Малеч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аграгарадок Малеч)
Аграгарадок
Малеч
Герб
Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 2 154 чал. (1999)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1643
Паштовы індэкс
225245
Аўтамабільны код
1
Малеч на карце Беларусі ±
Малеч (Беларусь)
Малеч
Малеч (Брэсцкая вобласць)
Малеч

Ма́леч[1] (трансліт.: Malieč, руск.: Малеч) — аграгарадок у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Малецкага сельсавета. Размешчана за 20 км на захад ад Бярозы, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пісьмовыя звесткі знойдзены ў «Апісанні войска Літоўскага Кобрынскага павета» 1528 года калі ўзгадваецца «Фёдар з Мальча»[2]. У 1563 годзе Малеч узгадваўся ў сувязі з будаўніцтвам у сяле царквы[3]. Тады знаходзілася ў Пружанскім павеце Кобрынскай эканоміі, было цэнтрам абшары двара Блудзенскага і войтаўства Малецкага. Згодна з актам рэвізіі, вакол вёскі на той час ляжалі 39 валок сярэдняй па якасці зямлі. У канцы XVI ст. вядома ў Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства[2].

6 чэрвеня 1645 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Малечы гарадскія правы, але ўладальніца Блудаўскага (Блудзенскага) староства Ізабэла Хадкевіч у 1668 годзе свавольна скасавала іх. Дэлегатаў горада, якія былі накіраваны ад імя ўсіх мяшчан да караля са скаргай на яе і прашэннем узнавіць правы на самакіраванне, яна загадала схапіць і аддаць у рукі катаў. Спецыяльны загад караля вярнуў ім волю. На гербе Малеча была Святога Пятра з ключамі ў руцэ[4]. Вакол галавы — німб, сімвал святасці. У правай верхняй частцы герба — выява чорнага пеўня, у левай — зялёная галінка расліны. Пазбаўлены гарадскіх прывілеяў у XVIII ст.[2]

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў Расійскай імперыі, мястэчка. У Расіі было ўведзена палажэнне, згодна з якім сяляне павінны былі адбываць натуральныя павіннасці. Жыхары мястэчка адмовіліся іх выконваць, падымалі сялянскія бунты ў 1806, 1807, 1813, 1819, 1820, 1823 гг. Былі выпадкі, калі местачкоўцы «сабраліся ўсёй грамадою, мужчынскага і жаночага полу, разламалі дзверы ў доме, дзе ўтрымоўваліся арыштаваныя 8 чалавек, адбілі іх у паліцыянтаў»[5]. У XIX ст. маёнтак належаў роду Шведаў, потым перайшоў да роду Завадскіх. У 1824 годзе ў мястэчку дзейнічалі рымска-каталіцкая царква, капліца, З масты, рынак, 5 піцейных дамоў. У 1833 годзе пазначана як мястэчка Мальча, у якім 5 мураваных цэркваў і 1 драўляная, 152 драўляныя дамы, 5 духоўных навучальных і 5 свецкіх духоўных устаноў, 5 фабрык і заводаў 3 піцейныя дамы. У 1856 годзе ў мястэчку і в. Лукомер памешчыку Іосіфу Здзітоўскаму належала 387 рэвізскіх душ[2].

У 1864 годзе мястэчка Малеч (Мальча)  — цэнтр Малецкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У 1886 годзе дзейнічалі школа, 2 царквы, яўрэйскія малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, банк, 2 конныя млыны, 5 піцейных дамоў, штогод адбываліся 12 кірмашоў. У вёсцы працавалі вінакурны і вапнавы заводы[2].

У 1890 годзе ў воласці налічваліся 32 паселішчы, 335 сялянскіх двароў, 4535 душ, 183 несялянскія дамы. Сельскаму таварыству належалі 889 дзес. зямлі, царкве — 63 дзес., памешчыку Іосіфу Завадскаму ў маёнтку Малеч разам з фальваркамі — 740 дзес., памешчыку Садоўскаму ва ўрочышчы Малеч — 62 дзес. зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку дзейнічалі прыходская царква, царква на могілках, капліца, народнае вучылішча, валасное праўленне, яўрэйскі малітоўны дом і багадзельня, а таксама З ветраныя млыны, кузня, 30 крам (з іх З «краснага» тавару, 2 жалезных тавараў, астатнія малочнага гандлю), 4 піцейныя дамы. Праводзіліся 8 кірмашоў у год. Побач з мястэчкам знаходзілася сядзіба ва ўладанні Іосіфа Заваленага (5 двароў, 70 жыхароў), у якой працаваў вінакурны завод. Каля мястэчка паштовая сядзіба. Мястэчка межавала з сялом той жа назвы. У канцы XIX ст. ў маёнтку быў пабудаваны палац і закладзены вялікі парк[2].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У 1905 годзе — мястэчка і маёнтак. 29 ліпеня 1905 года адбылася дэманстрацыя ў сувязі з паўгоддзем «кровавого воскресення». На працягу 1905 годзе адбываліся сялянскія хваляванні з эканамічнымі патрабаваннямі, і гаспадар маёнтка Завадскі вымушаны быў хавацца ў горадзе. У 1908 годзе жыхар мястэчка Х. Жук напісаў ліст Л. Талстому, у якім выкладаў яму свае погляды на жыццё, прасіў у пісьменніка дапамогі ў вызначэнні маральных арыенціраў. Л. Талстой назваў яго ліст «превосходным письмом»[2].

З 1915 года акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені—жніўні 1920 года ўстаноўлена савецкая ўлада[2].

Царква, 1939

З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Малецкай гміны Пружанскага павета Палескага ваяводства. У 1924 годзе Малеч — мястэчка, вёска, фальварак. У 1928 годзе пабудавана Сямёнаўская царква (захавалася). У 1920-я г. былі створаны ячэйка КПЗБ і камсамольская арганізацыя. У 1930-я г. працавала народная школа. Арганізавана баявая група, якая раззбройвала паліцэйскіх і асаднікаў[2].

З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Малецкага с/с Пружанскага раёна[2]. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У 19411944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Акупанты загубілі ў вёсцы 22 жыхары, на фронце загінуў 31 воін-зямляк. На ўшанаванне памяці землякоў у 1975 годзе быў пастаўлены абеліск[2].

Пасля вайны 19 студзеня 1949 года арганізаваны калгас імя К. Маркса. З 14 красавіка 1960 года вёска і сельсавет у Бярозаўскім раёне. З 1960 года вёска ў саўгасе «Бярозаўскі», з лютага 1961 года цэнтр саўгаса «Малеч» (у студзені 1979 — кастрычніка 1990 саўгас імя 60-годдзя Кампартыі Беларусі)[2].

У 19691970 гг. інстытут «Белдзіпрасельбуд» распрацаваў праект планіроўкі і забудовы саўгаса (архітэктар Н. М. Нядзелька, інжынер В. М. Хандогін). Былі ўзведзены Дом культуры з залай на 600 месцаў, гандлёвы цэнтр са сталовай, магазінамі, камбінатам бытавога абслугоўвання, гасцініцай, бальніца, школа. У 1980-я г. цэнтр, сядзіба саўгаса была прыкладам сучаснай планіроўкі і забудовы сельскіх пасёлкаў. У 1972 годзе дзейнічалі сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца (на 85 ложкаў), паліклініка, аддзяленне сувязі, магазіны. У 1997 годзе на тэрыторыі сельсавета дзейнічалі аграфірма-калгас «Малеч»; з 1990 калгас «Прагрэс»[2].

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У Малечы працуюць сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Пры сярэдняй школе працуе грамадскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшую працягласць забудова вёскі мае ў напрамку з поўначы на паўднёвы захад.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XIX стагоддзе:
    • 1824 — 554 жыхары (мяшчан і сялян), 147 яўрэяў, дамоў сялянскіх — 80, яўрэйскіх — 12.
    • 1830 — 382 муж., з іх духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 120, мяшчан-хрысціян і сялян 261[6]
    • 1833 — 827 жыхароў, з іх 5 купцоў.
    • 1864 — 172 жыхары.
    • 1878 — 1189 жыхароў, у тым ліку 660 іўдзеяў[7].
    • 1886 — 71 двор, 1428 жыхароў.
    • 1897 — 138 мяшчанскіх і 149 сялянскіх дамоў, 1059 мяшчан і 1023 сялян, на паштовай сядзібе  — З двары, 20 жыхароў.
  • XX стагоддзе:
    • 1905 — 3808 жыхароў, у маёнтку — 50 жыхароў.
    • 1924  — 56 будынкаў, 430 жыхароў[8], у вёсцы — 76 будынкаў, 463 жыхары, у фальварку — З будынкі, 45 жыхароў.
    • 1970 — 1254 жыхары.
    • 1972 — 1656 жыхароў, 444 двары.
    • 1997 — 2445 жыхароў, 805 двароў.
  • XXI стагоддзе:
    • 2005 — 2016 жыхароў, 800 гаспадарак.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Капліца

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
  3. ЭнцВКЛ 2005.
  4. Малеч // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  5. Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX - першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1360. — Арк. 324 адв.
  6. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  7. Malecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 8.
  8. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VIII: Województwo Poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]