знатнай жанчыне. Больш таго, аўтар «Законаў Эдуарда Спаведніка» дадае, што маці Святой Маргарыты паходзіла з рускага каралеўскага роду[4].

Германская і венгерская тэорыі[правіць | правіць зыходнік]

Здагадка пра тое, што Агата была дачкой ці сястрой імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі не пацвярджаецца ніякімі германскімі крыніцамі, што робіць гэту тэорыю вельмі малаверагоднай. Больш абгрунтаваным выглядае пункт гледжання, прапанаваны гісторыкамі XVIII стагоддзя, што яна даводзілася пляменніцай імператару. Джорджыа Прай[5], О. Ф. Шум[6] і Іштван Катана[7] высунулі гіпотэзу, што Агата была дачкой брата імператара Генрыха II Бруна Аўгсбургскага. Аднак у нямецкіх крыніцах няма звестак пра тое, што гэты кананізаваны біскуп меў якіх-небудзь дзяцей.

Даніэль Корнідэс[8] выказаў здагадку, што Агата была дачкой сястры імператара Генрыха II Гізелы Баварскай, жонкі караля Венгрыі Іштвана I. Гэта тэорыя выгодна сумяшчае меркаваныя германскія і венгерскія карані жонкі Эдуарда Выгнанніка, якія згадваюцца шматлікімі сярэдневяковымі аўтарамі, а святая Маргарыта Шатландская апыняецца ўнучкай Святога Стэфана. Гіпотэза пра сваяцтва двух нацыянальных святых была настолькі прывабнай, што гэта ідэя стала агульнапрынятай у XIX-XX стагоддзях. Слабасць гэтай гіпотэзы складаецца ў тым, што яна не тлумачыць, чаму смерць Іштвана Святога прывяла да дынастычнага крызісу ў Венгрыі: у выпадку, калі Агата была дачкой Іштвана, яго спадчыннікам павінен быў стаць сын Эдуарда і Агаты Эдгар Этэлінг. Больш таго, у венгерскіх крыніцах не згадваецца, што хто-небудзь з дзяцей Іштвана перажыў свайго бацьку. У любым выпадку, калі б Агата была дачкой ці пляменніцай імператара Генрыха II, яна была б па ўзросце была значна старэй за свайго мужа, а Эдгар, такім чынам, быў бы народжаны ёй у глыбокай старасці, што малаверагодна.

Вядомы спецыяліст па генеалогіі, Сабальч дэ Важай[9], грунтуючыся на больш дакладным перакладзе латыні Флорэнса Вустэрскага і здагадцы, што імператар, які згадваецца ў Англасаксонскай хроніцы, з’яўляецца Генрыхам III, падтрымаў і шырока апублікаваў здагадку больш ранняга венгерскага гісторыка Ёзефа Херцага[10], што Агата была дачкой Людальфа, маркграфа Заходняй Фрызіі, старэйшага брата па маці[11] імператара Генрыха III. Гэта тэорыя панавала ў гістарычнай навуцы на працягу трыццаці гадоў, пакуль Рэнэ Жэтэ[12] не прапанаваў іншую гіпотэзу паходжання Агаты.

Кіеўская тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэнэ Жэтэ паказаў, што Вільям Мальмсберыйскі і шэраг пазнейшых храністаў упэўнена паведамляюць, што сястра Агаты была каралевай Венгрыі. З біяграфіі Эдуарда Выгнанніка вядома, што ён падтрымліваў венгерскага караля Эндрэ I, і суправаджаў яго ў яго паездцы з Кіева ў Венгрыю ў 1046 годзе, пасля чаго доўгі час знаходзіўся пры двары Эндрэ I. Жонкай венгерскага караля была Анастасія, дачка кіеўскага князя Яраслава Мудрага і шведскай прынцэсы Інгегерды. Такім чынам, па логіцы Жэтэ, Агата з’яўляецца дачкой Яраслава. Гэта здагадка добра адпавядае сцвярджэнням Жэфрэя Гаймара і Роджэра Ховедэнскага аб тым, што Эдуард, пражываючы ў Кіеве, узяў у жонкі дзяўчыну з мясцовага знатнага роду, а таксама пра тое, што цесцем Эдуарда быў «рускі кароль»[12].

Дочкі Яраслава Мудрага. Фрэска XI стагоддзя

Гіпотэза Жэтэ пацвярджаецца анамастычнымі аргументамі. Грэчаскае імя Агата ўпершыню з’явілася ў прадстаўнікоў Македонскай дынастыі імператараў Візантыі. Позняе яно знайшло досыць шырокае распаўсюджанне сярод княгінь дынастыі Рурыкавічаў[13]. Больш таго, калі бацька Яраслава Мудрага, Уладзімір I, ажаніўся з візантыйскай прынцэсай Ганнай, ён узяў сабе хрысціянскае імя кіруючага імператара Васілія II, а некаторыя з членаў яго сям’і атрымалі імёны іншых прадстаўнікоў візантыйскага імператарскага дому. Агата, магчыма, была адной з іх. Крытыкі гэтай здагадкі[14], аднак, адзначаюць, што імя Агата магло пракрасціся ў Германію раней, дзякуючы візантыйскім шлюбам імператараў Людовіка Сляпога і Атона II.

Паводле іншай тэорыі, Агата магла быць не дачкой, а сястрой Яраслава Мудрага. Апошняя жонка Уладзіміра I, бацькі Яраслава, была, верагодна, нямецкай прынцэсай, што адпавядае сведчанням храністаў пра германскія карані жонкі Эдуарда Выгнанніка. Больш таго, прыкладна ў той жа час, калі Эдуард ажаніўся з Агатай, зафіксаваны шлюб польскага князя Казіміра I і іншай дачкі Уладзіміра I, Дабранегі. Паводле гэтай тэорыі, сувязь Агаты з венгерскім каралеўскім домам таксама існуе, паколькі іншая дачка Уладзіміра была жонкай венгерскага прынца Ласла Смелага, дзядзькі караля Эндрэ I.

Імёны дзяцей і ўнукаў Агаты — Маргарыта, Крысціна, Давід і Аляксандр — невядомыя сучаснай ёй Брытаніі, таксама могуць сведчыць пра візантыйска-рускае паходжанне жонкі Эдуарда Выгнанніка. Так, Давід было імем, дадзеным пры хрышчэнні першаму рускаму святому і малодшаму брату Яраслава Мудрага Глебу (кананізаваны каля 1073 г.). Гэта імя таксама згадваецца ў вядомай прамове епіскапа Іларыёна Кіеўскага, які параўнаў Уладзіміра I з біблейскім Давідам, а Яраслава з Саламонам Мудрым. Дзяці венгерскага караля Эндрэ I таксама насілі імёны Давід і Шаламан. Аляксандр, безумоўна, узыходзіць да імя Аляксандра Македонскага, дзеянні і біяграфія якога былі вельмі папулярнымі ў Кіеве XI стагоддзя. Нарэшце, імёны Маргарыта і Крысціна маюць, верагодна, шведскае паходжанне, а жонка Яраслава Мудрага была менавіта шведскай прынцэсай.

Слабым бокам кіеўскай тэорыі паходжання Агаты з’яўляецца той факт, што ў гэтым выпадку Эдгар Этэлінг і Маргарыта Святая з’яўляліся б па матчынай лініі стрыечнымі братам і сястрой французскага караля Філіпа I. Такія блізкія роднасныя сувязі не маглі быць не заўважаны сучаснікамі, аднак ні ў адной з сярэдневяковых крыніц няма ніякіх згадак пра гэта. Маўчанне храністаў пра сваяцтва французскага караля і шатландскай каралевы сведчыць супраць здагадкі пра вялікакняжацкае паходжанне Агаты.

Балгарская тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XXI стагоддзя была прапанавана яшчэ адна гіпотэза: балгарскі гісторык Ян Младзёў[15] выказаў здагадку, што Агата была дачкой Гаўрыіла Радаміра, перадапошняга цара Першага Балгарскага царства, і яго жонкі, венгерскай прынцэсы, дачкі князя Гезы. Паводле гэтай версіі, пасля свайго разводу з Гаўрыілам Радамірам, маці Агаты пакінула Балгарыю цяжарнай і вярнулася на радзіму, дзе і нарадзілася будучая жонка Эдуарда Выгнанніка. Выбар імя для Агаты тлумачыцца тым, што такое імя насіла маці Гаўрыіла Радаміра, знатная грачанка з Дырахія.

Слабасць балгарскай тэорыі ў яе храналогіі. Шлюб дачкі Гезы і Гаўрыіла Радаміра звычайна датуецца 987 г. У гэтым выпадку Агата была больш як на пятнаццаць гадоў старэйшай за свайго мужа Эдуарда; больш таго, да часу нараджэння Эдгара Этэлінга Агаце было б 75 гадоў, што выглядае вельмі непраўдападобным.

Зноскі

  1. а б Kindred Britain
  2. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  4. Jetté, R. Is the Mystery of the Origins of Agatha, Wife of Edward the Exile, Finally Solved?// New England Historical and Genealogical Register — №. 150 (кастрычнік 1996); Ronay, G. The lost King of England : the East European adventures of Edward the Exile. — Woodbridge, 1989. — ISBN 0-85115-541-3
  5. Pray, G. Annales Regum Hungariae, 1764.
  6. Suhm, O. F. Geschichte Dänmarks, Norwegen und Holsteins, 1777
  7. Katona, I. Historia Critica Regum Hungariae, 1779.
  8. Cornides, D. Regum Hungariae, 1778.
  9. Szabolcs de Vajay. Agatha, Mother of St. Margaret, Queen of Scotland. — Duquesne Review, vol. 7, no. 2. — 1962
  10. Herzog, J. Skóciai Szent Margit származásának kérdése — Turul, № 53. — 1939.
  11. Гізела Швабская (990—1043) ад першага шлюбу з графам Бруна I Браўншвайгскім мела сына Людальфа, ад трэцяга шлюбу з імператарам Конрадам II мела сына Генрыха III.
  12. а б Jetté, R. Is the Mystery of the Origins of Agatha, Wife of Edward the Exile, Finally Solved? — New England Historical and Genealogical Register, № 150. — 1996.
  13. Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  14. Parsons, J.C. Edward the Aetheling’s Wife, Agatha. — The Plantagenet Connection, 2002; Jackman, D.C. A Greco-Roman Onomastic Fund, — Onomastique et Parente dans l’Occident medieval. — Vol. 3. — 2000)
  15. Mladjov, Ian. The Bulgarian Descent of HM Simeon II. — Sega, April 13, 2002.