Вялікі Бор (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Вялікі Бор
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1600 год
Насельніцтва
658 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247602
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254812011
Вялікі Бор на карце Беларусі ±
Вялікі Бор (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Вялікі Бор (Хойніцкі раён)
Вялікі Бор (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Вялікі Бор (Хойніцкі раён)

Вялі́кі Бор[1] (трансліт.: Vialiki Bor, руск.: Великий Бор) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Велікаборскага сельсавета.

Знаходзіцца за 25 км ад Хойнікаў, 120 км ад Гомеля.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Ці не самая ранняя згадка пра паселішча датаваная 20 чэрвеня 1600 года, калі пан Шчасны Харлінскі, падкаморы кіеўскі, выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[2]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Вялікі Бор належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[3].

Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага і сёлы Брагінскай воласці за ракой Сычоўкай паны камісары згодна засведчылі прыналежнымі да ваяводства Кіеўскага[A][4].

Герб Ястрабец зменены паноў Абрамовічаў.

7 чэрвеня 1623 года датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[B][5]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добры Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[6], жанатага з яе дачкой Евай. У 1628 годзе з шасці дымоў вёскі Вялікі Бор і з двух у той ваколіцы названага маёнтку пана М. Абрагамовіча млыновых колаў выплачвалася адпаведна па 3 і па 6 злотых[7].

8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[C] нарэшце засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названы і Вялікі Бор[8].

Герб Святы Юрый (Георгій Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

З люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года вынікае, што з 9 дымоў вёскі Вялікі Бор Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 2 злотых; у другі раз — 2 злотых з 2 дымоў[9]. На 1698 год, як тое вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасцейскім харунжым, у кіраванне пану Зыгмунту Шукшце, у Вялікім Боры было 10 двароў. Паводле рэвізіі 1716 года, налічвалася ўжо 22 гаспадаркі, адна з якіх была вызваленая ад асноўных павіннасцей (słoboda). Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у Вялікім Боры налічваўся 21 двор[D], чыншу выплачвалася 119 злотых, 22 з паловай грошы, даніны мядовай (бельцаў) — 51[E]. Прозвішчы жыхароў: Гардзеенка, Мартыненка, Ярмошанка, Радчык, Сачанка, Міненка, Літвіненка, Хварошка (Харошка), Навуменка[11].

У ходзе асваення абшараў паміж Вялікім Борам і Маканавічамі пачасціліся памежныя канфлікты. 28 лютага 1721 года пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка са Слуцка звярнуўся з лістом да князя Мікалая Шуйскага, харунжыча берасцейскага, з просьбай, абы падданыя яго вялікаборскія падданым з вёскі Ізбін (Ізбынь) крыўдаў не чынілі і ў грунты іхныя «nie wdzierali się». У ліпені 1722 года тым жа панам суседам князь М. Шуйскі пакліканы на суд Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага за насланне людзей вялікаборскіх на грунты ізбінцаў, дзе яны лес пасеклі, сенажаці пакасілі ды ўчынілі шматлікія гвалты. 26 кастрычніка 1722 года ў Мазырскім гродзе па справе маршалка Аскеркі і харунжыча Шуйскага панам Даніэлем Віслаухам засведчана апісанае размежаванне ўгоддзяў вёсак Вялікі Бор і Ізбін[12].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года сказана, што Вялікі Бор у складзе Хойніцкай воласці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[13]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Вялікі Бор і Рудня Вялікаборская былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 36 двароў (×6 — прыкладна 216 жыхароў) вёскі Вялікі Бор Хойніцкага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 5 злотых і 18 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 22 злотых і 12 грошаў[15]. 30 чэрвеня 1764 года пасэсары Хойніцкіх добраў сужэнства Войцех і Анеля князі Шуйскія, старосты ніжынскія, выступілі ў Оўруцкім гродзе супраць пана кашталяніча новагародскага Багуслава Аскеркі за неаднаразовае насланне падданых на грунты вёскі Вялікі Бор, учыненне там розных шкодаў і гвалтаў[16].

Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Вялікім Боры налічвалася адпаведна 5, 3 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[17].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі Бор, Дубровіца, Рудзенька на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.
Курган Людвікі альбо фамільны склеп роду Прозараў у Хойніках.
Фальварак Гудаў і сяло Вялікі Бор на карце А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вялікі Бор — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[18]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года тут было 59 двароў з 230 душамі мужчынскага і 189 жаночага полу прыгонных сялянаў[19]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, вёска Вялікі Бор з паташным заводам названая сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[F], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[20]. Тутэйшая царква, пазначаная на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года, заставалася ўніяцкай да 1831 года[21], калі, магчыма, была ператвораная ў філію Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла.

У шляхецкай рэвізіі 1811 года паведамляецца, што ў велікаборскай канторы маёнтку Хойнікі абознага Прозара эканомам служыў 68-гадовы Юзаф Бакіноўскі, а лоўчым — 39-гадовы Ваўжынец Бакіноўскі[22]. У 1828 годзе менавіта ў Вялікім Боры (у царкве альбо ў рыма-каталіцкай капліцы) знайшла часовы прытулак памерлая ў Берасці Людвіка Канстанцыя Прозар, праз год перазахаваная мужам Каралем у Хойніках[23]. Згодна з інвентаром 1844 года Хойніцкага маёнтка Уладзіслава Прозара, Вялікі Бор належаў да фальварка Гудаў[24]. У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што ў 1850 годзе тут было 69 двароў, 441 жыхар. Паводле «Списков населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», 144 асобы мужчынскага і 146 жаночага полу з ліку жыхароў Вялікага Бору належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[25]

Ад пачатку рэформеннага перыяду сяло — у складзе Хойніцкай воласці. У сувязі з антырасійскім паўстаннем рыма-каталіцкая філія была скасаваная, а жыхары Вялікага Бору, Ізбіна, Дубровіцы ды іншых ваколіцаў павернутыя да праваслаўя[26][H]. У 1866 годзе дзеля выхавання тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасці расійскай манархіі, у Вялікім Боры адкрыта народнае вучылішча[27]. У жніўні 1868 года ў мясцовую царкву ад імператара Аляксандра ІІ была перададзена ікона Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы[28]. На пачатак 1870 года ў сяле налічвалася 213 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да Вялікаборскага сельскага таварыства[29]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Раства-Багародзіцкай царквы, драўляны будынак якой узведзены ў 1871 годзе, названыя настаяцель а. Іосіф Гарбацэвіч, в. а. штатнага псаломшчыка Іван Скараходаў. Да прыходу, акрамя сяла Вялікі Бор, належалі вёскі Ізбін (Ізбынь), Рудзенька і Дубровіца.[30]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 491-го мужчынскага і 493-х жаночага полу верных[31]. У 1886 годзе ў сяле 58 двароў, 527 жыхароў, конны млын[32].

На 1909 год у сяле Вялікі Бор Хойніцкай воласці налічвалася 184 двары, 989 жыхароў[33].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі Бор на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікі Бор, аднак, у складзе Хойніцкай воласці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[34].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Вялікаборскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 61 і 120 вучняў[35].

Пасля другога ўзбуйнення БССР, з 8 снежня 1926 года Вялікі Бор — цэнтр сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі. У 1930 годзе тут створаны калгас «Чырвоны Бор», працавалі цагельня, кузня, стальмашня, вятрак. З 20 лютага 1938 года Вялікі Бор у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні вайны ў Вялікім Боры налічвалася 420 двароў, 1800 жыхароў[36]. У Вялікую Айчынную вайну, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у чэрвені 1943 года акупанты знішчылі 265 жыхароў, спалілі 262 двары. На франтах загінулі 118 вяскоўцаў.

З 8 студзеня 1954 года Вялікі Бор — у складзе Гомельскай вобласці. Цэнтр саўгаса «Велікаборскі». 15 жніўня 1974 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Партызанская[37]. 25 лістапада 2008 года цэнтр сельсавета вернуты ў Вялікі Бор[38].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1930 год — 211 двароў, 1200 жыхароў
  • 1959 год — 988 жыхароў (паводле перапісу)
  • 1970 год — 1120 жыхароў
  • 1996 год — 418 гаспадарак, 1239 жыхароў
  • 2004 год — 1052 жыхары
  • 2010 год — 775 жыхароў
  • 2021 год — 274 гаспадаркі, 658 жыхароў[39].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Складанне дакумента было завершана ў сяле князёў Жыжэмскіх Маканавічы ўжо Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага.
  2. Яшчэ названыя 13 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  3. 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  4. У хойніцкай кнізе «Памяць» аўтары налічылі ажно «27 сем'яў», памылкова запісаўшы шасці вялікаборцам, якія дадаткова плацілі чынш з іншага надзела або агарода, па дзве гаспадаркі замест адной[10]. Тое паўторана і ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  5. Нічога не сказана пра паншчыну, гвалты і дзякла (акрамя мёду); у інвентары 1698 г. такія звесткі ёсць.
  6. Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павета і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расіі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладанні.
  7. Крыж усталяваны быў
    «на раздарожжы, дзе ад рэчыцкаго шляху паваротка чэраз Будзішча ідзе ў Гудоў... Хрэст сабе стаяў, усе, хто толькі ехаў або ішоў, то, як вядзецца паміж хрышчанымі людзьмі, скідаў шапку і хрысьціўся. Людзі прывыклі і радаваліся, бо, бач, недалека завод, а там жа смаляная нячыстая сіла арудуе, дак цяпер, баяўшыся сьвятога храста, менш робіць капасьці.
  8. Аж ось настала воля, а далей мяцеж, дак трохі паждаўшы, наехало ўсялякаго начальства і папоў, да ўзялі дай увесь народ у Дубровіцы, у Ізбіне і ў Вялікім Бару перавярнулі на рускую веру, касьцёл перахрысьцілі на цэркву, а пасьля прычапіліся і да храста[G]. Ета — кажуць — варожы хрэст, панскі, ён несправядлівы хрэст, дак трэба яго зрубаць. — Хто ахвотнік зрубаць хрэст?! — крыкнуў станавы прыстаў, а ўсе маўчаць. Ён другі і трэйці раз гаркнуў так сама, а ўсе, бы начэ вады поўныя раты панабіралі. Тагды прыказаў старшыне прымусіць таго, на каго мае надзею, штоб рубаў, а старшына да мяне кажа: — Ты ж сьмялей за ўсіх, дак бяры сякеру і рубай! — Мяне — ку — трэйчы хрысьцілі: раз хрысьціў ксёндз, другі раз выскуб мінджаваў, а цяпер (грэх чы два) перахрысьціў поп, дак я безбожнікам не буду. — І ніхто не будзе! — крыкнулі ўсе ў адзін голас._І мы ўсе ашукаліся, бо ось выступіў дубровіцкі Каленік Лабада да ідзе к храсту. Тут мы ўсе так і абамлелі са страху, бо прачулі, што от зараз зробіцца нешто нядобрае — і зрабілася._Небавам хрэст упаў, а Каленік стаіць, раскарачыўшыся, і не варушыцца, да толькі мармыча, як немец. Яго паставіла колам. Бязбожніка забралі на сані, дай завезьлі ў Хвайнікі да лазарэту. Там ён памармытаў зо дзьве нядзелі, з рукамі і нагамі стылымі, як кольле, дай чорту аддаў свой паганы дух._(Апавядаў Кастуль з Вялікага Бору.)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 46 — 47
  3. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  4. ŹD. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  5. ŹD. T. XXI. S. 637
  6. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 56
  7. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  8. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  9. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488—489, 507
  10. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. (далей: Памяць) С. 27
  11. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 127адв., 131адв.-132, 139адв., 141адв.-142
  12. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 34 — 35
  13. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  14. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  15. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  16. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 35
  17. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  18. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  19. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 113—122адв.
  20. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  21. Минские епархиальные ведомости (далей: МЕВ). — Минск, 1870. № 5. С. 120—121
  22. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
  23. Гл.: Клок Л. Д. Таямніца хойніцкага пергаменту. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, 1976. № 1. С. 21 — 22
  24. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475
  25. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
  26. Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 434 — 435
  27. Памяць. — С. 32
  28. МЕВ. — Минск, 1870. № 5. С. 116
  29. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  30. МЕВ. — Минск, 1876. № 10. С. 459
  31. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 44—46
  32. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  33. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 16
  34. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  35. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  36. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
  37. Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
  38. Решение Хойникского районного Совета депутатов от 25 ноября 2008 г. № 90 О переносе административно-территориального центра Великоборского сельсовета
  39. Информация о населении на 25.01.2021 г. Архівавана 19 кастрычніка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]