Матылі з тонкім целам, доўгімі нагамі, яркія і стракатыя, з шаўкавістым бляскам. Крылы (размах 13—35 мм) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Хабаток, сківічныя і губныя шыпікі добра развітыя.
Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Налічваюцца тысячы відаў. На Беларусі дзясяткі відаў жывуць у лясах, на лугах, некаторыя — на вадзяных раслінах, прадуктовых складах, у збожжасховішчах, млынах.
Развіццё з поўным ператварэннем. Яйцы светлыя, авальныя, бочкападобныя ці пляскатыя. Вусені голыя, маюць толькі першасныя шчацінкі, пераважна алігафагі; жывуць у шаўкавінных трубках, якія прымацаваны да раслін або знаходзяцца ў глебе, дзярніне, іншы раз у скрутку лісця, сцягнутага шаўкавіннымі ніткамі, у вадзе. Кукалкі верацёнападобныя, з круглаватай галавой, шчыльным хіцінізаваным покрывам. Вусені некаторых відаў угрызаюцца ў кветкі і плады, іншыя кормяцца лісцем, каранямі.
Меры барацьбы: для свірнавых шкоднікаў — механічная ачыстка сховішчаў з наступнай хімічнай дэзінсекцыяй, хаванне зерня і прадуктаў толькі ўстаноўленых кандыцый, ахаладжэнне і прамарожванне прадуктаў, тэрмічная і газавая дэзінсекцыя; для шкоднікаў раслін — агратэхнічныя і хімічныя.
Малчанава Р. У.Агнёўкі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 27—28. — 575 с., іл. — 10 000 экз.