Нарач (Вілейскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Нарач
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
156 м
Насельніцтва
  • 802 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1771
Паштовыя індэксы
222418
Аўтамабільны код
5
Нарач на карце Беларусі ±
Нарач (Вілейскі раён) (Беларусь)
Нарач (Вілейскі раён)
Нарач (Вілейскі раён) (Мінская вобласць)
Нарач (Вілейскі раён)

На́рач[1] (трансліт.: Narač, руск.: Нарочь) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Нарачанскага сельсавета.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Аграгарадок знаходзіцца каля левага берага ракі Нарач, за 17 км у напрамку на паўночны захад ад Вілейкі, каля шашы Р63 Вілейка — Смаргонь. Месціцца за 123 км ад Мінска.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пісьмовых крыніцах вядома з XVI стагоддзя. У 1566 годзе мястэчка ў Ашмянскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, у 1692 годзе мястэчка ў Маркаўскім старостве, уласнасць І. Служкі; у 1766 годзе ўласнасць Тышкевічаў, 26 дымоў, карчма, млын.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. У канцы XVIII стагоддзя ў Вілейскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе мястэчка і двор, уласнасць генерал-маёра Берхмана. У 1802 годзе пабудавана Ільінская царква. у 1860 годзе сяло ў Вілейскім павеце Віленскай губерні, уласнасць І. Любанскага. У 1886 годзе сяло ў Іжскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні, дзве праваслаўныя царквы, народнае вучылішча, з 1885 года царкоўна-прыходская школа. У канцы XIX стагоддзя было 65 двароў, 366 жыхароў; магазін, 2 кузні, карчма, заезны двор; побач знаходзілася сядзіба (З двары, 30 жыхароў) і вадзяны млын (4 жыхары). У пачатку XX стагоддзя 479 жыхароў, 451 дзесяцін зямлі; сядзіба Любанскай — 30 жыхароў, 40 дзесяцін зямлі.

У Першую сусветную вайну ў верасні 1915 і сакавіку 1916 гадоў на навакольнай тэрыторыі 2-я руская армія вяла ўпартыя крывапралітныя баі з германскімі войскамі, у якіх панесла вялікія страты, паселішчам было нанесена спусташэнне. У лютым 1918 года мясцовасць занята германскімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў занята польскімі войскамі.

З 1921 года вёска ў складзе Польскай Рэспублікі, належала да Віленскага ваяводства, Вілейскага павета, гміны Іжа, пазней (1932) у складзе гміны Войстам[2].

З лістапада 1939 года ў БССР, з 15 студзеня 1940 года ў Куранецкім раёне Вілейскай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 года ў Бараўцаўскім сельсавеце; меліся лесапільны завод, млын. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі. У вёсцы дзейнічала падпольная арганізацыя. У лютым 1943 года нацысты знішчылі 12 жыхароў, у чэрвені 1944 года вёска часткова спалена; 17 жыхароў не вярнуліся з фронту. На ўшанаванне памяці 118 жыхароў в. Бараўцы, Жарсцвянка, Заброддзе, Кардон, Мардасы, Навасады, Нарач, Папоўны, Урэчча, у т.л. Героя Савецкага Саюза К. М. Зубовіча, якія загінулі ў баях, у 1972 годзе пастаўлены помнік.

З 20 верасня 1944 года ў Куранецкім, з 5 ліпеня 1946 года ў Вілейскім раёнах Маладзечанскай вобласці. 3 лістапада 1948 года створаны калгас імя Жданава, які аб’яднаў 62 гаспадаркі. З 20 студзеня 1960 года ў Мінскай вобласці. З 11 верасня 1975 года цэнтр сельсавета і калгаса імя XXI з’езда КПСС, былі 8-гадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, ФАП, магазін. У 1988 годзе калгас аб’яднаў 35 вёсак, меў 9930 га сельскагаспадарчых угоддзяў; працавалі гандлёвы цэнтр, Дом культуры, дзейнічалі сярэдняя школа, дзіцячы яслі-сад, ФАП, ветучастак, комплексны прыёмны пункт, бібліятэка, З магазіны, сталовая. З 1975 года пры Доме культуры працуе дзіцячы тэатр «Ялінка» (з 1978 — узорны).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1800 год — 200 жыхароў, 29 двароў.
  • 1866 год — 331 жыхар, 26 двароў[3].
  • 1886 год — 302 жыхары, 28 двароў.
  • 1921 год — 429 жыхароў, 56 двароў[4].
  • 1931 год — 505 жыхароў, 88 двароў[5].
  • 1960 год — 343 жыхары.
  • 1988 год — 673 жыхары, 226 двароў.
  • 2008 год — 790 жыхароў, 274 гаспадаркі.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 годзе дзейнічалі сярэдняя школа, дзіцячая музычная школа мастацтваў, бібліятэка, амбулаторыя, Дом культуры, гандлёвы цэнтр, аддзяленне сувязі, аддзяленне ААТ «Беларусбанк», лясніцтва, комплексны прыёмны пункт, пажарна-аварыйна-выратавальны пост. Сядзіба СВК «Нарачанскія зоры».

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Свята-Ільінская царква

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Наро́ча, за Наро́ччу, за Наро́чай
  2. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 58.
  3. http://dir.icm.edu.pl/pl/Slownik_geograficzny/Tom_VI/914
  4. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923, s 84.
  5. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 62

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]