Любань (Лунінецкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Любань
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 918 чал. (1999)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1647
Паштовыя індэксы
225663
Аўтамабільны код
1
Любань на карце Беларусі ±
Любань (Лунінецкі раён) (Беларусь)
Любань (Лунінецкі раён)
Любань (Лунінецкі раён) (Брэсцкая вобласць)
Любань (Лунінецкі раён)

Лю́бань[1] (трансліт.: Liubań, руск.: Любань) — аграгарадок у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лахвенскага сельсавета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У друкаваных крыніцах першае ўпамінанне пра Любань датуецца 1588 годам. Вядома, што тады вёска належала маёнтку Лахва, тут мелася 29 валок зямлі. Аднак яшчэ ў 1523 годзе вёска не існавала. Бо вядома, што калі ў 1523 годзе троцкі кашталян і слонімскі дзяржаўца Ян Радзівіл запатрабаваў ад швагра, уладальніка Лахвы, Пятра Станіслававіча Кішкі выдзелу сястры Ганне (жонцы Радзівіла) адпаведнай часткі атчызных, мацярызных земляў, і пагаджэнне было дасягнутае, то пры складзе інвентарызацыі ў спісах вёсак і двароў Любань яшчэ не ўпамінаецца. У далейшых інвентарах лічыцца: у 1672 годзе Любань — сяло маёнтка Лахва, 22 двары і 28,5 валокі (з іх 13 пустых); у 1785 годзе Любань — сяло маёнтка Лахва, 46 двароў.

У 1912 годзе ў Любані быў 61 двор. У 1914 годзе на свае сродкі любанцы адкрылі пачатковую школу. На пасады настаўнікаў былі запрошаны вясковыя больш адукаваныя па тым часе хлопцы Іван Караніха, а з 1915 года — Андрэй Шэўчык. Заняткі вяліся ў хатах вяскоўцаў, на рускай мове.

З 1922 года зноў адкрылася школа, і на канец 1930-х гадоў вучобай была задзеяна асноўная колькасць вясковых дзяцей.

У 1928 годзе польскія ўлады пачалі масавае перасяленне насельніцтва з вёсак на хутары. Шмат хто з вёскі працаваў на нарыхтоўцы і пасадцы лесу, на будаўніцтве грэблі Лахва — Давыд-Гарадок, на копцы канаў і насыпцы дамб у рыбгасе «Лахва». У Любані была пабудавана цагельня, якой кіраваў Янкель Клаз (8 рабочых). У 1934 годзе арганізавана рыбалавецкая арцель. Абслугоўванне паромнай пераправы праз раку Прыпяць (Лахаўскі перавоз) вялося таксама брыгадай любанцаў.

У 1946 годзе пражывала 980 жыхароў (224 гаспадаркі). У 1948—1949 гадах у Любані былі створаны 2 калгасы: імя Панамарэнкі і імя Някрасава. У 1950 годзе гэтыя калгасы і калгасы вёскі Лахаўка былі аб’яднаныя ў адну гаспадарку «Сцяг камунізму». У верасні 1959 года «Сцяг камунізму» аб’яднаўся з перуноўскім калгасам імя Дзяржынскага ў адну буйную гаспадарку, якая ў 1964 годзе атрымала назву «Новае Палессе». Дзякуючы Уладзіміру Сцепчанку, які ў 1959 годзе ўзначаліў гэтую гаспадарку, калгас за кароткі тэрмін змог з адстаючых выйсці на перадавыя рубяжы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У часы яго кіравання (да 1974 года) «Новае Палессе» — адзін з найбуйнейшых калгасаў (меў 5151 га зямлі, у тым ліку 1864 — ворыва) стаў эканамічна моцнай гаспадаркай. Тут была развіта не толькі мяса-малочная і зерневая галіна, але і свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства, вырошчваліся бульба і буракі. Так, у 1967 годзе ў калгасе мелася 55 трактароў, 18 камбайнаў, больш за 30 аўтамашын і многа іншай сельгастэхнікі.

У 1940—1960 гадах цэнтр Любанскага сельсавета.

У 1960—1970 гадах пабудаваны Дом культуры і сярэдняя школа, КБА з гасцініцай і гандлёвы цэнтр, 2 дзіцячыя садкі і лазнева-пральны камбінат, паштовае аддзяленне і ФАП, праўленне калгаса і ашчадная каса, закладзены вялікі парк і ўзведзены стадыён. Працавалі шматлікія спартыўныя секцыі. А футбольная каманда «Новае Палессе» не аднойчы заваёўвала кубкі раёна, вобласці і нават рэспублікі.

У 1960—1980 гадах працавала музычная школа, пры СДК меўся вялікі калектыў мастацкай самадзейнасці; вельмі часта на сцэне ДК выступалі вядомыя хоры, ансамблі і найлепшыя артысты Беларусі. У вёсцы неаднаразова бываў Пётр Машэраў, прыяжджалі Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Анатоль Вярцінскі і іншыя, а таксама артысты Купалаўскага тэатра. А Андрэй Макаёнак па сямейных абставінах некаторы час жыў тут. У той час ім напісана п’еса «Таблетка пад язык», прататыпам галоўнага героя якой з’яўляецца У. А. Сцепчанка[2].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Любань. Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г., Сцяпан Нефідовіч, Лунінецкі сшытак № 2

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]